Скокі з прытопамі і іншыя па

Актуальное Культура

  Не інакш як святам танца правільна было б назваць VI абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі», прысвечаны заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь І.А. Серыкаву, што 15 лістапада расквеціў сцэну Гарадоцкага Палаца культуры. Больш за паўтысячы танцораў з 20-ці калектываў змагаліся за права называцца лепшымі, але найперш праз прыгожы рух выражалі радасць жыцця, увасаблялі традыцыйнае і сучаснае танцавальнае мастацтва.tancy
Напачатку мерапрыемства слова ўзяла вучаніца І.А. Серыкава, кіраўнік вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Перапёлачка» Валянці­на Вішнеўская, якая падзякавала арганізатарам за захаванне памяці аб сваім любімым настаўніку, прапаганду яго творчасці, а маладым — за тое, што не забываюцца на лепшыя ўзоры нацыянальнага танца.
— «Прыдзвінскія карункі» мы праводзім раз на два гады, — расказала газеце дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. — Аўтарам гэтага праекта з’яўляецца ганаровы член нашага журы Людміла Васільеўна Венгер. На мінулым фэсце мы прапанавалі кіраўнікам танцавальных калектываў дыскі, дзе сабралі выявы пастановак Івана Арцёмавіча, каб яго найбагацейшая спадчына не згубілася, а мела працяг у новых нумарах яго паслядоўнікаў.   tancy-1
Прагледзеўшы конкурсныя выступленні, журы, якое ўзначальваў мастацкі кіраўнік ансамбля танца, песні і музыкі «Талака» ДКУ «Віцебская абласная філармонія» М.М. Падаляк, адзначыла высокі выканаўчы ўзровень удзельнікаў агляду-конкурсу. У знак прызнання іх творчых традыцый і новых знаходак, беражлівых адносін да нацыянальнага сцэнічнага касцюма кожны калектыў быў адзначаны дыпломам ­удзельніка. Дыплом атрымала і ўдзельніца канцэрта-падарунка гарадоцкім гледачам, студыя бальнага танца «Гармонія» Гарадоцкага ПК (кіраўнік Таццяна Сіманковіч).
У намінацыі «Лепшае выкананне аўтарскіх танцаў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь І.А. Серыкава» трэцяе месца было вырашана не прысуджаць. Дыплом другой ступені атрымаў узорны тэатр пластычных мініяцюр «Эстрадная мазаіка» ДУА «Гімназія № 7 г. Віцебска» (Ж. Старавойтава) з танцам «Беларускія лялькі». Пераможцамі ў гэтай намінацыі сталі ўзорны харэаграфічны калектыў «Крынічка» ДУ «Дом культуры г.п. Руба» (С. Мікалаенка) з танцамі «Стрыкач» і «Камары гудуць» і творчая група УА «Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў» (І. Гайдуковіч) з танцам «Расшугалец». tancy-2
Месцы ў намінацыі «Лепшая новая балетмайстарская пастаноўка беларускай накіраванасці» размеркаваліся наступным чынам: 3-е — узорны харэаграфічны калектыў «Каханачка» ДУА «Коханаўская дзіцячая школа мастацтваў» (кіраўнік Н. Юшкевіч) з танцам «Гісторыя адной ракі»; 2-е — узорны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Перапёлачка» ДУА «Гімназія № 3 г. Віцебска імя А.С. Пушкіна» (В. Вішнеўская) з танцамі «Віцебскія скокі» і «Полька-сарока»; 1-е — узорны харэаграфічны калектыў «Лялькі» Верхнядзвінскага РДК (Л. Гуйда) з танцамі «Верхнядзвінская полька» і «Мітусь».
У намінацыі «Эстрадныя танцы з адлюстраваннем нацыянальнай тэматыкі і нацыянальнай беларускай культуры»  на трэцяй пазіцыі аказаўся ўзорны харэаграфічны ансамбль «Школьны квартал» ДУА «Базавая школа № 5 г. Полацка» (А. Крупіца) з танцамі «Рушнікі плывуць» і «Птушка юнацтва»; на другой — узорны ансамбль эстраднага танца «ВераНіка» ф-ла № 1 Глыбоцкага ГДК (А. Стоцік) са стараславянскім карагодам «Вір» (харэаграфія М. Цветнікавай); на першай — народная студыя сучаснага танца УА «Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў» (І. Бухавецкая) з танцам «На нядзеле ў сяле».
Гран-пры агляду-конкурсу па праву дастаўся гаспадарам, народнаму ансамблю песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага Палаца культуры (кіраўнік Дз. Сцяпанава, харэографы Н. Тарасава і Н. Целешава), які выступіў з кампазіцыяй «Полька-весялуха» і танцам «Крутуха». І.А. Серыкаў стаяў ля вытокаў гэтага калектыва, асабіста праводзіў рэпетыцыі з танцавальнай групай. У яе лік дагэтуль уваходзяць тыя, каму пашчасціла вучыцца ў славутага харэографа. Яны зберагаюць і перадаюць навічкам спадчыну знакамітага балетмайстара, якому сёлета споўнілася б 95 гадоў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: народны ансамбль песні і танца «Яблынька» — уладальнік гран-пры;
  «Стрыкач» у выкананні калектыву «Крынічка» з Рубы;
  «Vеo-vеo» танцуе студыя «Гармонія».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *