Рэжысёр Аляксандр Бязгінаў не ўяўляе сябе без тэатра

Актуальное Культура

  Тон тэатральнаму жыццю ў нашым горадзе задае карэнны гарадакчанін Аляксандр Бязгінаў (на здымку). Менавіта з ім, настаўнікам тэатральнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, рэжысёрам народнага драмтэатра Гарадоцкага ГДК, які стаў параможцам раённага спаборніцтва 2014 года на званне «Лепшы па прафесіі» ў намінацыі «Лепшы работнік культуры», мы сустрэліся напярэдадні Сусветнага дня тэатра.bezginov

  — Аматары тэатра  ў Гарадку ёсць! — сцвярджае Аляксандр. — Культурныя, адукаваныя людзі з развітай фантазіяй, якія прагнуць прыгожага, не могуць пакідаць па-за ўвагай цуда тэатра. Гэты від мастацтва даволі складаны і для ўвасаблення, і для разумення, але перавага аматарскага тэатра перад прафесійным заключаецца ў блізкасці натуральнай ігры акцёраў да неспакушанага гледача.
А. Бязгінаў пасля заканчэння Віцебскага дзяржкаледжа культуры і мастацтваў вучыўся ў Дзяржакадэміі тэатральнага мастацтва Санкт-Пецярбурга, шэсць год як затрымаўся на гарадоцкіх тэатральных падмостках. Жывы ў ягонай памяці першы спектакль «Сарочынскі кірмаш» па Н. Гогалю. Лепшай пастаноўкай на сёння лічыць «Памінальную малітву» па Г. Горыну. Дарэчы, дзве вучаніцы Аляксандра Уладзіміравіча з першага выпуска тэатральнага аддзялення ДШМ, якія былі заняты ў гэтым спектаклі, Марыя Юрэвіч і Ганна Якаўлева, свой далейшы лёс вырашылі звязаць са служэннем Мельпамене.
— Не ведаю, дзе б і кім яшчэ я мог бы працаваць, дзе б мог паўней самарэлізавацца, — прызнаецца субяседнік. — Нічога цікавейшага за тэатр няма ў свеце. З яго дапамогай мы з артыстамі падарожнічаем у часе і прасторы, перажываем пачуцці розных людзей. Сваім акцёрам я шчыра гавару, што яны — асаблівыя, не проста людзі з вуліцы. Так тонка арганізаваныя ў іх душы, такія адкрытыя яны свету. У кожным схаваны талент, які трэба прыкмеціць і дазволіць яму выпрастацца. Тэатр, у якім спалучаны розныя жанры мастацтва, узбагачае кругагляд, прымушае працаваць думку і душу.
Узбагацімся ж і мы, гледачы: 31 сакавіка ў актавай зале ДШМ адбудзецца адноўлены з новым складам трупы спектакль «Без Ягора будзе гора» па п’есе В. Ткачова, а ў красавіку ў Доме культуры пройдзе традыцыйны конкурс «Залатая маска». Сачыце за афішай і не лянуйцеся дакрануцца да чароўнага свету тэатра!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *