Улюбляйцеся ў сваю зямлю!

Актуальное Культура

  У раённым краязнаўчым музеі адкрылася новая выстава. На ёй прадстаўлены 25 жывапісных палотнаў гарадакчаніна Віктара Андрэевіча Фірскова. «Дыялог з прыродай» (менавіта такую назву мае выстава) ён вёў не на чужыне, на Гарадоччыне. Аднак, разглядаючы карціны, дзіву даешся: няўжо такая прыгажосць існуе з намі побач? Мабыць, не кожны, а толькі чалавек з тонкай душэўнай арганізацыяй, мастак, пацалаваны Богам, можа так убачыць, укласці ў свой пэндзаль усё замілаванне роднымі краявідамі і падзяліцца ім з людзьмі: «Глядзіце, любуйцеся, улюбляйцеся ў сваю зямлю, шануйце яе…» muzey
— Работы Віктара Андрэевіча можна назваць рэалістычнымі лірыка-сузіральнымі пейзажамі, — зазначае мастак музея Ала Гваздзёва (на здымку). — Аўтар скрупулёзны ў адлюстраванні рэчаіснасці. Таму кара дрэў, аблокі на небе і ў вадзе, цені на снезе, німбы дрэў у шэрані, пажухлая трава ў яго выкананні такія пазнавальныя, свае.
Карэспандэнту застаецца дадаць: глядзіш — і хочацца глядзець, разглядаць, бо на душы адначасова шчыміць і святлее. Здаецца, вось-вось адчуеш пах вясновай вільгаці, сенажаці ці бору, вернешся ў дарагі, але чамусьці забыты час… Вось «У месяцавым ззянні. Жнівень», «Першая адліга», «Сосны» — усё знаёмае, але адначасова казачнае. Таму што памножанае на пачуцці аўтара.
Праз прызму свайго ўспрымання мастак падае нам родныя краявіды ў розныя поры года, ад вясны да зімы. Ля кожнай карціны хочацца пастаяць, прыгадаць, памарыць. У цяперашні мітуслівы час такая выстава — падстава прыпыніц­ца і наталіцца прыгажосцю. «Дыялог з прыродай» у музеі можна будзе весці на працягу ўсёй зімы — завітайце!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *