СУББОТНИК ДЛЯ НАВЕДЕНИЯ ПОРЯДКА

Актуальное

  Мінулую суботу варта было б назваць працоўным выхадным: практычна ўсе прадпрыемствы і арганізацыі выйшлі на вуліцы райцэнтра, каб прыкласці намаганні да навядзення парадку на зямлі, зрабіць горад больш прыгожым. Так, дзякуючы рэканструкцыі і рамонту многіх збудаванняў, ён ужо набывае рысы перадсвяточнасці. Але завершанай карціна стане толькі тады, калі ўздоўж новенькіх тратуараў зазелянеюць газоны, рознакаляровымі вясёлкамі ўспыхнуць кветкі, калі ўтульным і чыстым стане кожны куточак нашых вуліц, тэрыторый устаноў і арганізацый.
SYBНе перабольшваючы, трэба адзначыць, што ўдзельнікі суботніка працавалі на ім з усведамленнем таго, што робяць агульную добрую справу. Пераддажыначнае хваляванне перадаецца гараджанам, якія хочуць сустрэць шматлікіх гасцей годна, па-гаспадарску. Раўнуючы навезены на газоны чарназём, уладкоўваючы клумбы, загружаючы ў трактарныя прычэпы смецце, ніхто не адлыньваў. Трэба — значыць трэба, менавіта такая думка была асноўнай.
Уласным прыкладам натхняюць насельніцтва на грамадска карысную працу служачыя райвыканкама і яго аддзелаў: ужо другі тыдзень пасля выканання сваіх асноўных функцый яны працуюць на азеляненні горада. Іх намаганні даюць плён: з-пад клапатлівых рук выйшлі некалькі прыгожых клумбаў, імі ж аформлены кампазіцыі з хваёўнікаў.
— Для азелянення горада закуплена і прывезена многа пасадачнага матэрыялу, — зазначае начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Т.А. Пушкова. — Таму пераканаўча просім не выкарчоўваць толькі што пасаджаныя ядлоўцы, туі, дэкаратыўныя елкі — шкада іх, шкада чалавечай працы. Калі ж яны вам так патрэбныя для ўпрыгожвання сваіх участкаў, — звярніцеся да азеляняльнікаў, выдзелім.
Хочацца заклікаць усіх гараджан: не чакайце, пакуль брыгады добраўпарадкавацеляў дабяруцца да вашага двара — на ўсё іхніх рук не хопіць. Праявіце ініцыятыву, высечыце пад сваімі ж вокнамі хмызнякі, выкасіце пустазельную траву, збярыце смецце і ламачча! Не заставайцеся безуважнымі, калі бачыце хуліганскія ўчынкі (да прыкладу, на вул. Вакзальнай хтосьці зламаў некалькі пралётаў толькі што ўсталяванай агароджы) — паведамляйце аб такіх фактах у РАУС. Надыйшоў час стаць гаспадарамі ў сваім горадзе.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: уладкаванне клумбы ўздоўж гарадскога сквера.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *