Не губляючы жыццёвага тонусу

Актуальное

  Справаздачны сход членаў раённай арганізацыі грамадскага ­аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» адбыўся ў чацвер, 4 снежня, у Гарадоцкім Палацы культуры. Хаця яго пярэдадзень, Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь, не адзначаны чырвонай датай у календары, гэтае мерапрыемства было і святочным, і дзелавым адначасова. Палюбаваўшыся на выставу работ грамадзян, якія наведваюць аддзяленне дзённага знахо­джання для інвалідаў у ТЦСАН, названую «Вясёлкай талентаў», запрошаныя спяшаліся ў глядзельную залу — абмеркаваць свае надзённыя пытанні, атрымаць асалоду ад канцэрта, што ад шчырага сэрца падарылі лепшыя калектывы ўстановы-гаспадара.
Справаздачу перад сваімі таварышамі і гасцямі — намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Т.В. Бабровай, старшынёй абласнога праўлення БелТІЗ К.К. Ламчаноўскім — трымаў старшыня арганізацыі В.А. Ільін (на здымку). Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аб’яднаўшыхся ў арганізацыю (усяго іх 50, 44 — інваліды па зроку), год выдаўся насычаным. Усё, што было ў іх планах, і нават болей, выканана. Працягваецца рэалізацыя праектаў валанцёрскага руху «Працягні руку дапамогі» і «Не побач, а разам», мацуюцца сувязі з Невельскай міжраённай арганізацыяй  Усерасійскага таварыства сляпых, Шумілінскай РА «Беларускае таварыства інвалідаў», у планах наладзіць мост дружбы «Усход-Захад» з аднадумцамі з Пастаў.
Паразуменне і падтрымку РА ГА «БелТІЗ» знаходзіць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ТЦСАН, ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, ГДАТК, ГПКіЦС, ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», УП «Паўночны», гарадскіх школах, таварыстве ветэранаў. Гэта людзі, гатовыя працягнуць руку дапамогі, калі да іх звяртаюцца для здзяйснення добрай справы.invalidy
Сёлета месячны курс рэабілітацыі ў галоўным рэабілітацыйным аддзяленні Віцебскага дома састарэлых і інвалідаў прайшлі чацвёра з тых, хто меў у гэтым патрэбу, яшчэ трое наведаюць яго ў снежні. Матэрыяльная і гуманітарная дапамога таксама не бывае залішняй для тых, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Вельмі дарэчы будуць і радыёпрыёмнікі, якія ў хуткім часе бязвыплатна атрымаюць інваліды I і II груп па зроку па дамоўленасці з РУП «Белтэлекам».
— Добра працаваць з тымі, хто хоча працаваць, ствараць, жыць, — адзначыў у сваім выступленні Канстанцін Ламчаноўскі. — Адметная рыса гарадоцкай арганізацыі — ухіл не толькі на матэрыяльную дапамогу, але і на духоўнасць, пашырэнне кругагляду, пасільны, але актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Гэта вельмі верны накірунак у рабоце.
Нечаканым і таму ўдвая прыемным сюрпрызам для прысутных стала выступленне навучэнца прафесійна-тэхнічнага каледжа Уладзіміра Гладкага. Ад імя адміністрацыі і ўсяго калектыва навучальнай установы ён запэўніў сваіх падшэфных у будучай падтрымцы і падарыў каляровы тэлевізар і DVD-прайгравальнік.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *