Таццяна — светлая душою

Актуальное

  Знаёмцеся: на здымку — Таццяна Сцепулёнак, кантралёр РВУ «Гарадокрайгаз». У нядзелю яна і ўсе ейныя цёзкі будуць атрымліваць віншаванні з нагоды дня іх нябеснай апякункі. Дарэчы, 25 студзеня адзначаецца і як дзень студэнтаў, а наша гераіня ўвабрала рысы, уласцівыя сапраўднай маладосці, якой павінны быць прасякнуты дух студэнцтва. Камунікабельная, але не пустаслоўная, з моцным стрыжанем, але жаноцкая, усмешлівая і сур’ёзная, разумная і прыгожая адначасова, гэта дзяўчына прыцягвае да сябе людзей сваёй энергічнасцю і жыццялюбствам.taccana
За плячыма Таццяны — вучоба ў СШ № 1 г. Гарадка, Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і дзве вышэйшыя адукацыі, інжынера і педагога, атрыманыя ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце.
— Так, вучыцца люблю, — звыкла ўсміхаецца субяседніца. — І працаваць люблю. Была выкладчыкам у каледжы, які калісьці скончыла, чацвёрты год працую у нашым райгазе. Кожную раніцу з настроем спяшаюся на работу, у мяне тут, акрамя асноўных абавязкаў, грамадская нагрузка ідэолага і старшыні цэхавага камітэта ці прафсаюзнага лідара. Увесь час — з людзьмі, сярод людзей, і я цаню, што маю магчымасць зносін з імі, калегамі і абанентамі. Асноўнае правіла: не грубіць, не хаміць, мы самі ствараем сабе настрой сваімі ж паводзінамі.
Любімае месца Таццяны ў родным Гарадку — Вераб’ёвы горы. Тут яна катаецца на сваім горным веласіпедзе, улетку — купаецца ў возеры. З нецярплівасцю чакае, калі адкрыецца басейн. Захапляецца чытаннем гістарычных дэтэктываў Барыса Акуніна, музыку слухае па настрою — ад Бетховена да хард-рока. Дзяўчына лёгка спрабуе сябе ў розных выявах — два гады выступала ў абласным галіновым конкурсе прыгажунь, падчас віншаванняў дзетак супрацоўнікаў райгаза была Снягуркай…
Асабістае шчасце Таццяны складае муж Яўген. З ім яны сыходзяцца ў галоўнай думцы: сям’я — самае дарагое, што ёсць у чалавека, а ў аснове адносін мужа і жонкі павінен быць давер, клопат адзін аб адным. Надзейны тыл дапамагае вытрываць усякія жыццёвыя непрыемнасці і выпрабаванні, а ў тыле Тані — і любімая бабуля, і маці, і сястра, і сяброўкі з дзяцінства.
— Ведаеце, калі б мне прапанавалі вярнуцца ў мінулае і нешта паправіць, перайначыць, я б не стала гэтага рабіць, — сцвярджае яна. — Я ўпэўнена, што кожны павінен прайсці наканаваны шлях, атрымаць свае жыццёвыя ўрокі, зрабіць з іх высновы і ісці далей. Не зацыклівайцеся на сумным, выпрамляйце спіну, падымайце галаву, распраўляйце крылы — і рушце наперад! Заўтрашні дзень абавязкова будзе лепшым за ўчарашні!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *