Ды якія ж мы бабулі?!

Актуальное Культура

  Ролю жанчыны ў захаванні сямейных каштоўнасцей, пэўнага ладу жыцця і традыцый, выхаванні дзяцей цяжка перабольшыць. Асабліва, калі гаворка — пра старэйшую, самую мудрую, якая назапасіла найбольш вопыту, цярпення, сакрэтаў вядзення гаспадаркі, кулінарных рэцэптаў, народных спосабаў лячэння — бабулю. А калі яшчэ пры гэтым бабуля таленавітая, вясёлая і не азіраецца на гады, як удзельніцы раённага конкурса «Супербабулі-2015», што адбыўся напрыканцы сакавіка ў Пальмінскім СДК, — няма ёй цаны.superbabushka

Чатырох дзяцей нарадзіла і  паставіла на ногі, а цяпер дапамагае ім выхоўваць пяць унукаў рамантычная езярышчанка Ліяна Уладзіміраўна Дзем’янкова. Выдатны дарадчык сваім дзвюм дочкам і чатыром унукам — мастацкі кіраўнік Віраўлянскага СДК Наталля Пятроўна Дойлідава. Любіць гатаваць, пець і танцаваць, а найбольш — сваіх дзвюх дачок і трох унукаў сацработнік Гарадоцкага ТЦСАН з Бычыхі Таццяна Генадзьеўна Кузняцова. Яркае, насычанае жыццё пражывае разам са сваімі трыма дзецьмі і сямю ўнукамі дырэктар Сцяпанавіцкага СДК Галіна Альфрэдаўна Мілюха (на здымку танцуе «Казачок»). superbabushka-1Занятасць на рабоце не замінае падтрымліваць пяць дзяцей і гадаваць унучачку няўрымслівай, актыўнай Людміле Вячаславаўне Фаменка з Пальмінкі. Клопаты сталасці не абцяжарваюць дырэктара Вархоўскай базавай школы Ніну Мікалаеўну Яфрэмаву, жыццярадасную маму трох дзяцей і бабулю двух унукаў (на здымку ў вобразе чарапахі Тарцілы).
Гэтыя смелыя, адкрытыя, знаходлівыя канкурсанткі падарылі гледачам свята, нагадалі, што жанчынам любога ўзросту ўласцівыя гумар і  прывабнасць. Для гэтага ім давялося падрыхтаваць фотапрэзентацыі, якія адлюстроўвалі важнейшыя этапы іх жыццёвых шляхоў, захапленні, любімыя заняткі, сямейныя будні і святы. З дапамогай сваіх груп падтрымкі, у якія ўвайшлі родныя, блізкія, сябры, калегі, жанчыны раскрывалі свае таленты ў «Візітоўцы». У «смачным» конкурсе гаспадыні прадстаўлялі і рэкламавалі свае фірменныя стравы. Відовішчным быў наступны этап, «Танцпляцоўка», у якім жанчыны даказалі, што яны, як і раней, — маладыя, гарэзлівыя, увішныя. Не менш цікавым аказаўся конкурс «Знаёмыя ўсё твары…», у якім удзельніцы пераўвасабляліся ў вядомых казачных і мульцяшных герояў. Вобразы імі былі створаны выключна прыбліжаныя да арыгіналу і забаўныя. Завяршылася творчае спаборніцтва «Феерверкам талентаў» і атрымалася па-сямейнаму шчырым, кранальным, цёплым, душэўным.superbabushka-2
Па рашэнню журы, якое ўзначальвала дырэктар Гарадоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці (ініцыятар і арганізатар мерапрыемства) І.П. Ляўковіч, супербабулямі сталі ўсе канкурсанткі. Н.М. Яфрэмава прызнана самай таленавітай з іх, Т.Г. Кузняцова — самай абаяльнай, Н.П. Дойлідава — самай чароўнай, Л.В. Фаменка — самай артыстычнай, Л.У. Дзем’янкова — самай творчай, Г.А. Мілюха — самай заслужанай. У набыцці падарункаў для ўзнагароды пераможцаў дапамаглі прафсаюзныя арганізацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі; аддзела адукацыі, спорту і турызму; ТЦСАН Гарадоцкага раёна.
Памятаеце, гераіня фільма «Масква слязам не верыць» гаварыла, што ў 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца? Нашы ж жанчыны (назваць іх бабулямі не паварочваецца язык, хіба што па наяўнасці ўнукаў) сваім задорам даказалі, што жыццё працягваецца і можа быць прыгожым у любым узросце.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *