Бачыць храм здаля

Актуальное

  Новы купал устаноўлены на храме Святой Жываначальнай Троіцы, што ў Гарадку, 16 верасня. Яго вяршыню, як і належыць у праваслаўі, вянчае крыж. Адна галава будынка царквы сімвалізуе Адзінага Бога, а залаты колер азначае нябесную славу. У хуткім часе дах храма будзе накрыты зялёным жалезам. Траецкія храмы заўжды мелі ў сваёй афарбоўцы гэты колер, таму што зялёны — колер Святога Духа.hram-1
Рэканструкцыя галоўнага храма горада доўжыцца з мінулага года і, па словах яго настаяцеля іерэя Уладзіміра Дагодзькі, павінна быць завершана сёлета. Ужо выкананы ўнутраныя мулярныя работы, усталяваны вокны, адноўлены іканастас, вядзецца вонкавы рамонт будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Плануецца аформіць дарожкі для хроснага ходу, разбіць клумбы — для зручнасці і прыгажосці.hram
Каб усталяваць новы купал, ад канька былі ўладкаваны так званы чацвярык і светлавы барабан. На яго пры дапамозе будаўнічага крана і быў узняты купал. Ён выкананы па спецыяльнаму заказу ў цяслярнай майстэрні Свята-Елісавецінскага манастыра пад Мінскам. Яго вышыня складае 3 м, такі ж радыус, агульная вага — каля 1,3 т. Матэрыялам для яго выканання паслужыў нітрый тытан (нержавейка пад залацістым пластам), з гэтага ж сплаву выкананы трохмятровы крыж, у якім адбіваюцца прамені сонца — прыгожа, велічна!
— Усё робіцца па волі Божай і з дапамогай Госпада, — асвяціўшы купал і крыж, зазначае благачынны Гарадоцкага раёна айцец Уладзімір. — Культавыя збудаванні заўсёды былі аб’ектамі, якія стваралі асаблівую атмасферу ў мястэчках, вабілі вернікаў. Дзякуй нашым прыхаджанам, благачынням Віцебскай епархіі, арганізацыям і прадпрыемствам горада, асабіста старшыні райвыканкама В.М. Муранкову за дзейсную падтрымку ў справе будаўніцтва і адраджэння храмаў Гарадоччыны.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: устанаўліваюць новы купал і  крыж.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *