ВРЕМЯ ПРИНИМАТЬ ШКОЛЬНИКОВ

Актуальное Образование

 1 верасня 2056 вучняў Гарадоччыны сядуць за парты. Усе сельскія школьныя і дашкольныя ўстановы адукацыі раёна і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа атрымалі пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года. Яны поўнасцю падрыхтаваныя для таго, каб прымаць дзяцей, што прыйдуць сюды за ведамі, развіццём, выхаваннем. Капітальны рамонт у сярэдніх школах №№ 1 і 2, трох дзіцячых садках г. Гарадка працягваецца, але падыходзіць да завяршэння. У пярэдадні «Дажынак-2014» на капітальны рамонт гэтых устаноў было выдаткавана 39 млрд рублёў.

KABЯк пракаментаваў стан ходу рамонтных работ намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксей Міхайлавіч Гамзюк, на бягучы момант асноўныя аб’ёмы намечанага выкананы. Так, на абедзвюх гарадскіх школах усе старыя вокны заменены на сучасныя шклопакеты, уладкаваны мяккія дахі, выканана ўцяпленне і вонкавая пафарбоўка сцен будынкаў. Зараз асноўны акцэнт робіцца на добраўпарадкаванні тэрыторый. Зусім хутка абноўленыя ўстановы адукацыі паўстануць перад гараджанамі і гасцямі райцэнтра ў выгодным святле.
Значнае набыццё, а менавіта — інтэрактыўная дошка, мультымедыапраектар, чатыры камп’ютары, што складаюць апаратна-праграмны комплекс коштам у 41,4 млн рублёў, зроблена для Віраўлянскай базавай школы. На 57,3 млн рублёў закуплена тэхналагічнае абсталяванне для кухань школьных сталовых.
Сельскія школы з бягучымі рамонтамі справіліся ўласнымі сіламі. Даходы ад іх пазабюджэтнай дзейнасці сёлета склалі 69 млн рублёў. Напрыклад, крыніцай фінансавання рамонту Кабішчанскага дзіцячага садка-базавай школы стаў уласны спецыяльны рахунак. Ён папаўняецца за кошт рэалізацыі вырашчанай у цяпліцы расады памідораў, перцаў, капусты і кветак. Яе ахвотна набываюць мясцовыя жыхары і дачнікі. Выручка склала 2 млн 135 тыс. рублёў. 33 кг фарбы выдзеліў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
— Летась мы зрабілі бягучы рамонт у спартыўнай і актавай залах, — праводзячы па памяшканнях, расказвае дырэктар В.А. Банькова. — Цяпер засяродзілі ўвагу на рамонце класаў, дарэчы, адзін з іх падрыхтавалі да новага навучальнага года бацькі васьмікласнікаў. Як бачыце, асвяжылі калідоры, сталовую. Папрыгажэў наш садок, дзіцячая пляцоўка ў двары. Пасля агляду камісіі, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, РАНС, РЦГіЭ, атрымалі пашпарт гатоўнасці ўстановы да новага навучальнага года. Засталося ўнесці эстэтычныя штрыхі — павесіць занавескі, расставіць пакаёвыя кветкі, развесіць адноўленыя стэнды.
Зазначыла Валянціна Арсенцьеўна, што рамонт выконвалі тэхнічныя работнікі і настаўнікі. Вучні ж 5-8 класаў, праходзячы 15-гадзінную практыку, вырошчвалі на прышкольным участку гародніну. Ёю сталовая будзе забяспечана на ўвесь навучальны год, што паспрыяе ўтанненню харчавання 26 школьнікаў і шасці выхаванцаў садка.
На ўрачыстую лінейку яны прыйдуць, як у квітнеючы сад: уся тэрыторыя школы патанае ў восеньскіх кветках. Дарэчы, за парадкам у прылягаючым сасновым барку, дзе знаходзіцца воінскае пахаванне, таксама сочаць рабяты і іх настаўнікі. Чакаецца, што падарункам ад прадпрыемтва-шэфа, УП «Паўночны», сёлета стане ноутбук.
Першы ўрок ва ўсіх школах Беларусі пройдзе па тэме «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны».
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: кабішчанскія школьнікі Ангеліна і Максім Прышчэпавы гатовы ўзброіцца новымі ведамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *