«Снежныя» клопаты камунальнікаў

Актуальное

  Уборка вуліц ад снегу — адзін з асноўных клопатаў камунальнікаў у зімовы час. А палове пятай раніцы пачынаецца працоўны дзень у тых, хто заняты непасрэдна на расчыстцы ды падсыпцы праезнай і пешаходнай частак. Трэба паспець, пакуль людзям ісці-ехаць на работу, стварыць спрыяльныя ўмовы для іх перасоўвання.
  На абслугоўванні Гарадоцкага прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак толькі ў Гарадку — 69 вуліц і перавулкаў агульнай працягласцю 89 км. Прыкладна 30 км тратуараў таксама належыць даглядаць камунальнікам.ilyushenko
Яшчэ на досвітку спяшаюцца яны расчысціць найперш аўтобусныя прыпынкі, пешаходныя пераходы, цэнтральныя — самыя мнагалюдныя — вуліцы горада. Штодня на гэтым участку працуе 12 адзінак тэхнікі — трактары з прычапным абсталяваннем, пагрузчык «Амкадар», на МАЗ прыладкавана пяскараскідвальная ўстаноўка… Згрувашчаны снег вывозіцца на спецыяльную пляцоўку — з наступленнем цяпла ў гора­дзе будзе менш вільгаці і бруду. Машыны і агрэгаты былі падрыхтаваны да зімовага сезона загадзя, для падсыпкі дарог з восені было назапашана 250 тон пясчана-салянай сумесі, нарыхтоўка пяску працягваецца і ўзімку.
Але, вядома, без людзей ніякая тэхніка не працуе, таму намеснік дырэктара прадпрыемства І.В. Казакова на працягу нашай размовы неаднаразова вярталася да таго, як важна, што, працуючы за невялікую заработную плату, рабочыя, занятыя на добраўпарадкаванні, адказна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. Пакуль не выканаюць усе запланаваныя аб’ёмы работ і заяўкі, што паступілі на працягу дня, не кідаюць працаваць, а праца ў іх — фізічна цяжкая, якую трэба выконваць у любых умовах надвор’я. На ўвесь горад на добраўпарадкаванні вуліц заняты ўсяго чатыры чалавекі ды брыгада А. Захаравай у 10 чалавек — на ўборцы прыпынкаў, тратуараў, пешаходных зон, плошчы, паркаў. Хоць рэжым работы здараецца ледзь не аўральны, дадаткова рабочых не набіраюць.
Вельмі важна мець поплеч людзей, на якіх можна разлічваць, лічыць Ірына Віктараўна, прыводзячы да прыкладу Мікалая Ільюшэнку (на здымку):
— Безадмоўны хлопец, малады, адказны. Працуе нядаўна, але мы рады, што ёсць такі добры памочнік. Трэба — і сярод ночы на работу выйдзе. Яго абавязак — расчыстка тратуараў, дапамога ў дварах, дзе вялікаму трактару, бывае, не павярнуцца.
Дарэчы, двары — асобны ўчастак работы камунальнікаў і, адпаведна, асобная тэма гаворкі. Іх уборка — клопат трох жыллёва-эксплуатацыйных участкаў. З рання трэба расчысціць падыходы да пад’ездаў. Пазней, калі са стаянак ля дамоў параз’едуцца машыны, надыходзіць чарга месцаў гэтых стаянак, дарожак у дварах. З-за сціснутасці і наяўнасці прыпаркаваных машын уборку выконваць бывае нязручна. Нервуе такое становішча спраў і жыльцоў, і эксплуатуючую арганізацыю. На пытанне журналіста, ці бывае, каб за лапаты ўзяліся самі жыльцы, І.В. Казакова адказвае:
— Вельмі рэдка. Калі і ёсць такія факты — дзе-небудзь у двух-трохпавярховых дамах, дзе жыльцы суседнічаюць і даўно ведаюць адзін аднаго. Прасцей жа патэлефанаваць ды на павышаных танах патрабаваць зручнасцяў ад ГПКіЦС. Але мы адначасова ва ўсіх месцах з’явіцца не можам. Вядома, дваровым тэрыторыям і прыватнаму сектару надаецца другасная ўвага ў параўнанні з тымі вуліцамі, дзе найбольш актыўны пешаходны і аўтамабільны рух.
Звярнула Ірына Віктараўна ўвагу на тое, што ў моцныя снегапады па правілах уборку снегу праводзяць не ў той час, калі ападкі яшчэ ідуць, а пасля іх заканчэння і на працягу адных-двух сутак. У гэтыя нарматывы камунальнікі заўсёды ўкладваюцца. Засяродзіла субяседніца ўвагу і на тым, што сярод агароджаў ды пабудовак у прыватным сектары бывае цяжка арыентавацца, таму, каб не пашкодзіць іх, трактарысты не прыступаюць да работы, пакуль добра не развіднее. Здараецца, адна кінутая на вузкай вулічцы легкавушка на гадзі­ны тармозіць усю ўборку.
Выходзіць, расчысціўшы дарожку да свайго пад’езда, месца, дзе ставім сваю машыну, і вакол яго, думаючы, дзе і як паркуемся, нават у барацьбу са снегам мы таксама можам уносіць сваю лепту.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *