— Гэта вельмі цікава! —

Актуальное Образование

гаворыць намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 1 г. Гарадка Н.М. Пракоф’ева пра навукова-даследчую работу, якую могуць весці школьнікі, што займаюцца ў навуковым аб’яднанні навучэнцаў «Эрудыт». Гэта фарміраванне працуе ў школе на працягу 12 год. Спачатку НАН аб’ядноўвала толькі старшакласнікаў, цяпер жа ў ім тры аддзяленні — для вучняў пачатковых, сярэдніх і старэйшых класаў. Хто ведае, можа хтосьці з іх стане навукоўцам, і Дзень беларускай навукі, што адзначаецца 25 студзеня, будзе іх прафесійным святам.zelenin
— Кагосьці прываблівае алімпіядны рух, заняткі ў творчых калектывах, спартыўных секцыях, «Эрудыт» жа дае магчымасць дзецям праявіць і развіць свае здольнасці да навукова-даследчай працы, — зазначае Надзея Міхайлаўна, кіраўнік аб’яднання. — Удзел у ёй пашырае кругагляд, развівае інтэлект, творчыя здольнасці, дазваляе прывыкнуць да публічнасці — усё ж выступаць з дакладамі, абгрунтоўваць свае думкі не так проста.
Многія выпускнікі школы, паступіўшы ў ВНУ, не кідаюць справу, якая ім паспела спадабацца, становяцца ўдзельнікамі НАН устаноў, дзе набываюць прафесію, прызнаюцца, што веды і вопыт з «Эрудыта» спатрэбіліся ім у жыцці.
Аб’яднанне складаецца з секцый пачатковых класаў, гуманітарнай і эколага-даследчай. Заняткі ў іх настаўнікі вядуць  індывідуальна з кожным зацікаўленым дзіцяці. Патрабаванні да работ узрастаюць з кожным годам. Раней яны маглі насіць характар рэфератаў, цяпер вагу маюць толькі абгрунтаваныя работы, у якіх вынайдзена нешта новае ў параўнанні з ужо вядомымі фактамі. Падчас першага, школьнага, этапа разглядаюцца ўсе працы. На другі, раённы, этап, які называецца «Першы крок у навуку», вылучаюцца самыя годныя з іх. Наступны этап, «Эўрыка», арганізоўвае Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М. Машэрава. Работы-пераможцы аб’ядноўваюцца ў спецыяльныя штогадовыя  зборнікі.
Так, у зборнік 2010 г. увайшла работа Дзмітрыя Бастава (кіраўнік Г.М. Паўленка) «Значэнне сімвала ў геральдыцы Англіі і Беларусі для ідэнтэфікацыі і дэманстрацыі тэрытарыяльнай прыналежнасці»; 2011 г. — работа Варвары Ляхновіч (Т.А. Баранава) «Дэмаграфічная сітуацыя і працоўныя рэсурсы Гарадоцкага раёна»; 2013 г. — Ягора Сырцова (Ю.М. Зяленін) «З вараг у грэкі»; 2014 г. — Аляксея Каралькова (Ю.М. Зяленін) «След на Гарадоцкай зямлі: А.П. Марэсьеў». Работы, названыя апошнімі, былі адзначаны дыпломамі II ступені і накіраваны да ўдзелу ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі.
— Захапленне гісторыяй мне прывіла мая бабуля, Іна Іванаўна Саўчанка, сама гісторык, — расказвае А. Каралькоў. — Мне падабаецца і вывучыць гістарычныя факты, і расказваць іх. Яшчэ ў шостым класе мы вывучалі сярэдневяковую зброю і нават майстрылі ў школе лукі… Юрый Міхайлавіч далучыў мяне да сур’ёзнай і працаёмкай работы па вывучэнню ар-хіваў, спецыяльнай літаратуры, збору фактаў.
— Ужо трэці год мы збіраем доказы, што знакаміты лётчык Аляксей Марэсьеў мог удзельнічаць у баях за вызваленне Гарадоччыны, — дзеліцца з карэспандэнтам настаўнік Ю.М. Зяленін. — Пісалі лісты ў школу № 89 г. Масквы, якая носіць імя героя, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны ­Ра­­сі­й­­­скай Федэрацыі, што ў Падольску. Атрымалі запрашэнні наведаць гэтыя ўстановы, плануем папрацаваць у іх. Выйшлі ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама з ініцыятывай усталяваць памятную дошку паблізу в. Сячонка, дзе ў вайну быў савецкі аэрадром.
Сур’ёзная работа, якая спрыяе захаванню памяці пра гераічнае мінулае нашага краю. Гэтай жэ мэце служыць даследаванне дзесяцікласніка Глеба Рыбакова (кіраўнікі Л.Ф. Сідарэнка і Т.А. Бульбянікава) «70 год Перамогі над фашысцкай Германіяй: памяць, велічнасць, абавязак», якое прыме ўдзел у рэспубліканскім конкурсе.
14 навуковых аб’яднанняў навучэнцаў працуюць у школах раёна, дазваляючы рабятам атрымліваць дадатковую адукацыю, адкрываць для сябе вялікі свет яшчэ нязведанага, удасканальваць звесткі пра ўжо вядомыя факты. Гэта цікава.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Аляксей Каралькоў і Ю.М. Зяленін у школьнай бібліятэцы.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *