Візіт пашаны да ветэрана

Актуальное

  Новы, 2015 год, стане годам святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, і раённая ветэранская арганізацыя лічыць сваім абавязкам агарнуць увагай кожнага ўдзельніка вайны. Па звестках старшыні райсавета ветэранаў Ж.М. Паметнікавай, з 73 чалавек, што пражываюць на Гарадоччыне і прыраўнены да ўдзельнікаў вайны, у жывых засталося толькі 47 ветэранаў, непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў. Да аднаго з іх, Анастасіі Андрэеўны Логінавай, мы завіталі павіншаваць яе з 90-гадовым юбілеем.veteran
Прыняўшы кветкі і віншаванні ад Жанны Макараўны і загадчыцы аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі інвалідаў ТЦСАН Н.М. Карніловіч, Анастасія Андрэеўна адразу звярнулася да фотаздымка свайго мужа:
— Бачыш, Данілавіч, я і да 90 дажыла, а ты рана пайшоў з жыцця, у 55. Так многа радасцяў не паспеў падзяліць з сям’ёй…
А ў ёй — двое сыноў, сямёра ўнукаў, дванаццаць праўнукаў. Працалюбівыя, прыгожыя, яны клапоцяцца аб сваёй любімай мудрай маці і бабулі, шануюць яе гады, яе подзвіг, здзейснены ў вайну. Яшчэ б: такая маладая трапіла на фронт…
Пра вайну жанчына ўсё памятае, але гаварыць не стала: цяжка. Пасля вызвалення Гарадка трапіла ў армію, была байцом 377-й асобнай роты сувязі ў складзе 375-й стралковай дывызіі 811-га палка сувязі. З баямі прайшла ўсю Беларусь, а дэмабілізаваная была па прычыне цяжкога захворвання.
— Ці страшна было на фронце? Не, я салдатам была, а салдату нічога не страшна, — мужна сцвярджае Анастасія Андрэеўна. — Да таго ж, за час акупацыі да многага прывыкла. Бялізну палашчу на сажалцы — а за нашым гародам снарады рвуцца. Памятаю, як гарэў лесапільны завод у Смалоўцы, як, здавалася, пераварочвалася хата ў Вярэччы, у якой мы хаваліся ад артабстрэлу. Раніцай вакол 12 варонак налічылі…
Лёс жа мужа, Васіля Данілавіча Шалыгі, яна лічыць куды больш драматычным за свой: восем месяцаў дзень у дзень у Вохцінскіх балотах пад Ленін­градам, дзе ён ваяваў, ішлі цяжкія баі. Аднойчы хлопец прылёг за зручную купіну, а там — міна. Разарвалася. Адарвала паўступні. Ратуючы маладое жыццё, урачы адразалі нагу 11 разоў, аж вышэй за калена.
— Ды ён не здаваўся. Доўга па шпіталях пакутаваў, а вярнуўся дадому — я без роздуму за яго пайшла. Працаві­ты быў. Прымацуе пратэз — і косіць. І я нароўні з ім. Плуг наладзіць — дык я за плугам. Жылі ў Філімонаве, пазней ужо ў Вялікім Кашо. Трымалі карову, цялушку, авечак. Я працавала заатэхнікам, а пасля — даяркай. Такая шпаркая была, спрытная. Наш брыгадзір гаварыў: «Мне замест двух Аляксандраў адну Насцю дайце!»
Анастасія Андрэеўна не паддаецца старасці, на прапановы замацаваць за ёй сацыяльнага работніка аджартоўваецца: «Я сама яшчэ магу каго-небудзь абслужыць». У кватэрцы, што ў Доме для ветэранаў, чысценька і ўтульна. Гасцям прапанавала варэнне, што варыць сама, яблычнае, чарнічнае, сунічнае — на выбар. Вельмі любіць корпацца ў зямлі:
— Дзеткі, за родную зямліцу нічога лепшага няма! Летам на поле выйдзеш — прыгажосць, прастора, дыхаць лёгка. Зямля — карміцелька наша, не кідайце яе. І запомніце мой жыццёвы дэвіз: жыць, не спыняцца!
А яшчэ ў Андрэеўны добры голас, гучны і зусім не стары, нездарма падчас сустрэч ветэранаў яе просяць што-небудзь выканаць. Для нас яна спела з рускага народнага пра «Сеньку Разіна» і пра капітана з-пад Сталін­града — гэткі франтавы фальклор. Маленькая, сівая да бялюткасці, але паваротлівая, развітваючыся, бабуля Насця запрасіла:
— Вы заходзьце часцей, тут жа блізка!
Шчыра, як ад роднага чалавека, прагучала гэта запрашэнне. Дзякуй Вам, дарагая Анастасія Андрэеўна, маленькі салдат Вялікай вайны, зграбная сельская працаўніца, цярплівая беларуская жанчына. З якой годнасцю Вы перанеслі ўсе нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні! Ні сэрца, ні рукі вашы не агрубелі — ёсць чаму павучыцца. Здароўя, доўгага веку і будзьце шчаслівая!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: А.А. Логі­наву віншуе Ж.М. Паметнікава.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *