Ты — мая Надзея

Актуальное

  Блакітная хата непадалёк ад аўтатрасы ў в. Зарніца сонечным зімовым днём так кідалася ў вочы, што мне не сцярпелася даведацца, хто ж жыве ў такой прыгажосці? Бялюткі снег ухутаў гародчык і садок, схаваў пад сваім покрывам гаспадарчыя пабудовы — а іх тут багата. Відаць, гаспадарка трывалая. Ля калодзежа і на двары было расчышчана, на арэлях, уладкаваных на яблыні, гушкалася дзяўчына. nadya
— Заходзьце, — ніколькі не здзівіўшыся, шчыра запрасіла ў хатняе цяпло жанчына, як аказалася, дачка гаспадара, Вольга Аляксандраўна. — На двары — мая малодшая дачка Ніна, яна ў нас, на жаль, інвалід. Знаёмцеся: мой бацька, Аляксандр Нікіфаравіч. Чацвёрты год, пераехаўшы з Гарадка, я яго даглядаю.
Мужчына нібы чакаў гасцей: у зграбным світары, паголены, свежа пастрыжаны. Сумеўся, што пасля перанесенага інсульта кепска размаўляе, але за яго залапатала малое сонейка, што выбегла з другога пакоя.
— Я Надзя, — прадставілася чарнавокая дзяўчынка. — Мне чатыры гадкі. Мы з бабуляй былі ў лесе, пойдзем дапамагаць нам цацкі на ёлку вешаць (знаёмства адбылося перад Новым годам).
Дзіцячая непасрэднасць не магла не выклікаць усмешку. І сасновыя лапкі, сабраныя ў букет, і распачатае вязанне, і смачны пах ежы гаварылі самі за сябе: у гэтым доме ёсць месца клопату адзін аб адным, працавітасці, традыцыям, якія аб’ядноўваюць пад адным дахам чатыры пакаленні. Здавалася б: нічога выбітнага не здарылася, жывуць сабе звычайныя людзі, магчыма, і няпроста ім жывецца, не хапаюць зорак з неба. Але чамусьці зрабілася радасна. За тое, што не кідаюць адзін аднаго, мацуюцца, за тое, што ёсць у іх Надзея — і ў прамым, і пераносным сэнсе. Няхай бы ў кожнага была такая блакітная хата пад блакітным небам — сімвал спакою і шчасця!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Вольга Аўсяннікава з унучкай Надзяй.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *