Свята-конкурс «Ёлка-фэст» адбылося ў Пальмінцы

Актуальное

 У дзень Старога Новага года ў Пальмінскім СДК адбылося раённае тэатралізаванае свята-конкурс «Ёлка-фэст». Чатыры творчыя каманды: «Навагодні балаган» (Бычыхінскі СДК), «Дзед Мароз і віраўлянскія бабулі» (Віраўлянскі СДК), «Аліўе па-верамееўску» (Верамееўскі СДК) і «Крэатыў» (Пальмінскі СДК) радавалі гледачоў яскравым гумарам, знаходлівасцю, артыстызмам. Больш за дзве гадзіны шоу праляцелі, як адно імгненне.elka
Уменне дасціпна жартаваць, як аказалася, уласціва ўсім камандам-канкурсанткам. У кожнай з іх — свае почырк, стыль, арсенал забаў і адрэпетаваных дамашніх нарыхтовак. Ужо з першага конкурсу, візітовак, артысты ў вобразах казачных і не толькі герояў уцягнулі залу ў вір весялосці. Гэты этап спаборніцтва атрымаўся самым відовішчным — тэатралізаваныя міні-прадстаўленні былі насычаны гумарам, падтрыманы прадуманым касцюміраваннем і музычным афармленнем, артысты адразу прадэманстравалі свае выдатныя творчыя здольнасці. Гледачы дружна апладзіравалі выканаўцам, што спаборнічалі ў творчым конкурсе, удзельнічалі ў карагодах у рамках арганізацыі гульняў з залай, шчыра дзякавалі за такія ж шчырыя віншаванні і пажаданні.elka-1
У кожнай камандзе вылучаўся лідар, здольны надаць пэўнага настрою сваім паплечні­кам, малым і дарослым у зале. Аптымістычная, рухавая Снягурка з Пальмінкі Валянціна Гарунова скарала не зыходзячай з вуснаў усмешкай. Яе «калега» з Бычыхі Ліда Кавалёва (на здымку) вылучалася вакальнымі дадзенымі і стварыла надзвычай рамантычны і кранальны вобраз. Жэст галасістага Дзеда Мароза з Верамееўкі, Сяргея Пагібы (на здымку), калі ён адцягнуў штучную бараду, каб зручней было спяваць, выклі­каў выбух дружнага смеху. А як зрэагавала зала на танец пальмінскіх Сняжынак — Вольгі Жынь і Анастасіі Фёдаравай ці эратычныя закіды бычыхінскага «каўказца» Таццяны Жукавай! Ірына Раманюга з Верамееўкі справілася б і з драматычнай роляй — так праўдзіва сыграла выбітную 300-гадовую Бабу Ягу. Запомнілася і кожная з віраўлянскіх «бабуль», падкрэслена няўклюдных, але такіх абаяльных, прыбраных да свята (на здымку). elka-2
І ўсё ж найлепшымі ці не ва ўсіх этапах «Ёлкі-фэста» былі пальмінцы. Журы, у склад якога ўваходзілі супрацоўнікі цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна  і старшыня мясцовага сельвыканкама А.С. Бярозка, не размінулася ў думках з гледачамі і аддало пальму першынства «Крэатыву» (на здымку). Другое месца падзялілі віраўлянцы і бычыхінцы, на трэцім спынілі­ся верамееўцы. Аднак тамашні тандэм Дзеда Мароза і Снягуркі быў прызнаны лепшым, гэткія ж пары з Бычыхі і Пальмінкі падзялілі другое месца, а на трэцяй пазіцыі аказаліся віраўлянскія Дзед Мароз і Снягурка.elka-3
Шкада толькі аднаго: гэта свята, выдатна падрыхтаванае, вясёлае,  скончылася, а магчымасць папрысутнічаць на ім была толькі ў жыхароў Пальмінкі. На будучы год яно з поспехам магло б прайсці, няхай бы не як конкурс, а як паказальныя выступленні, і ў іншых установах культуры. «Ёлка-фэст» не надакучыць!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *