Хрысціўся — нанова нарадзіўся

Актуальное

  Мнагалюдна было ў царквах Гарадоччыны 19 студзеня, у двунадзесятае праваслаўнае свята Хрышчэння. Служба, што праводзілася ў храме Святой Жываначальнай Троіцы ў Гарадку, транслявалася з дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры нават на вуліцу. У прыхаджан быў прыўзняты настрой, і ўсе імкнуліся набраць свянцонай вады — у слоікі, бутэлькі, нават вядзерцы. Жывы калідор з жанчын, мужчын, дзяцей расцягнуўся ці не на сотню метраў ад царквы. Акропленыя святой вадой, людзі радасна ўсміхаліся і віншавалі адзін аднаго.kreschenie
Але найперш вернікі ўспаміналі пра далёкі дзень, калі Ісус Хрыстос хрысціўся ў Іардане, і Айцец Нябесны выявіў сябе голасам з неба, а Святы Дух з’явіўся ў выглядзе белага голуба. У гонар гэтай падзеі свята называецца Богаяўленнем.
Пасля Вялікадня свята Богаяўлення, разам з Нараджэннем Хрыстовым i Пяцiдзясятнiцай, — адно з трох самых значных у хрысцiянстве святаў. Царква здзяйсняе вялікае асвячэнне вады — з асаблівай урачыстасцю і выключна напярэдадні свята, 18 студзеня, і ў самы дзень свята (у адрозненне ад малога водаасвячэння, якое адбываецца некалькі разоў на год). Вада асвячаецца і ў спецыяльных напоўненых ёмістасцях, і ў рэках, крыні­цах, калодзежах, куды накіроўваецца хросны ход, які называюць «ходам на Іардань».
Святары храмаў, што дзейнічаюць на Гарадоччыне, не затрымаліся толькі ў тых населеных пунктах, дзе ёсць цэрквы, — асвяцілі ваду і вадаёмы нават у аддаленых вёсках. У шэрагу з іх былі ўладкаваны іардані ці купелі. Апошнім часам усё большую папулярнасць набывае акунанне ў іх. Ля выразаных у ільдзе крыжах збіраюцца проста працоўнымі калектывамі, як, напрыклад, пажарныя ў Прудку ці вайскоўцы на тэрыторыі сваёй часці.
Хросным ходам гарадоцкія вернікі прайшлі да святога вытока ў гонар іконы Божай Маці «Жываносная крыніца», што на вул. Карла Маркса. Незадоўга да свята там была рэканструявана купель, добраўпарадкавана і агароджана тэрыторыя, для азнаямлення прыведзены правілы паводзін у святым месцы.kreschenie-1
Даніну традыцыі «змываць грахі» 19 студзеня і ў наступныя дні аддалі многія, дзякуючы за такую магчымасць і адзначаючы, як ба­дзёрыць празрыстая праточная вада, як прыемна — свежым дрэвам — пахне збудаванне. Пера­сільваючы пэўны страх і холад, прачытаўшы малітву і перахрысціўшыся, смельчакі з галавой акуналіся ў купель — тройчы, раз за разам.kreschenie-2
— Як добра! — выдыхнуў  хлопец Андрэй (на здымку). — Упершыню паспрабаваў акунуцца ў святую крыніцу гэтым летам. Здаецца, было больш дыскамфортна, таму што цела было разагрэтае спякотай, а зараз, пасля «воднай працэдуры» аж агеньчыкі па целе бегаюць.
Прыкладна тое ж сцвярджалі і іншыя купаль­шчыкі. Адна з жанчын расказала, што купанне на Вадохрышча стала для яе традыцыяй, і яна ўпэўнена, што менавіта яно дапамагае ёй пад­трымліваць здароўе. Хаця яе ўрач неадабральна ставіцца да стрэсу, які перажывае арганізм пры пагружэнні ў ледзяную ваду. Дарэчы, святары ніколі не настойвалі на купанні ў іардані, людзі робяць гэта па сваёй волі.
— Святая крыніца на крутым узбярэжжы Гара­джанкі — месца ўсіх жыхароў Гарадка, і даглядаць яго трэба саборна, — звярнуўся да прыхаджан іерэй Уладзімір Дагодзька. — Калі заўважыце на гэтым месцы нешта дрэннае, не праходзьце міма, умяшайцеся самі ці патэлефануйце. Убачыце смецце — падбярыце. Гасподзь і Маці Божая нават за гэту малую працу аддзячаць вас, бо святое месца павінна ўтрымлівацца ў чысціні і парадку. Калі не мы будзем глядзець — то хто? Паведаміце ўсім сваім блізкім, што тут можна і вады святой папіць, і пакупацца — з малітвай і верай.
Дарэчы, ключ ад купелі будзе захоўвацца ў Свята-Троіцкім храме. Дамовіўшыся з бацюшкам, можна  будзе акунуцца ў яе на працягу года.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: хросны ход на іардань;
  вадохрышча ў храме Святой Жываначальнай Троіцы.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *