Як жывецца ў садочку?

Актуальное Образование

  Яшчэ летась, у аб’яўлены Годам гасціннасці 2014-ы, у дзіцячых садках Гарадоччыны сталі праводзіцца дні адкрытых дзвярэй. Такім чынам выхавальнікі трымалі справаздачу перад сваімі калегамі аб арганізацыі навучальнага працэсу, побыце давераных ім дзетак. Самі ж хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся шчыра і ветліва прымаць гасцей. Карэспандэнта «раёнкі» разам з бацькамі, спецыялістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, загадчыкамі і выхавальнікамі садкоў са ўсяго раёна запрасілі ў ДУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка» паглядзець, як жывецца ў садочку.

  Нічога не хаваючы, гасцей правялі па ўсіх групах, кожная з іх была прыгатавана да агляду. Выхавальнікі і выхаванцы расказалі і паказалі, дзе яны спяць і абедаюць, займаюцца і гуляюць. На дзіва багатымі на розныя куточкі аказаліся, здавалася б, невялікія плошчы груп. Тут знайшлося месца для гаражоў і кнігарняў, зацішкаў, адкуль можна «патэлефанаваць» маме і дзе зручна скласці канструктар, вырасціць цыбульку ці пагуляць у лялькі. sadik
Выдатнае адкрытае мерапрыемства «Сямейны час» было падрыхтавана В.В. Яцуткай у старэйшай групе. Дзеці праз вершы, песні, адказы на пытанні выхавальніка распавядалі і разважалі аб сямейных каштоўнасцях. Вельмі кранальным быў іх танец з лампадкамі. Такім жа маленькім і безабаронным, як агеньчыкі ў іх, стане дзіця, калі не акружыць яго клопатам, любоўю, дабрынёй. Нездарма вільгатнелі ад замілавання вочы гледачоў, тат і мам, якім даверліва — з маленькіх далоняў у вялікія — былі перададзены гэтыя агеньчыкі (на здымку).
У фізкультурнай зале была арганізавана выстава матэрыялаў перадавога педагагічнага вопыту. Мультымедыйную прэзентацыю работы сваёй дашкольнай установы правялі загадчыца садка Н.П. Петрачэнка і яе намеснік па асноўнай дзейнасці Т.М. Шалудкевіч. Яны расказалі гасцям аб умовах, створаных у садку для развіцця выхаванцаў, накірунках дзейнасці сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, дасягненнях, мэтах і задачах. Быў агучаны выдатны дэвіз: «Добры дзіцячы садок — не вынік, а стан».sadik-1
Самай відовішчнай часткай дня адкрытых дзвярэй стала тэатралізаванае прадстаўленне «Як Прынцэса прафесію выбірала». Непрыстасаваная да жыцця Прынцэса, ролю якой выдатна выканала настаўнік-дэфектолаг Алена Бабурова, закапрызнічала перад Каралём (кіраўнік фізічнага выхавання Ірына Жаркая), што хоча працаваць у садку. Гэта падалося ёй справай надзвычай лёгкай. Кім толькі яна на бралася быць — выхавальнікам, музычным кіраўніком, нават загадчыцай! Аказалася, для выканання любой з гэтых місій трэба мець і падрыхтоўку, і веды, і вялізную любоў да дзяцей. А яны — таленавітыя, спартыўныя, вынаходлівыя — дапоўнілі сучасную казку сваімі выступленнямі: спявалі песенькі і прыпеўкі, танцавалі, аркестрам ігралі на шумавых інструментах, дэманстравалі сваю фізічную падрыхтоўку, веданне беларускай мовы і фальклору.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: фрагмент тэатралізаванага прадстаўлення.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *