Адкрываюць дзецям свет

Актуальное

  Настаўнікі — галоўныя пасля бацькоў людзі для любога чалавека. Менавіта яны адкрываюць дзецям новы свет, у якім так многа цікавага, тлумачаць, дапамагаюць зразумець яго з’явы і заканамернасці, закладваюць маральныя пачаткі, фарміруюць у вучні асобу. Акрамя ведаў па тых прадметах, якія яны выкладаюць, настаўнікі вучаць галоўнай навуцы — навуцы жыцця. Таму ў нашых сэрцах яны пакідаюць след назаўсёды, і сёння, напярэдадні іх прафесійнага свята, мы спяшаемся павіншаваць іх і аддзячыць за шчасце школьных гадоў, бесклапотнага дзяцінства.shcola
На першай паласе, на месцы фатаграфіі настаўніцы пачатковых класаў Пальмінскай сярэдняй школы Н.М. Храмцовай, магла б быць фатаграфія любога іншага настаўніка Гарадоччыны — усе яны заслугоўваюць увагі і павагі. Наталля ж Мікалаеўна — маладая, але вопытная, энергічная, але цярплівая, усмешлівая, але строгая — увасабляе ў сабе лепшыя рысы сучаснага выкладчыка, які адначасова гуру і сябра дзяцей. Яна не лянуецца ўдасканальвацца, напрыклад, летась стала пераможцай абласнога конкурсу «Энергамарафон», штогод папаўняе партфоліа па здароваму ладу жыцця і іншыя метадычныя скарбонкі.
Яе працоўны шлях па заканчэнні Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава пачаўся ў вясковай школе на Аршаншчыне. З 2001 года яна асела ў Пальмінцы, спачатку выкладала беларускую мову і літаратуру, а ўжо дзевяты год працуе ў пачатковых класах. Прызнаецца, што са старэйшымі дзецьмі лягчэй, бо яны маюць уяўленне аб дысцыпліне, самаарганізаванасці, але малыя цікавейшыя: «У іхніх адкрытых вачанятах — і дабрыня, і цікаўнасць, і давер. З маленькіх можна зляпіць, што захочаш». На пытанне ж карэспандэнта, што менавіта яна хоча зляпіць са сваіх вучняў, настаўніца сардэчна адказвае: «Добрых людзей. Здаровых, чулых, працавітых, якія любяць людзей і Радзіму».
У гэтым ёй дапамагаюць бацькі, яны шчыра цікавяцца поспехамі сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, наведваюць сходы, разам ладзяць святы, падтрымліваюць усе цікавыя пачынанні, якія прапануе школа. Магчыма, яшчэ і таму, што многія з бацькоў — самі яе выпускнікі, і ім не чужыя традыцыі іх роднай школы. Напрыклад, зараз у класе Наталлі Мікалаеўны вучыцца Юра Кузняцоў, як калісьці ягоная мама Святлана, Дзяніс Бараўкоў, сын яе былой вучаніцы Анастасіі Кананок, Сняжана — дачка Станіслава Сініцына…
Пакуль мы бяседавалі з настаўніцай, дзеці выконвалі нескладанае заданне: давалі ёй характарыстыку, заносячы свае назіранні аб ёй на лісткі паперы. Аб вучнях наогул Наталля Мікалаеўна гаворыць, што яны змяняюцца ў параўнанні з іхнімі папярэднікамі. Застаюцца працавітымі: паліваюць кветкі, мыюць класную дошку, заўсёды ахайныя і ўмеюць за сабой прыбіраць. На шчасце, не страцілі цікаўнасці да рухомых гульняў на свежым паветры. Але, на жаль, сталі менш чытаць, на перапынках абмяркоўваюць не кнігі, а камп’ютарныя гульні.
На адрас сваёй першай настаўніцы дзеці напісалі многа кампліментаў (захоўваем арфаграфію, даравальную сямігодкам): «Хорошая. Трудалюбивая. Прикрасная. Зоботливая. Добрая злая и ногда напалавину. Доёт умство и сдоровя. Лутшая.» Але найчасцей, амаль у кожным з 15-ці водгукаў: «Умная, красивая, любимая…»
Час ідзе, а настаўнікі, аказваецца, не змяняюцца, пракладваючы шляхі да кожнага маленькага сэрца, раскрываючы і пястуючы лепшыя якасці сваіх выхаванцаў, сумленна выконваючы сваю нялёгкую і тонкую працу — гадаваць з чалавечка чалавека.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *