У хатах будзе цёпла

Актуальное

  Золкімі ранкамі з комінаў над прыватнымі дамамі ўжо ўецца дымок — людзі пратоплі­ваюць жытло, каб у ім было цёпла і ўтульна. Пра тое, каб назапасіць дровы, гаспадары дбаюць загадзя, як толькі заканчваецца папярэдні ацяпляльны сезон. Ці справіўся адзін з асноўных у раёне пастаўшчыкоў цвёрдых відаў паліва, райпаліўзбыт, з тым, каб забяспечыць насельніцтва г. Гарадка і раёна дровамі, гаворым з яго дырэктарам Віктарам Сяргеевічам Ардзякам.
З пачатку бягучага года Гарадоцкім філіялам АУП «Віцебскаблпаліў» насельніцтву адпушчана 5162 кубаметры дроў і 606 тон торфабрыкету. Дровамі забяспечана 1047 домаўладанняў, у тым ліку 72 ільготных, брыкетам — 185, у тым ліку 20 ільготных.drova
— Сёлета ажыатажу ў адносінах набыцця паліва з боку насельніцтва мы не назіраем, — канстатуе В.С. Ардзяка. — Значнай дапамогай стала тое, што частка жылога фонду пераведзена на ацяпленне прыродным газам. Да таго ж, лес жыхарам раёна можна набыць і ў філіяле «Гарадоцкі лясгас» ААТ «Віцебскдрэў». Гэта прадпрыемства, а таксама ААТ «Віцебсклес» з’яўляюцца нашымі пастаўшчыкамі лесу, «Лідскі торфабрыкетны завод «Дзітва» забяспечвае брыкетам. Сувязі с пастаўшчыкамі наладжаны як след, бедаваць не даводзіцца.
У райпаліўзбыце вядзецца спецыяльны журнал, дзе рэгіструюцца заяўкі грамадзян на пастаўкі паліва. Заяўку можна было пакінуць, скажам, у маі, каб дровы прывезлі ў жніўні. На бягучы момант заяўкі задавальняюцца на працягу тыдня. Дарэчы па фіксаваных цэнах на домаўладанне, дзе абавязкова павінен быць зарэгістраваны хаця б адзін жыхар, можна купіць 4,9 кубаметраў дроў ці 3,5 тоны торфабрыкету. Кошт аднаго кубаметра дроў складае 66 тыс. рублёў, паслугі па іх распілоўцы — 55 тыс. рублёў, расколцы — яшчэ 60 тыс. рублёў. Па свабодных цэнах (210 тыс. рублёў за кубаметр) можна набыць дровы звыш нормы. Апошнім часам у спажыўцоў папулярнае набыццё дроў цуркамі або паленамі (іх рэалізавана 2,2 тыс. кубаметраў) — менш галаўнога болю, зручней.drova-1
На прадпрыемстве ёсць па два станкі для распілоўкі і колкі дроў, бензапілы, тры трактары для іх дастаўкі. З немалым аб’ёмам работ спраўляюцца дзесяць мужчын рабочых спецыяльнасцей. Штодня зараз яны абслугоўваюць па чатыры-пяць домаўладанняў, хаця ёсць магчымасць у дзень пастаўляць паліва сямі-васьмі ўладальнікам дамоў — попыту няма.
Віктар Сяргеевіч падкрэсліў, што здагадкі аб тым, што паліўзбытаўцы сартыруюць драўніну, не маюць пад сабой падставы. Так, па цеплааддачы дрэвы адрозніваюцца, але ці парадуе кагосьці, што ў яго вазку акажацца бяроза, а не асіна — проста пытанне шанцавання. У асноўным драўніна бывае зборнай, і калі яе своечасова прасушыць, пры спальванні ў пячы яна аддасць неабходнае людзям цяпло.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.  
На здымках: станочнік на расколцы дроў Генадзь Грыцкевіч;
  ідзе выгрузка дроў на пляцоўцы райпаліўзбыту.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *