Новы год — з наваселля

Актуальное

Новабудоўлі ў Гарадку, у мікрараёне бальніцы, — два 40-кватэрных дома, уведзеныя сёлета ў эксплуатацыю, — дачакаліся сваіх жыльцоў. Вокны, якія яшчэ нядаўна сумна пазіралі на суседнія асветленыя акенцы, цяпер і самі асвятляюцца ў прыцемках. За імі ідуць прыемныя клопаты, звязаныя з пераездамі, уладкаваннем утульнасці, абжываннем цёплых, прасторных новых кватэр. Гэта было б немагчыма без істотнай падтрымкі дзяржавы, ажыццяўлення адпаведных сацыяльна арыентаваных праграм, накіраваных на паляпшэнне жыллёвых умоў грамадзян Беларусі.
У доме № 56 па вул. Камсамольскай 17 кватэр з’яўляюцца жылымі памяшканнямі сацыяльнага карыстання і прадастаўлены — абсалютна бясплатна — грамадзянам ільготнай катэгорыі (дзеці-сіраты; дзеці, што засталіся без апекі бацькоў; сем’і, у якіх ёсць дзіця-інвалід; інваліды I і II груп), у доме № 54 такіх кватэр — 32. У адной з іх, Таццяны і Алега Смірновых (на здымку), карэспандэнт пабывала на ўваходзінах.novosele
— Да 2007 года мы туляліся па здымных вуглах. На працягу сямі гадоў жылі ў палутарнай кватэры ў доме для ветэранаў, — расказвае маці. — У малюсенькіх памяшканнях не было дзе павярнуцца, усталяваць поручні, каб Алегу, які хварэе на дзіцячы цэрабральны параліч, было зручней перасоўвацца, не хапала месца для неабходных яму трэнажораў. Так, нам прапаноўвалі іншае жытло, але яно не палепшыла б умовы нашага жыцця. Вы не ўяўляеце, якой радасцю было тэлефанаванне з райвыканкама, калі нам паведамілі, што выдзяляюць амаль 60-метровую двухпакаёвую кватэру! Я не магла спаць у чаканні ключоў ад яе…
Надзеі спраўдзіліся. І хаця яшчэ не ўся мэбля расстаўлена (старога Таццяна вырашыла нічога не перавозіць, намагаецца, каб у новай кватэры ўсё было новае, сучаснае), не ўсе рэчы знайшлі сваё пастаяннае месца, пакой Алега ўжо ўладкаваны. Тут без праблем размясціліся ягоныя два трэнажоры, стол з камп’ютарам, зручная тахта. У прасторным ванным пакоі да сцяны прыладзілі парэнчы — цяпер водныя працэдуры хлопец можа прымаць самастойна. Падваконнікі ўпрыгожылі кветкі, сцены ў прыхожай — карціны ручной работы, выкананыя ў розных тэхніках, у тым ліку і рукамі Таццяны. Яна, увішная гаспадыня, любіць і ўмее ствараць вакол сябе прыгажосць і ўтульнасць.
— З вакон, што выходзяць і на адзін, і на другі бок нашай пяціпавярхоўкі, мне добра відаць дзіцячыя пляцоўкі, — дзеліцца навінамі Алег. — За сцяной таксама чуваць голас малога. Прыемна — дзеці ж заўсёды цікавыя. Некаторых суседзяў мы ведалі раней, з іншымі плануем раззнаёміцца. На вуліцу я выходжу самастойна, чакаю, што знайду сяброў і суразмоўцаў.
Спадзяёмся, што новы год у новых кватэрах парадуе і тых, хто пабудаваў іх у парадку долевага будаўніцтва (20 сем’яў), і тых, каму кватэры былі прадастаўлены ва ўласнасць у сувязі з выняццем іхніх зямельных участкаў для дзяржпатрэб (шэсць сем’яў), і тых, каму кватэры камерцыйнага выкарыстання былі прадастаўлены на перыяд працоўных адносін (тры кватэры)… Няхай у вокнах шчасліўцаў і ў вачах усіх, хто прыкладаў намаганні да гэтых наваселляў, не згасае агеньчык надзеі і дабрыні, няхай спаўняюцца іх мары!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *