Фальклор дапамагаў змагацца

Актуальное

  І ў ХХІ стагоддзі нязгасная, як месяц у небе Бацькаўшчыны, застаецца не толькі наша ўсенародная  памяць пра вайну, а і сама народная творчасць пра гераічныя і незабыўныя падзеі мінуўшчыны. Беларусы заўсёды непрымірыма ставіліся да сваіх ворагаў і бязлітасна высмейвалі іх. Асабліва красамоўна гераізм і мужнасць, гарачы патрыятызм  народа здолеў адлюстравацца ў фальклоры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Народныя творы гэтага векапомнага часу заклікалі да барацьбы з гітлераўскімі захопнікамі, натхнялі воінаў Чырвонай Арміі і партызан на подзвігі. Вострая сатыра з’едліва  высмейвала фашысцкіх захопнікаў, мацавала ўпэўненасць у перамозе над ворагам. Творы з гушчы народнай паказвалі злачынствы фашыстаў, іх здзекі над насельніцтвам акупіраванай  Беларусі, гаротнае паднявольнае жыццё лю­дзей, выгнаных у Германію.
У Вялікую Айчынную шырока разгарнулася мастацкая самадзейнасць у партызанскіх атрадах, брыгадах, злучэннях. Выступалі агіт­брыгады, агітатрады, мастацкія ансамблі, ансамблі песні і танца, партызанскі джаз-аркестр. У праграмах былі песні, прыпеўкі, прыказкі і прымаўкі, анекдоты, байкі, апавяданні, легенды, сказы, казкі, вершы,  жарты, сатырычныя сцэнкі, урыўкі з драматычных п’ес, акрабатыка. У іх з’едліва высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фашысцкая прапаганда.
На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану было складзена сатырычнае пісьмо партызан «Бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру». Афарыстычным словам малявалася аблічча  наваяўленых «пераможцаў»: «Здраднік за агрызкі прадасць родных і блізкіх», «Сабака віляе хвастом, а Гебельс — языком», «Спяшаўся фашыст на нашы куры, а патрапіў на свае хаўтуры», «Кожны куст для фашыстаў рызыка: трасе іх трасца, кідае ў дрыжыкі».
Партызанскія песні — гэта безыменныя народныя песні, творы самадзейных складальнікаў, фалькларызаваныя ўзоры савецкай масавай песні, песні-пераробкі. Былі песні асобных партызанскіх злучэнняў, маршы, гімны атрадаў і брыгад, апавяданні пра канкрэтных  герояў. Цэлы цыкл народных песень — песні паланянак. Распаўсюджваліся яны вусна і праз лісты на радзіму. Іх змяшчалі на старонках партызанскіх газет, рукапісных часопісаў, літаратурных альманахаў. Гераіня з народнага асяроддзя гатовая хутчэй  памерці, чым скарыцца ворагу: «У няволю гнаці  хоча Ліхадзей закляты, Ды яму я не скаруся, Лепей утаплюся…»
Нямала народных твораў было прысвечана героям  Вялікай Айчыннай. Напрыклад, пра Канстанціна Заслонава складзена  ваенная казка «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў».
Бязлітасная сатыра на фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх адпавядала думкам, пачуццям і настроям народа, які ва ўмовах акупацыі не скарыўся ворагу, а працягваў барацьбу. Надзённасць партызанскіх твораў рабіла іх надзвычай папулярнымі, спрыяла іх распаўсюджванню.
Сёлета мы адзначым славуты юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сучасным калектывам мастацкай самадзейнасці варта б звярнуцца да высакароднай і надзвычай  таленавітай партызанскай спадчыны беларускага народа.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
краязнаўца, г. Віцебск.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *