Не паўсталі з ваеннага попелу

Актуальное

  Вечар памяці вёсак, спаленых фашысцкімі карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Халамерскага сельсавета і не адроджаных пасля вайны, «Жыла між лясоў вёсачка» адбыўся 21 кастрычніка ў тутэйшым клубе. Боль па бязвінных ахвярах вайны, спачуванне ім дагэтуль непазбыўныя ў сэрцах і старэйшых, і маладых жыхароў гэтага краю (на здымку). Апусціўшы долу напоўненыя слязьмі вочы, слухалі яны жахлівую гісторыю апошніх дзён дзевяці гаротных вёсак і іх насельніцтва.pamyat
Напачатку мерапрыемства загадчыца Халамерскай бібліятэкі Таццяна Раева правяла агляд кніжнай выставы «Славім вялікі подзвіг», прапанаваўшы дзецям і дарослым прачытаць кнігі, у якіх змешчаны звесткі пра барацьбу з ворагам нашых землякоў на франтах і ў партызанскіх атрадах, лёс Гарадоччыны ў гады вайны, герояў, якія вызвалялі нашы тэрыторыі. Асабліва засяродзіла ўвагу бібліятэкар на кнізе Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць». Амаль па аднолькавым жудасным сцэнарыі развіваліся падзеі ў тых вёсках Беларусі, што знішчалі агнём, а на Халамершчыне іх было спалена 36. Падставай для здзяйснення гэтых крывавых злачынстваў была дапамога мясцовых жыхароў народным змагарам. Аналізуючы час, калі масава палілі вёскі, высвятляецца, што пераважна гэта рабілі ўзімку і ранняй вясной. Нават тыя, хто змаглі ўратавацца, выжыць, аказваліся ў неймаверна цяжкім становішчы — у холад і непагадзь без даху над галавой, без вопраткі і прадуктаў харчавання (не на адзін дзень!) людзі марудна каналі ад голаду і холаду. Не паддаецца разуменню і той факт, што карнікі спальвалі людзей жывымі, яны паміралі ў страшэнных пакутах ад апёкаў. Бязлітасна сцерці беларусаў з твару Зямлі — такі загад выконвалі фашысты.
На зямлі Хатыні створаны адзіныя ў свеце «Могілкі вёсак», на якіх сімвалічна пахаваны 185 вёсак Беларусі. Магіла вёскі ўяўляе сабой сімвалічнае папялішча, у цэнтры якога — п’едэстал у выглядзе языка полымя, знак таго, што вёска была спалена і не адроджана. У траурнай скрыні захоўваецца яе зямля. На магіле напісаны назва вёскі і раёна, дзе яна была. На Хатынскіх могілках «пахаваны» вёскі-былыя суседкі Халамер’я (дарэчы, яно таксама перажыло вогненную трагедыю, але ягоныя жыхары ацалелі і адбудавалі яго нанова): Ахрамеева, спалена 17 двароў, знішчана 13 чалавек, Вусце 13/15, Гумнічына 12/39, Казлы 19/41, Падранда 22/70, Петрачыха 13/10, Рудзіха 15/12, Сямёнава 19/15, Янова 29/41. Званы Хатыні не змаўкаюць: «О, людзі! Які б ні разумны быў вораг, якія б выгоды не абяцаў, якімі б вытанчанымі манерамі не фарсіў, — ён вораг! І вось ягоны сапраўдны твар — Хатынь!»pamyat-1
Пранікнёна гучалі тэматычныя песні і вершы, у зале вісела напружаная цішыня. Падчас такіх цяжкіх, невясёлых сустрэч ажывае Памяць. Абавязак старэйшых беларусаў, якія засталі ваеннае пакаленне, на свае вушы чулі праўдзівыя расказы ветэранаў і наогул тых, каго закранула чорнае крыло вайны, — данесці іх да маладзейшых, каб ведалі, на што раўняцца, чаму кланяцца.
Доўгія гады Халамерскае лясніцтва і ў прыватнасці ляснічы Аляксандр Іванавіч Муха з дачкой Кацярынай даглядаюць курган на брацкіх могілках у памяць байцоў 4-й Беларускай партызанскай брыгады, што вялі барацьбу з ворагам на тэрыторыях Гарадоцкага, Невельскага, Расонскага, Полацкага, Міёрскага раёнаў. Гэты курган насыпаны на месцы спаленай вёскі Казлы. Тут жа ўстаноўлены сціплы абеліск у памяць гэтай неадроджанай вёскі і яе бязвінна забітых жыхароў. Сюды, у найпрыгажэйшае месца на беразе ляснога возера Свіна, нас праводзіла загадчыца клуба Ніна Склімянок. Спадзяёмся, што не забудуць гэту дарогу, пакажуць яе сваім нашчадкам Аня Іванова і Максім Галачоў, якія ўсклалі да абеліска кветкі (на здымку).
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *