Было ўтульна, а як будзе?

Актуальное

  Дарожны знак са схіленай над лавачкай елкай абяцае, што хутка на шляху руху машыны будзе месца адпачынку. Адно з іх у нашым раёне — у маляўнічым лясным масіве на ўездзе ў Лесагорскую, паблізу ад Езярышча. Ці не дзесяць год таму работнікі мясцовага лясніцтва ўладкавалі тут драўляныя альтанкі, «грыбкі», вогнішча, імправізаваныя сталы, лаўкі… Месца адпачынку адразу стала папулярным, і ўсё было б нічога, калі б не пытанні да парадку.lesogorskay
Відаць, адпачываюць тут не толькі аўтамабілісты, каб размяць ногі, перакусіць і зноў рушыць па сваіх справах. Пацверджаннем таму, што збіраюцца на прыро­дзе больш гарачыя кампаніі — шматлікія сляды застолляў з распіваннем, па меньшай меры, піва. Пластыкавыя бутэлькі ды пакеты вецер разганяе па ўсяму наваколлю, каляровымі плямамі яны псуюць гармонію тутэйшай прыроды. Іх вось-вось схавае першы снег, ды толькі, калі ён растае, сведчанні людской неахайнасці ўсё роўна вылезуць вонкі.
— Ды мы пастаянна прыбіраем, рамантуем, фарбуем, — з горыччу ў голасе сцвярджае ляснічы Езярышчанскага лясніцтва Сяргей Сяргееў. — Па сутнасці, выконваем неўласцівыя для сябе функцыі. Таму ўдвая крыўдней, што працу нашу марнуюць недобрасумленныя адпачываючыя. Бясконца ламаюць лаўкі, адрываюць дошкі ад альтанак, раскідваюць паперкі і пакеты. Хаця непадалёк вырыты яміны для адыходаў, якія нам беспярэчна, па першай жа просьбе, дапамагае вычышчаць участак «Езярышча» Гарадоцкага ПКіЦС, многія не даносяць да іх сваё смецце…
Яшчэ раз пацвярджаецца, што мы не ўмеем берагчы тое, што маем. З аднаго боку, ганарымся, якія ў нас прыгожыя краявіды, чыстае прыдарожжа, з другога — не цураемся, каб апаганіць іх. Сцвярджэнне, што чыста не там, дзе ўбіраюць, а там, дзе не смецяць, здаецца, даўно набіла аскому. Толькі чысцей ад таго, што мы памятаем гэты крылаты выраз, не становіцца. Можна наракаць на бяздзейнасць міліцыі і экалагічных службаў — што не штрафуюць парушальнікаў; дарожнікаў, жылкамунгас, лясніцтвы — што не прыбіраюць наваколле; грамадскіх арганізацый — што не праводзяць экалагічныя акцыі. Але найперш трэба ўспомніць пра сумленне і маральную адказнасць за тое, што мы пакідаем пасля сябе — у тым ліку ў месцах адпачынку. Яны страчваюць атмасферу ўтульнасці і рамантызму, якая першапачаткова і прыцягвала да сябе, не па сваёй віне — па віне людзей.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: месца адпачынку «Лесагорская».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *