Мамінага сэрца хопіць на ўсіх

Актуальное

  У сям’і Клаўдзіі Анатольеўны і Аляксея Мікалаевіча Раманавых, якія год таму пераехалі ў Верамееўку з Даўгаполля, выхоўваецца пяцёра дзяцей. У цяперашні час, калі нормай стала мець у шлюбе адно-два дзіцяці, на Раманавых адны дзівяцца, іншыя глядзяць з непаразуменнем: «Навошта столькі? Цяжка ж!» А яны шчаслівыя сваім бацькоўствам і тым, што любові іхніх вялікіх сэрцаў хапае на сваіх самых родных, дзвюх дзяўчынак і трох хлопцаў, што сваёй сумленнай працай яны могуць забяспечыць іхні дабрабыт і выхоўваюць на ўласных прыкладах сапраўдных маці і бацькі.semya
Нездарма ўзорнае мацярынства галоўнай гераіні гэтага артыкула адзначана дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь, ордэнам Маці.
Свой лёс Раманавы-старэйшыя далёка не шукалі: сям’я Клаўдзіі жыла ў Даўгаполлі, Аляксея — у Зарэччы. Яны хадзілі ў адну школу. Цікава, што ейная старэйшая сястра ўзяла шлюб  з ягоным старэйшым братам. Пазней ажаніліся і маладзейшыя. Знакавым здаецца і тое, што іхняя старэйшая дачка, Насця, нарадзілася акурат праз год пасля вяселля — 13 лістапада.
Цяпер яна зусім нявеста: вучыцца на чацвёртым курсе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. Другі па старшынству, Юра, заканчвае Віцебскі дзяржаўны станка­інструментальны каледж; трэці, Стас, — Даўгапольскую сярэднюю школу. Лена і Дзіма — вучні СШ № 2 г. Гарадка. Усе хлопцы, жартуюць сямейнікі, сёлета будуць выпускнікамі — адзін дыпламаваным, другі атэставаным, а малодшы скончыць пачатковую школу.
Клаўдзія Анатольеўна прызнаецца, што цяжкавата было, калі дзеці былі малыя. Яны патрабавалі больш увагі. Муж працаваў механізатарам, жонка завіхалася па хатніх справах і гаспадарцы (трымалі двух кароў), але не заседжвалася ў дэкрэтных водпусках.
— Напрыклад, Леначцы быў адзін гадок, калі я выйшла на работу, — успамінае мнагадзетная мама. — Яе даглядала і выхоўвала Насця. Сапраўдная мая памочніца. Ды і ўсе дзеці не былі пестунамі. Хлопцы дапамагалі бацьку, усё больш ля хлявоў і ў гародах, дзяўчынкі вучыліся быць гаспадынькамі. Дзеці ў нас дружныя! Не скажу, што паміж сабой не задзіраюцца — як ва ўсякай сям’і, але чужым адзін аднаго ў крыўду ніколі не дадуць.
Галоўная традыцыя ў гэтай вялікай сям’і — працалюбства. У трохпакаёвай кватэры, атрыманай як памяшканне сацыяльнага карыстання з дзяржфонду, усё ўнутранае аздабленне выканана ўласнымі рукамі. Тут смачна пахне ежай, нідзе ні парушынкі, на падваконніках — кветкі, пакоі не проста функцыянальныя, але і ўтульныя. У Даўгаполлі Раманавых успамінаюць як сапраўдных гаспадароў. На пошце, дзе зараз працуе Клаўдзія Анатольеўна, адклікаюцца пра яе як пра сумленнага, добразычлівага працаўніка, маўляў, паболей бы такіх людзей. Яна ж бясконца шануе сваю сям’ю, чакае, калі з вахтавай работы ў Расіі вернецца муж, калі сям’я збярэцца разам, яны абмяркуюць надзённыя справы, пагавораць па душах, пажартуюць. Любяць прымаць гасцей і ладзіць святы. «Мама такія смачныя салацікі гатуе!» — шчыра выдае Дзіма.
— Ведаеце, — уключаецца ў размову Насця, — калі мае адна­групнікі даведваюцца, што я з мнагадзетнай сям’і, мне многія зайздросцяць. Яны, асабліва тыя, што адзіныя дзеці, мараць, каб у іх былі брат, сястра, каб сям’я была вялікай, дружнай, каб была падтрымка адзін аднаму.
Калі па праўдзе, не ўсе разумеюць шчасце Раманавых, якое складаецца з пяцёрых дзяцей. Аднойчы Клаўдзіі Анатольеўне давялося пачуць абуранае: «Вы што, Ракфелеры — столькі нараджаць?» На што яна запярэчыла: «А што, нараджаць можна толькі Ракфелерам?» Проста ў яе іншыя каштоўнасці, іншае вымярэнне радасці і спакою, галоўны паказчык якога — здароўе дзяцей.
— На жаль, не кожнай жанчыне даводзіцца, як мне, прачынацца ў свой дзень нараджэння ці ў Дзень маці ад таго, што ў спальню ціхенька адчыняюцца дзверы і чуцен шоргат ножак пяцёрых родных, самых важных людзей ва ўсім Сусвеце: «Віншуем, мамачка! Мы цябе любім!» — расчулена расказвае Клаўдзія Анатольеўна. — Усе мае дзеці розныя, і люблю я іх па-рознаму, але ўсіх аднолькава. Дзякую Небу, што дало мне такога клапатлівага, надзейнага мужа. Для іх я жыву і лічу, што мой лёс — найшчаслівейшы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Дзіма, Клаўдзія Анатольеўна, Лена, у другім радзе — Насця, Стас, Юра Раманавы.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *