Пастралялі ў задавальненне

Актуальное

  Гульню ў пейнтбол арганізаваў для навучэнцаў ГДАТК — членаў БРСМ Гарадоцкі райкам гэтай самай папулярнай у Беларусі грамадскай маладзёжнай арганізацыі. 25 лістапада ўрочышча Вераб’ёвы горы агучылася чэргамі бойкіх стрэлаў з маркераў. Было весела, і нават на адчувальным холадзе твары юнакоў чырванелі — ад азарту, адрэналіну, актыўнага руху.peintbol
Арганізацыю гульні ўзяў на сябе пейнтбольны клуб з Віцебска «Ніндзя». Яго супрацоўнікі растлумачылі хлопцам, большасць з якіх спрабавалі гуляць упершыню, правілы. Галоўныя з іх: не здымаць ахоўную маску на гульнёвым полі, не накіроўваць маркер на чалавека без такой маскі, па-за полем трымаць маркер на засцерагальніку. Ігрок павінен выйсці з гульні, калі ягоная спецыяльная вопратка афарбуецца каляровым змесцівам пейнтбольных шарыкаў.
Пакуль доўжыўся першы бой паміж дзвюма камандамі «сініх» і «чырвоных», навучэнцы, што чакалі сваёй чаргі, патлумачылі, што палову кошту забавы аплаціў райкам, палову — 45 тыс. рублёў — яны самі. Такія грошы могуць дазволіць сабе на актыўнае правядзенне вольнага часу нават студэнты. Пейнтбол як займальная ваенна-тактычная гульня найперш мацуе калектыўны дух. Адзіночкі, нават вельмі вопытныя, не могуць супрацьстаяць цэлай камандзе. А для яе важны кожны ўдзельнік.
Рабяты шчыра спачувалі, калі хтосьці з паплечнікаў да часу выбываў з гульні, са здзіўленнем прызнаваліся, што стрэл у спіну быў даволі адчувальным, шкадавалі, што фарба трапіла на маску, калі шарык разбіўся аб суседняе дрэва, расказалі аб уласных памылках: «Наступаць трэба было, а не адседжвацца!» Было многа эмоцый, але не было агрэсіі — накоплены негатыў сыходзіў у нябыт, раствараўся ў актыўным руху, адчуванні сілы і спрыту маладых мышцаў.
Па выніках гульні, падведзеных арганізатарамі, перамагла імправізаваная каманда «Імперыя», а асабіста вылучыўся Уладзіслаў Данькоў. Лепшым уручаны дыпломы і прызы клуба «Ніндзя». Спадзяёмся, што падобныя захапляльныя гульні не апошнія для гарадоцкай моладзі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: каманды «сініх» і «чырвоных» толькі што з пазіцый.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *