«Рухавікі» спадзяюцца на актывістаў

Актуальное

  Якія яны, тыя, хто стануць выпускнікамі сельскіх школ сёлета, у Год моладзі, аб’яўлены ў Беларусі? Калектыўны партрэт карэспандэнт спрабавала намаляваць, сустрэўшыся з адзінаццацікласнікамі Прудніцкай сярэдняй школы (на здымку). Іх усяго чацвёра, і ўспрымаюцца яны як адзіны згуртаваны арганізм. Яшчэ б — з самага маленства ведаюць адзін аднаго, дапаўняюць лепшыя рысы характараў сваіх сяброў, разам у вучобе і адпачынку.prudniki

  Знаёмімся, і адначасова аднакласнікі даюць кароткую характарыстыку самі сабе. Таццяна Саламаха — безадмоўная, ініцыятыўная, шчодра дзеліцца сваімі ведамі і ідэямі. Таццяна Цімафеева — сціплая, ураўнаважаная, спагадлівая. Марта Афанасьева — вясёлая, камунікабельная, простая і добрая дзяўчына. Адзіны хлопец у маленькім калектыве — Кірыл Каржоў. Аб ім дзяўчаты гавораць, што ён канкрэтны, як і належыць мужчыну, што сказаў — тое і зробіць, і клапоціцца пра іх, слабейшых.
— Вы памятаеце свой першы дзень у школе?
— Вядома ж! Мы ведалі адзін аднаго яшчэ з дзіцячага садка, але 1 верасня 2003 года быццам упершыню ўбачыліся. Такія былі прыбраныя, сур’ёзныя, столькі да нас было ўвагі з боку новага вялікага калектыва! Як родных, нас прыняла першая настаўніца Ірына Васільеўна Сняжкова, яна і зараз працуе, і хаця даўно не вучыць нас, яна не перастала быць нашай настаўніцай.
— А ці ёсць у вас любімы настаўнік?
Пасля гэтага пытання павісае няёмкае маўчанне. Потым, нібы спахапіўшыся, рабяты пачынаюць гаманіць:
— У нас не адзін любімы настаўнік. Хутчэй, усе яны нашы любімыя. Кожны з іх падзяліўся з намі не толькі сваімі ведамі па прадметах, але і аддаў часцінку сябе. Лічым, што набытых ведаў хопіць, каб паступіць у ВНУ, кожны з нас ужо марыць пра гэта. Не менш за школьныя заняткі, абазначаныя званкамі, яны прыпаднеслі нам жыццёвых урокаў. Колькі цікавых мерапрыемстваў, канцэртаў, конкурсаў, спаборніцтваў, алімпіяд, працоўных дэсантаў, паходаў і паездак ладзілі мы пад іх кіраўніцтвам! Наша школьнае жыццё — насычанае і цікавае.
— А ці ўспомніць хто сваю першую «двойку»?
— Не, — пераглядаючыся, сябры паціскаюць плячыма. — Мы ўсе добра вучыліся. Сорамна прыходзіць непадрыхтаванымі да ўрокаў, тым болей, што ў такім маленькім класе (да дзевятага нас было пяцёра) будзь гатовы, што цябе запытаюць штодня — няма калі лайдачыць.
— Зараз вы ў школе старэйшыя, параўноўваючы сябе з малодшымі, ці заўважаеце вы адрозненні паміж сабой і імі?
— У нас было цікавейшае, лепшае дзяцінства, — смеючыся, сцвярджаюць мае субяседнікі. — Мы гулялі на двары, больш рухаліся, глядзелі ў вочы адзін аднаму, мелі нармальныя зносіны, а не замянялі іх на сурагаты інтэрнэту. Мы — своеасаблівыя рухавікі школьнага і пазашкольнага жыцця. Хочацца, каб яно не затухала, калі мы пойдзем з гэтых сценаў, каб у нас былі пераемнікі-актывісты. Дзеці і цяпер нармальныя, а вось бессаромных, такіх, на шчасце, адзінкі, мы недалюбліваем. Ім і самім будзе складана ў жыцці, таму што яно паказвае свае лепшыя бакі тым, у каго сфарміраваны правільныя каштоўнасці. Да іх варта аднесці працавітасць,  сяброўства, гасціннасць, шчырасць, жаданне быць карыснымі сваёй сям’і, зямлі, Радзіме. У нас такія каштоўнасці сфарміраваныя — дзякуй любай школе!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *