«Афганцам» — з падзякай ад землякоў

Актуальное

  Дваццаць шэсць год таму 15 лютага апошнія савецкія салдаты пакінулі афганскую зямлю. Тыя, хто там былі, свой абавязак выконвалі сумленна, адчувалі сябе сапраўднымі ваеннымі. Аб гэтым гаварыў старшыня РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.Б. Камышоў ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам 14 лютага. Afgan
«Афганцы», прадстаўнікі грамадскасці і навучальных калектываў г. Гарадка прыйшлі сюды, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых у той вайне, ускласці кветкі, аддаць даніну павагі тым, хто, прайшоўшы праз гарніла падзей 1979-1989 гадоў у далёкай краіне, і зараз застаецца ў страі.
Стрыманы настрой, якім заўсёды адзначаюцца такія сустрэчы, задавалі самі «афганцы». Чырвоныя гваздзікі — у пару, знакава, — у іх руках нагадвалі, што і праз гады скруха па ахварях іх баявых таварышаў нязбыўная, што перажытае дагэтуль баліць у іх сэрцах.
— Мы прасякнуты пачуццём гонару за тых, хто дзеля захавання міру і бяспекі нашай краіны ваяваў у Афганістане, — звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, сказаў раённы ваенны камісар Д.В. Багумірскі. — Ваш подзвіг ніколі не будзе забыты. Для падрастаючых пакаленняў ён з’яўляецца прыкладам мужнасці і гераізму, адданасці свайму абавязку і Айчыне.
З вітальным словам да воінаў-інтэрнацыяналістаў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова, пажадаўшы ім здароўя, міру ў сем’ях і на роднай зямлі, дзеля дабрабыту якой яны і сёння працуюць, ствараюць, жывуць. Надзея Аляксандраўна падзякавала ім за патрыятычнае выхаванне моладзі на ўласных прыкладах.
Урокам мужнасці стала сустрэча з «афганцамі» для навучэнцаў ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, на якую хлопцы традыцыйна прыйшлі на чале са сваім дырэктарам В.А. Паповым. Не засталіся ў баку прадстаўнікі з ліку навучэнцаў і педагогаў ГДАТК, захоплена глядзелі на сённяшніх мужчын у штацкім, абветраных афганскімі падзеямі, трэццякласнікі СШ № 1 г. Гарадка.
— Усё пачутае дзецьмі на мерапрыемстве западзе ім у душу і памяць, — упэўнена іх класны кіраўнік Г.В. Шчарбакова. — Яны на свае вочы пабачылі герояў, прасякнуліся шчырымі словамі выступленняў, паглядзелі прэзентацыю, у якой адлюстравалася праўда той вайны, пачулі суровыя і праўдзівыя песні аб стратах і марах на ёй. На пальцах такое на патлумачыш…
Не толькі горыч, але і сённяшні светлы дзень сталі тэмай канцэрта, падрыхтаванага супрацоўнікамі і творчымі калектывамі Дома культуры. Ім удалося спалучыць горыч і свята, зрабіць творчы падарунак «афганцам» — з удзячнасцю і павагай ад усіх землякоў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: падчас святочнага мерапрыемства.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *