Падзяліліся творчымі здабыткамі

Актуальное Культура

  Звычайна справаздачы — даволі занудлівая працэдура, але не ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра справаздачу калектываў Гарадоцкага гарадскога Дома культуры. Іх канцэрт адбыўся ў нядзелю, 22 сакавіка, на галоўнай сцэне раёна і сабраў поўную глядзельную залу аматараў самадзейнай творчасці, якія чакалі сустрэчы з любімымі артыстамі, знаёмстваў з новымі асобамі, добрага настрою.koncert

  Іх надзеі спраўдзіліся: у канцэрце, які доўжыўся больш за паўтары гадзіны і складаўся з некалькіх творчых блокаў, былі паказаны лепшыя здабыткі калектываў і выканаўцаў за апошні час. Сустрэча з вакальна-харавым калектывам «Кацюша» (хормайстар Таццяна Карусевіч, акампаніятар Вячаслаў Мурашкевіч), салістамі Валянцінай Пракоф’евай і Мікалаем Фаміным — нібы бальзам на душу гледачам «са стажам».
Думкі аб сваім, глыбінным, аб’яднанні са сваёй бацькаўшчынай і народам нараджаліся ад выступлення народнага ансамбля песні і танца «Яблынька» (мастацкі кіраўнік Дзіна Сцяпанава, балетмайстар Наталля Тарасава, акампаніятар Вячаслаў Мурашкевіч). Калектыў, у якім аднавілася харэаграфічная група, прадставіў новую вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Лявоніха» і замацаваў свой поспех, выканаўшы жыццясцвярджальную песню «Будзем жыць!»
Непадробны інтарэс выклікала выступленне фіналіста народнага тэлевізійнага шоу «Я магу!» Аляксандра Якаўлева, які пачытаў для землякоў тыя ж творы, што выконвае ў тэлепраекце. Тэатральны жанр быў прадстаўлены ігрой удзельнікаў народнага тэатра мініяцюр «Фанограф» (рэжысёр Вікторыя Рачкоўская).
Маладое пакаленне артыстаў папоўнілася салістамі вакальнай студыі «Радуга» (кіраўнік Ірына Пракапенка), якія апошнім часам сталі пераможцамі розных конкурсаў: Соф’яй Юрчыкавай, Ангелінай Мікалаевай, а таксама салістамі ГДК Алесяй Грыбалёвай, Дзмітрыем Латышавым, Аляксандрам Бязгінавым.
Захапленне чыталася ў вачах, што назіралі за адточанасцю рухаў студыі «Гармонія» (кіраўнік Таццяна Сіманковіч). Парныя спартыўна-бальныя танцы, адмысловыя касцюмы, якія дазваляюць дакрануцца да нейкага нетутэйшага свету, нязменна папулярныя ў гледачоў сваёй відовішчнасцю. Імпэтам і зладжанасцю рухаў радавалі і клікалі прытанцоўваць равеснікаў зразумелыя сучасныя танцы ўдзельнікаў «Флэша» (кіраўнік Яўгенія Тарасенка) і «Фарсажа» (Алеся Ляшчынская).
Летась, падчас рамонту Дома культуры, ён не мог дазволіць сабе раскошу зносінаў з гледачамі. Нягледзячы на рэпетыцыі ў прыстасаваных памяшканнях, ні культработнікі, ні ўдзельнікі самадзейнасці не згубілі адзін аднаго. А гарадакчане адпаведна не страцілі любімыя імі калектывы, радасную магчымасць зноў і зноў атрымліваць асалоду ад іх выступленняў. Новыя і больш адточаныя папярэднія творчыя здабыткі, што накапіліся на самой справе за два гады, напоўнілі вясновы вечар, прыемны — і для тых, хто выступаў, і для тых, хто апладзіраваў.
Саша СЯМЁНАВА.
На здымку: выступаюць маладыя артысты ГДК.
Фота Арцёма КАЗЛОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *