Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка завітала на Гарадоччыну

Актуальное Это интересно

  Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, што праводзіўся ў Гарадоцкім культурна-асветніцкім цэнтры і сетцы публічных бібліятэк падчас вясновых канікулаў, быў адзначаны выключнай падзеяй: на сустрэчу з маленькімі аматарамі чытання 26 сакавіка прыехала паэтэса Тамара Краснова-Гусачэнка. Вучні 1-5 класаў, што наведваюць прышкольныя лагеры абедзвюх гарадоцкіх школ, мелі шчаслівую магчымасць на свае вочы ўбачыць сапраўднага творцу, які піша для дзяцей і дарослых цікавыя, пазнавальныя і даступныя разуменню вершы.pisatel

  Тамара Іванаўна гутарыла са сваёй юнай аўдыторыяй дасціпна і проста, як даўні сябар. У яе творчай скарбніцы 20 кніг, сем з якіх адрасаваны дзецям. Апошняя з іх, «Книга детям обо всем на свете», стала асноўнай тэмай абмеркавання. Паэтка прачытала вершы з яе, і трэба адзначыць, што аўтарскае выкананне падкрэсліла пяшчоту, уважлівасць да дэталяў, здольнасць бачыць прыгожае ў будзённых, здавалася б, рэчах, уласцівыя толькі жанчыне.
— Штогод я прымаю ўдзел не менш як у сотні сустрэч з чытачамі, — расказала пасля мерапрыемства Тамара Іванаўна. — Напрыклад, учора была ў Полацку, заўтра запрошана ў буйнейшую дзіцячую бібліятэку Віцебска, імя А. Гайдара. На грамадскіх пачатках мы, удзельнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, прапагандуем кнігу і чытанне. Па маіх высновах, якія б не былі часы, інтарэс да іх не змяншаецца, кніга як мудры дарадчык, праваднік па Свеце не страчвае сваёй актуальнасці.
Думка Т.І. Красновай-Гусачэнка, безумоўна, аўтарытэтная. Яна з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Саюзнай дзяржавы, членам праўлення СП Саюзнай дзяржавы і Прэзідыума СП Беларусі, старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення СП Беларусі. Яна кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Міжнародных літаратурных прэмій: імя Сімяона Полацкага, «И помнит мир спасенный», «Славянское братство», «Я вижу сны на русском языке», «Прохоровское поле», лаўрэат Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Ф. Цютчава, літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча, Ганаровага знака «Золотое перо «Тютчевъ».
На Гарадоччыну Тамара Іванаўна завітала не ўпершыню: летась яна была ганаровым госцем свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору  «Гарадоцкі Парнас». І ў мінулы прыезд, і ў цяперашні яна чытала свае светлыя, добрыя вершы. Парадавалі яе на гэты раз дзеці: яны вывучылі на памяць і прачыталі са сцэны для сваіх сяброў вершы паважанай госці.
— Сённяшнія маленькія субяседнікі мяне прыемна ўразілі сваёй цікаўнасцю, гатоўнасцю да дыялога, актыўнасцю, я атрымала задавальненне ад нашых зносінаў, — зазначыла паэтэса. — А ў маіх вершах яны знойдуць мае парады і слова ў дарогу на доўгія жыццёвыя шляхі.
Дарэчы, у зале культурна-асветніцкага цэнтра «Гарадок», дзе праходзіла сустрэча, была аформлена выстава кніг аўтаркі-госця. Кніжны ж фонд бібліятэкі папоўніўся падарункам Тамары Іванаўны, той самай кнігай, якую яна цытавала дзецям падчас сустрэчы. У афтографе значыцца: «Юным читателям, их мамам и папам, дедушкам и бабушкам, учителям и воспитателям от автора — с любовью».pisatel-1
Падзякавала ёй за прыезд і цікавае выступленне дырэктар Гарадоцкага культурна-асветніцкага цэнтра і сеткі публічных бібліятэк А.В. Абрамава, падарыўшы кветкі і выказаўшы надзею на будучыя творчыя сустрэчы.
На мерапрыемстве быў яшчэ адзін прыемны момант. З рук загадчыцы аддзелам дзіцяча-юнацкай літаратуры С.І. Бабуровай падарункі ад бібліятэкі, школьна-пісьмовыя прыналежнасці, атрымалі яе самыя лепшыя — актыўныя, акуратныя, дысцыплінаваныя — юныя чытачы (на здымку2). Гэта Ягор Кароткін, Міла Горава, Вара Шостак, Даша Ляшчова, Ілля Мядзведскі, Алёна Протас, Лёша Харытонаў, Дзіма Куляшоў, Вара Лебедзь, Паліна Калекіна.
Святлана Іванаўна дадала, што на працягу бягучага тыдня дзецям былі прапанаваны літаратурная гульня «Ну-ка, книжка, повернись, ну-ка, сказка, покажись!» і лялечны спектакль «Сказка о современной Бабе-Яге». Ціхае царства кніжных паліц зусім не сумнае, варта толькі захацець пабываць у ім.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *