Каб кацёл не «стрэліў»

Актуальное

  У зводкі па надзвычайных сітуацыях у халодны час года рэгулярна трапляюць звесткі пра згарэлыя або разбураныя прыватныя дамы. І прычынай таму становяцца не толькі незатушаная цыгарэта або няспраўная печ, але і звычайны ацяпляльны кацёл.

Механізм просты

  У зоне рызыкі — катлы, якія працуюць не пастаянна, а эпізадычна. Слабыя месцы, дзе сістэму ацяплення можа «прыхапіць» лядком, — гэта пашыральныя бакі, цыркуляцыйныя трубы і халодныя памяшканні кшталту гарышча. Асноўная прычына, па якой узрываюцца катлы, — гэта замярзанне сістэмы ацяплення, у выніку чаго вада ў трубах перастае цыркуляваць. Паліва пры гэтым працягвае гарэць. Унутры чыгунных секцый катла або труб вада закіпае. Пры гэтым ціск пары ўнутры сістэмы вельмі хутка ўзрастае. У пэўны момант дасягаецца крытычная адзнака ціску, якую метал не вытрымлівае. Адначасова ў замкнёную прастору выкідваецца вельмі вялікі аб’ём паравадзяной сумесі. У лепшым выпадку ўсё скончыцца выбітымі шыбамі, пры горшым раскладзе будуць разбураны канструкцыі памяшкання.
За апошнія пяць год узарвалася 45 бытавых катлоў, у тым ліку па снежань 2014 г. зарэгістравана дзевяць такіх выпадкаў. Пры гэтым два чалавекі атруціліся чадным газам. Толькі летась у снежні, калі ў Беларусь завітала арктычная сцюжа, выбухнула шэсць катлоў. Так, 21 студзеня трагедыя адбылася ў прыватным доме ў вёсцы Зубкі Клецкага р-на. Выбуховая хваля разбурыла сцены веранды, гаспадыня хаты і яе сын атрымалі апёкі. Літаральна праз некалькі гадзін узарваўся самаробны кацёл у прыватным сектары ў Магілёве, не абыйшлося без пашкоджанняў памяшканняў, але, на шчасце, ніхто не пацярпеў.

Калі ўтварыўся ледзяны корак

  Мантаж і наладку сістэм ацяплення павінны праводзіць толькі спецыялізаваныя арганізацыі. Пры гэтым іх супрацоўнікі абавязкова павінны правесці навучанне карыстальнікаў катлоў і зрабіць адзнаку аб гэтым у пашпарце на агрэгат.
Перад пускам катла домаўладальнік павінен упэўніцца, што запорныя сістэмы адкрыты адразу на двух трубаправодах — падаючым і зваротным. Адкрыць трэба і ўсе запорныя ўладкаванні, устаноўленыя на сістэме ацяплення. З ніжняга аддзялення дымавой трубы трэба выдаліць назапашаны кандэнсат, гэта дапаможа пазбегчы атручэння чадным газам. Рэгулярна правярайце агалоўкі труб і каналаў дымаходаў. Перш чым распальваць кацёл, адкрыйце лінію падсілкоўвання сістэмы і кантрольную лінію запаўнення пашыральнага бака. Тое, што сістэма не замерзла, стане ясна, калі вада пачне сцякаць з кантрольнай лініі.
Калі вада з кантрольнай лініі не пайшла, ціск у катле няспынна расце і дасягае паказчыкаў водаправоднай сеткі — сістэма ацяплення замерзла. Тады распальваць кацёл катэгарычна забаронена. Неабходна спыніць падачу палі­ва і выдаліць яго з катла ў небяспечнае месца. Трэба вызначыць прыкладнае месца замярзання, адагрэць яго і праверыць, ці пацякла з кантрольнай лініі пры адкрытым сілкаванні вада. Толькі тады, кантралюючы паказанні манометра, можна распальваць кацёл.
Здараецца, што на гарышчы замярзае сам кацёл. Як і трубу, адаграваць яго адкрытым агнём катэгарычна забаронена. Рабіць гэта рэкамендуецца, напрыклад, з дапамогай гарачай вады. Калі ж пры разагрэве вы ўбачылі, што з паверхні нагрэва пайшла вада, значыць, кацёл разгерметызаваўся, да далейшай эксплуатацыі ён непрыдатны. Дарога яму — толькі ў рамонтную майстэрню. Стальны кацёл спецыялісты перавараць, а ў чыгунным заменяць пашкоджаныя секцыі і перапакуюць іх нанова.

Не падпускайце «кулібіных»!

  Восем катлоў, якія ўзарваліся за апошнія пяць год, былі самаробнымі. Народныя «ўмельцы» так-сяк скляпалі ацяпляльныя агрэгаты. Пры гэтым узнікла рызыка з паверхнямі нагрэву, топкі, застойнымі зонамі… Гэта, як правіла, заканчваецца перагрэвам вады і разрывам катлоў. Да таго ж, на «самаробках» не ўстаноўлены ні тэрмометры, ні манометры, ні засцерагальныя клапаны.
Не карыстайцеся самаробнымі катламі, не давярайце ўстаноўку сертыфікаваных агрэгатаў людзям, якія не маюць спецыяльнай кваліфі­кацыі. Грошы, якія вы зэканоміце, могуць адгукнуцца пажарам, моцным разбурэннем, цяжкімі траўмамі. Дык ці варта дзеля эканоміі рызыкаваць маёмасцю, жыллём, здароўем або нават жыццём?
Віцебскае абласное  ўпраўленне Дзяржпрамнагляду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *