11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў

Актуальное

  Ва ўтульнай, чысценькай кватэры ў Гарадку жывуць, здавалася б, зусім непрыкметныя, сціплыя дзве сястры. Толькі ў іх памяці балючым чорным джалам застылі ўспаміны аб жудасных падзеях часоў Вялікай Айчыннай. Абедзве яны, Зоя Дзмітрыеўна Лазука, якая заўтра адзначыць свой 78-ы дзень нараджэння (на здымку), і Алена Дзмітрыеўна Каршкова, якая ў снежні мінулага года святкавала 90-гадовы юбілей, — былыя вязні.lazuko

  — Я была зусім малая, а Лена, як старэйшая, больш памятае. Але яна дрэнна чуе, зусім кволая, усё больш ляжыць. Даглядаю яе, маю родную выратавальніцу, — уздыхае Зоя Дзмітрыеўна. — Многае не тое, каб на маёй памяці, а ведаю з расказаў сваіх старэйшых родных. Сям’я наша жыла да вайны ў Езярышчы. Як прыйшлі акупанты — павыганялі нас са сваіх хат. Куды было падзецца? Падаліся ў лес, пабудавалі зямлянкі. Халодна і цёмна было ў гэтых амаль скляпах. Мама грэла мяне сваім цяплом, тулячы да сябе, а Лена, скурчыўшыся, сядзела проста на яловых лапках. Ні адзець, ні абуць, ні з’есці нічога не было…
У лесе хаваліся і мірныя жыхары, і ваеннаслужачыя разбітых воінскіх фарміраванняў. Утвараліся партызанскія атрады. Фашыстам гэта было не на руку, і яны сталі праводзіць аперацыі па зачыстцы лясоў. Патрабаванню вярнуцца сям’я Тарасенкаў — маці Лізавета Ягораўна, бацька Дзмітрый Ягоравіч, дочкі Лена з Зояй — падпарадкавалася, як і многія іншыя гаротнікі. Уцекачоў сагналі ў нейкую адрыну, дзе ў цеснаце можна было толькі стаяць, прыціснуўшыся адзін да аднаго, а назаўтра ў крытых машынах даставілі на чыгунку ў Шуміліна. Тут быў сфарміраваны эшалон, які павёз няшчасных на прымусовую працу нямаведама куды.
Жылі вязні проста ў вагонах, час ад часу лагер на калёсах, які ўяўляў сабой перасоўны лесапільны завод, пераязджаў з месца на месца. Дзмітрый Ягоравіч быў мужчынам, пра якіх гавораць «з рукамі», працаваў дзесьці на станках, Лізавета Ягораўна і Лена цягалі корабы з пілаваннем, вельмі стараліся. Па гэтай прычыне ў сям’і не адбіралі маленькую Зоечку. Акрамя яе, у лагеры дзяцей не было, яна не лічылася ў спісах. Толькі сведчанні знаёмай, езярышчанкі Ніны Скуматавай, дазволілі З.Д. Лазука выправіць дакументы вязня.
— Я памятаю, як усю дарогу, зацішыўшыся ў кутку вагона, плакала тая Ніна, калі нас везлі з Брэста ў Польшчу, як мне было яе шкада, — гаворыць Зоя Дзмітрыеўна. — Стаўшы дарослай, зразумела: тады кожны задумваўся пра свой лёс. На сваёй зямлі ўсё роўна неяк лягчэй, а так — куды нас вязуць, абяздоленых, знясіленых, згаладаўшыхся на хлебе з мукі грубага памолу ды баландзе? Яшчэ да нашага палону мы згубілі брата  Сяргея, у той час падлетка. Немцы пад прымусам забралі яго на будаўніцтва абарончых збудаванняў. А які жах мы перажылі, калі пры фарміраванні эшалонаў у Брэсце мяне адбіралі ў мамы! Ад дарослых я раней чула, што ў дзяцей забіраюць кроў, дык так верашчала, і мама з Ленай галасілі, чапляліся за рукі нелюдзяў у чужой форме! Ой, лепш не ўспамінаць. Цудам я засталася са сваімі роднымі.
А бацька вырашыў, што па шляху руху трэба бегчы. Гэта было вельмі рызыкоўна: платформа апошняга вагона была адкрытай, і на ёй стаялі нямецкія вартавыя з кулямётамі, каб растрэльваць уцекачоў. І ўсё ж, калі перад нейкім тунэлем цягнік замарудзіў ход, старэйшыя саскочылі. Памятаю, як я сядзела, звесіўшы ногі ў дзвярным праёме, і баялася, што бацька не дагоніць цягнік, каб мяне ссадзіць…
Тарасенкі прыблудзіліся да нейкай вёскі, ім дазволілі застацца ў гміне батрачыць за скупую ежу. З лета 44-га па красавік 45-га, пакуль прыйшло вызваленне, Зоя нават паспела навучыцца размаўляць па-польску, а Лізавета Ягораўна — атрымаць шальную кулю ў нагу. З гэтай прычыны яна была накіравана на лячэнне ў шпіталь у Кракаве. Там сям’я сустрэла радасную вестку пра капітуляцыю Германскіх узброеных сіл.
На шчасце, жывы застаўся Сяргей, ён быў сынам палка, удзельнічаў у Савецка-японскай вайне. Сям’я аб’ядналася ў родным Езярышчы. Лёс не песціў Тарасенкаў, многа прыйшлося і гараваць, і працаваць. Яны вытрывалі, выстаялі. Толькі ўспамінаць тулянні абяздоленай, пазбаўленай усялякіх чалавечых правоў, дзяцінства, юнацтва, права на вольную працу сям’і ў вайну вельмі цяжка.
— Уручалі нам юбілейныя медалі, а я не магла падняць заплаканых вачэй, — прызнаецца Зоя Дзмітрыеўна. — Дагэтуль баліць, як мы нацярпеліся. Відаць, усё жыццё несці мне цяжар гэтых успамінаў. І дзякуй, што зайшлі да нас — хай тыя, хто не бачыў вайны, ад мяне, сведкі, ведаюць, якое гэта зло, і што менавіта мір трэба берагчы як найвялікшае багацце.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.     Фота аўтара.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *