Аляксандр Якаўлеў — можа!

Актуальное Культура Это интересно

  Дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання Гарадоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Якаўлева гарадакчане найперш ведаюць як мясцовага артыста. Ён танцуе ў народным ансамблі «Яблынька», спявае, чытае жартоўныя вершы і маналогі, удзельнічаў у народным драматычным тэатры і народным тэатры мініяцюр «Фанограф» Гарадоцкага ГДК. Цяпер Аляксандр адважыўся на чарговы сур’ёзны крок: прайшоўшы кастынг, стаў паўфіналістам народнага тэлевізійнага шоу «Я магу!», што праводзіць Белтэлерадыёкампанія і тэлеканал «Беларусь 1».yakovlev
Падчас кастынгу арганізатары прагледзелі каля 700 нумароў па ўсёй краіне, адабралі 120 лепшых з іх. Здымкі тэлеверсіі праходзілі ў Палацы спорту ў Мінску.
— Гэта незабыўныя ўражанні, — дзеліцца Аляксандр. — Упершыню давялося ўбачыць закуліссе такога маштабнага праекта. Цікава было ўсё: грыміравацца, удзельнічаць у рэпетыцыях і здымках, назіраць за майстарскай работай знакамітага рэжысёра-пастаноўшчыка Глеба Шапо, прыслухоўвацца да парад вядомага шоумена Дзяніса Дудзінскага, прымаць кампліменты ад тэлевядучых Святланы Бароўскай і Ганны Бонд, драматурга Аляксея Дударава…
Прафесіяналы шукалі звычайных лю­дзей, адметных сваёй харызматычнасцю, якія маюць творчыя здольнасці, і захацелі самарэалізавацца, здзівіць, парадаваць гледачоў.
Адны з іх спяваюць, другія — танцуюць, паказваюць цыркавыя нумары, выступаюць у арыгінальных жанрах. Аляксандр будзе выступаць у размоўным жанры, чытаць жартоўнае: верш Алеся Ставера «Дзе прычына даўгалецця?» і байку Змітра Бяспалага «У Пінску, як у Мінску».
Жарты сапраўды ўдаюцца нашаму артысту, які мае каларытную знешнасць сапраўднага беларуса і найбольш арганічна выглядае як свойскі, просты хлопец з народнай глыбінкі. Так быў выхаваны: бацька, Аляксандр Якаўлевіч, іграў на гармоніку, маці, Таццяна Патапаўна, добра спявала. Яшчэ малы, Саша падпяваў тэлевізару, калі там паказвалі канцэрты. З усмешкай ён успомніў, як дзіцём заўзята скокаў на чужым вяселлі, і гарманіст ласкава выцер яму пот з ілба крысом сваёй сарочкі — «ад сурокаў». Аляксандр і сам скончыў музычную школу па класу баяна, танцаваў яшчэ ў малодшай групе «Яблынькі», сталеў у гэтым калектыве. Першыя крокі ў якасці акцёра зрабіў у школьным драмгуртку, якім кіравала М.І. Верціхоўская. Пасля вучобы ў Віцебскім электратэхнікуме сувязі і службы ў арміі, вярнуўшыся ў родны Гарадок, прыйшоў у самадзейнасць, у тэатральныя калектывы да В.У. Каўрыгі. Назаўсёды ў ягонай памяці — ролі ў «Прапанове» А. Чэхава, «Конскім партрэце» Л. Радзевіча, у шматлікіх мініяцюрах «Фанографа».
Вынікова выступае Аляксандр у аглядах-конкурсах самадзейнай творчасці сярод работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Так, у 2012 і 2013 гадах займаў першыя ў рэспубліцы месцы ў намінацыі «Мастацкае слова», у 2012-м у пары з Анастасіяй Голубевай яны перамаглі ў намінацыі «Харэаграфія». На многае здольны наш творчы зямляк!
Першы з дванаццаці запланаваных выпуск шоу «Я магу!» адбыўся на тэлеканале «Беларусь 1» 31 студзеня. З дзесяткі канкурсантаў аднаго пераможцу абрала прафесійнае журы, другога — тэлегледачы. Такім жа чынам будуць абраны яшчэ 22 паўфіналісты. А. Якаўлеў будзе выступаць па тэлебачанні 21 лютага, не ўпусціце магчымасці паглядзець ягонае выступленне. Забягаючы наперад, варта сказаць, што падчас здымак кампетэнтнае журы ўжо абрала Аляксандра фіналістам. Фінал вялікага шоу выйдзе ў прамы эфір 25 красавіка, і яго пераможцу сваім галасаваннем абяруць тэлегледачы. Галасуйце за Аляксандра — гэта дадасць яму шанцаў на перамогу!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
  На здымку: А. Якаўлеў з дыпломам паўфіналіста гэтага праекта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *