Министр МЧС посетил родную школу

Актуальное Образование

Урачыстую лінейку, прысвечаную 1 верасня, што прайшла ў Бычыхінскай сярэдняй школе, наведаў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь У.А. Вашчанка. Уладзімір Аляксандравіч, выпускнік гэтай школы, — нярэдкі госць тут. Як і ў папярэднія разы, ён прывёз падарункі: каляровы прынтар, ранцы са школьнымі прыналежнасцямі ад МНС для семярых першакласнікаў. Але найшчырэй дзеці і бацькі віталі апладысментамі Заслужаную артыстку рэспублікі Ірыну Дарафееву, якая пасля завяршэння афіцыйнай часткі праспявала ў актавай зале свае лепшыя песні.

MINISTR

Аднак да гэтага былі не менш прыемныя моманты. Да вучняў і іх бацькоў, гасцей, у ліку якіх былі намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама Р.А. Люлюк, начальнік абласнога ўпраўлення МНС В.І. Чэкан, старшыня Бычыхінскага сельвыканкама Н.Г. Ахадаў і інш., звярнулася дырэктар школы Вера Мікалаеўна Шэнец:
— Я радая вітаць пасля спякотнага лета і доўгіх канікулаў нашых падрослых, адпачнуўшых дзяцей і ўсіх, хто, адклаўшы свае важныя справы, наведаўся да нас на свята. Безумоўна, такія візіты падымаюць статус нашай школы, падтрымліваюць яе ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Мы, настаўнікі, радыя штодня аддаваць гарачыню сваіх сэрцаў нашым дзецям. А калі ёсць радасць — ёсць і надзея на плённы навучальны год, што пачынаецца сёння.
— Настаў хвалюючы, урачысты, радасны дзень, — адзначыў У.А. Вашчанка. — Як сказаў, віншуючы краіну з Днём ведаў, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, якіх вышынь мы не дасягалі б, іх скарэнне пачынаецца са школы, атрымання сярэдняй адукацыі. Менавіта яна дае пуцёўку ў жыццё, дазваляе атрымліваць прафесійныя веды, дабівацца працоўных поспехаў у далейшым. Вучоба — гэта карпатлівая праца, у якой неабходна аб’яднаць намаганні настаўнікаў, бацькоў, дзяцей для таго, каб выканаць тыя задачы, што яны перад сабою ставяць. Жадаю ўсім моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, добрага дзелавога настрою!
Школьнікі на лінейцы пастроіліся па старшынству, і гэта вельмі ўдала адлюстроўвала іх своеасаблівую эвалюцыю: вось купка з семярых першакласнікаў — яшчэ крыху недысцыплінаваных, цікаўна круцячых галовамі. Іх плечы неўпрыкмет, супакойваючы, пагладжвала першая настаўніца, Галіна Валянцінаўна Арцёмава. А вершаваныя чатырохрадкоўі, у якіх яны абяцалі не спазняцца на ўрокі, не сварыцца, добра вучыцца, выклікалі замілаванне і апладысменты… Вось пяцікласнікі, што ўліваюцца ў згартаваную сям’ю школьнікаў сярэдняга навучальнага звяна — ссумаваліся адзін па адным і нават па занятках… Дзевяцікласнікі, якім хочацца хутчэй стаць дарослымі, таму вядуць яны сябе падкрэслена стрымана, але гарэзлівасць не-не ды і прамільгне… Адзінаццацікласнікі, для якіх школьны званок на Дні ведаў у іхняй школе гучыць у апошні раз. 1 верасня яны — за старэйшых, дораць «першачкам» падарункі і, як калісьці вялі іх, вядуць за рукі малых у іхні клас… І ўсюды — кветкі, пасля ўручэння якіх за букетамі амаль не відаць твараў расчуленых настаўнікаў.
Канцэрт Ірыны Дарафеевай — падзея для Бычыхі. Яна адкрыла яго песняй «С чего начинается Родина», і ў зале адразу ўсталявалася атмасфера шчырасці і аб’яднанасці. Міністр па-бацькоўску прытуліў да сябе першакласніцу Крысціну Журавінкіну (на здымку). Гучалі любімыя «Сердце земли моей», «Рэчанька», «Девушка на берегу», іншыя шлягеры. Гледачы гучна апладыравалі знакамітай артыстцы, яе маладым калегам, самадзейным спевакам-пажарным. А «Беларусь сильная» напрыканцы канцэрта дзеці і дарослыя спявалі разам з Ірынай.
Уладзімір Аляксандравіч узгадаў тое, што гэты навучальны год пройдзе ў школах Беларусі асвечаны святлом 70-годдзя Вялікай Перамогі. Так, мы ганарымся подзвігам нашых дзядоў, гераічным мінулым сваёй рэспублікі-партызанкі. Але варта задумвацца і аб тым, якімі нашымі ўчынкамі будуць ганарыцца нашы нашчадкі. Таму штодня варта жыць так, каб паспець зрабіць усё тое добрае і карыснае, на што здольныя мы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *