21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Актуальное Образование

  Васьмікласніца СШ № 1 г. Гарадка Каця Томашава (на здымку) стала суразмоўцай карэспандэнта на тэму роднай мовы невыпадкова. Дзяўчына сапраўды захапляецца ёю. Апрача твораў, якія прапаноўвае школьная праграма, чытае кнігі сучасных беларускіх аўтараў. У гэтым навучальным годзе заняла трэцяе месца на абласной прадметнай алімпіядзе па беларускай мове, прычым выконвала заданне, прапанаванае дзевяцікласнікам.Tomashava

  Кацю вылучае памяркоўнасць і ўласцівая хіба што толькі юным беларускам спагада. Яна сціпла аднесла свае поспехі ў вочобе добрай ад прыроды памяці. І любоў да мовы ў яе — крэўная, ад бабулі, якая ведала яе натуральна, ад нараджэння, і мамы, школьнай выдатніцы.
— Сваю мову трэба адчуваць, — прыйшла да высновы Каця. — Услухайцеся, якая яна мілагучная, трапная, выразная. Іншы раз, калі чуеш беларускую гаворку, важны не толькі яе змест, а мелодыка, што ўтвараецца вымаўленнем слоўка за слоўкам. Загіне мова — загіне народ. Не, вядома, людзі жыць застануцца, але страцяць сваю спадчыну, самабытнасць, стануць зневажаць сваю гісторыю і традыцыі. Я гэтага не хачу.
Сапраўды, ці можна адмесці, як быццам ніколі іх і не было, 35 тысяч год гісторыі нашых земляў? Забыцца на тое, што галоўны Статут Вялікага Княства Літоўскага быў напісаны на старабеларускай мове? Што славянскі першадрукар Францыск Скарына — сын старажытнага Полацка? Нашы продкі і ў цяжкія часы паланізацыі ў складзе Рэчы Паспалітай, русіфікацыі ў складзе Расійскай імперыі, уціску з боку Савецкай улады захавалі для нас, нашчадкаў, роднае слова. Дзіўна, што мы не цэнім скарб, які маем, нават не лічым яго за каштоўнасць.
На шчасце, ёсць улюбёныя ў гэтае багацце настаўнікі, гатовыя дзяліцца сваімі набыткамі з вучнямі. Пашанцавала Каці з адным з такіх педагогаў, І.М. Салевіч. Кожны ўрок літаратуры, што яна вядзе, — цэлае падарожжа, якое ў кожнага выклікае свае пачуцці і запамінаецца пэўнымі ўражаннямі. Застацца абыякавымі дзеці не могуць. Пэўна, прыклад Ірыны Міхайлаўны натхніў маю субяседніцу на пажаданне стаць беларускім філолагам.
— Мне падаецца, што падштурхнуць да больш пільнай увагі да сваёй мовы магло б яе ўжыванне аўтарытэтнымі, медыйнымі людзьмі, — разважае Каця. — Чаму б афіцыйным асобам віншаванні са святамі на беларускай мове не ўзяць за правіла? Людзі ж зразумеюць — няма беларуса, які б не разумеў сваёй мовы. Іншая справа, што мы не размаўляем на ёй. Мне падаецца правільным і нястрашным плануемае выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі на беларускай мове. Магчыма, напачатку будзе складана пераадолець псіхалагічны бар’ер, але школьнікі будуць мець большую моўную практыку, што паспрыяе ўпэўненасці ў сабе.
У асяродку Кацярыны ёсць аднадумцы, адной з іх дзяўчына лічыць лепшую сяброўку Сцефаніду Каўрыга, таксама прыхільніцу роднай мовы і літаратуры. Дзяўчаты робяць спробы пісаць прозу і вершы. У алімпіядныя дні Каці, па яе ж прызнанню, пашчасціла пабачыць мноства дзяўчат і хлопцаў, якія не цураюцца размаўляць па-беларуску. Магчыма яны, маладыя, разумныя, здольныя, стануць злучным звяном паміж захавальнікамі спрадвечнай мовы з народнай глыбінкі і сучаснымі інтэлегентамі-асветнікамі, намаганнямі якіх мова перадаецца прадстаўнікам наступных пакаленняў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.                 Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *