Дзеля бязвоблачнага неба

Актуальное

 Шырока і ўрачыста ў пятніцу, 10 красавіка, святкавалася ў Гарадку 70-годдзе з дня ўтварэння 2631 Авіяцыйнай базы ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў. Яе слаўная гісторыя багатая на шматлікія прыклады самааданай ратнай працы і высокага маральнага духу асабістага саставу. І сёння вайсковая часць 94017 праводзіць вялікую работу па забеспячэнню авіяцыйных воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны авіяцыйнымі сродкамі паражэння, іх захоўванню і тэхнічнаму абслугоўванню.chast

  Аб гэтым нагадаў, звяртаючыся з віншавальным словам да сваіх падначаленых і запрошаных гасцей, камандзір воінскай часці, палкоўнік Дзмітрый Антонаў. Як і належала ў гэты дзень, ён стаў галоўнай фігурай на святочнай сцэне — прымаў віншаванні, узнагароды і сам дзякаваў тым, хто вылучыўся падчас нясення службы.
Віншаванні на адрас асабістага саставу вайсковага фарміравання паступілі ад камандавання ВПС і войскамі ПВА, ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці, Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, ваеннага камісарыята Гарадоцкага раёна, Гарадоцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў», Гарадоцкага  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, калег з вайсковай часці 97020 і 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады.chast-1
— За 70-гадовую гісторыю часці ў яе баявым страі прайшлі тысячы афіцэраў, прапаршчыкаў, салдат і сяржантаў, — зазначыла ў сваім віншаванні ад імя райвыканкама намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова. — Многія з іх за бездакорную службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь узнагароджаны  дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сённяшнія служачыя годна працягваюць слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў, з гонарам выконваюць свой воінскі абавязак, удасканальваюць прафесійнае майстэрства і ўносяць значны ўклад ва ўмацаванне абароннага патэнцыялу краіны. Гарадоцкі райвыканкам выражае асаблівую ўдзячнасць каманднаму саставу часці з дня яе заснавання, тым, хто ў цяперашні час служыць для дабрабыту дзяржавы, выхоўвае падрастаючае пакаленне. Дзякуй вам за прафесіяналізм, самаадданасць, вернасць сваёй справе, адказныя адносіны да выканання службовага абавязку, патрыятычнае выхаванне моладзі!chast-2
Юбілейнымі медалямі «70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» былі ўзнагароджаны камандзір в/ч 94017 Д.Ж. Антонаў, маёр запаса А.І. Лазука, старшы прапаршчык запасу У.Д. Прыбыльноў, падпалкоўнікі запасу В.А. Ракавы і Г.П. Сацюк. Д.Ж. Антонаў
узнагароджаны таксама юбілейным медалём «160 год пажарнай службе Рэспублікі Беларусь» і Ганаровай граматай Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта. Падзячны ліст райвыканкама атрымаў начальнік сховішча,  старшы прапаршчык А.У. Прыбыльноў, па-дзячны ліст раённага Савета дэпутатаў — начальнік каравула, маёр запаса А.І. Хабакоў.
Уручэнне шматлікіх індывідуальных грамат, падзяк, грашовых прэмій — ад камандавання ВПС і войскаў СПА, міжгаліновага прафсаюзнага камітэта Міністэрства абароны, камандавання воінскай часці — суправаджалася выдатным канцэртам, які падрыхтаваў для юбіляраў Гарадоцкі ГДК. Відовішчныя нумары патрыятычнага зместу перамяжаліся з тэматычнымі песнямі, бальнымі і народнымі танцамі.
«Цвіком» канцэртнай праграмы стала выступленне ваеннаабавязанага тэрміновай службы в/ч 94017 Аляксея Семянкова, які спецыяльна да юбілею авіябазы напісаў песню-прысвячэнне ёй. Годны твор таленавітага хлопца, «Армія», які ён выканаў у складзе групы «Стыхія», здатны стаць гімнам часці.chast-3
Пасля ўрачыстага сходу ў Доме культуры ў суправаджэнні духавога аркестра 103-й асобнай гвардзейскай брыгады дружная калона віноўнікаў урачыстасці рушыла на цэнтральную плошчу г. Гарадка. Тут ужо была развернута выстава ваеннай тэхнікі і ўзбраення, да якой вялікую цікавасць праявілі і малыя жыхары нашага горада, і падлеткі, і юнакі, і сталыя людзі.
— Ого, як крута, — лазячы па брані бронетранспарцёра, адгукаліся хлапчаняты. — На такой машыне, пэўна, цікава служыць. Вось, каб праехаць на ёй!
Дарэчы, і такая тэхніка, і машына павышанай прахадзімасці «Тыгр», прадстаўленая на выставе, знаходзіцца на ўзбраенні нашай арміі.
Больш  сталых юнакоў цікавіла зброя — калі яшчэ пашанцуе патрымаць у руках сапраўдныя аўтаматы і гранатамёты? Хіба што ў арміі — жаданне служыць спакваля  з’яўлялася, калі хлопцы круцілі ў руках цяжкую зброю.
Ля мемарыяла «Бессмяротнасць» была аб’яўлена мінута маўчання. У знак павагі да мужнасці герояў, якія не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай, пад трохкратны залп да помніка была ўскладзена гірлянда воінскай славы. І былыя, і цяперашнія салдаты, і іх будучыя пераемнікі паважліва адносяцца да подзвігу сваіх дзядоў, усведамляюць адказнасць за лёс сваёй Радзімы.
Строгім, падкрэслена акуратным было выступленне роты ганаровага каравула 103-й АГБ. Стрункія хлопцы ў параднай форме і белых пальчатках неаднаразова зрывалі апладысменты шматлікіх гледачоў падчас дэманстрацыі страявых прыёмаў са зброяй і перастраенняў.
Куды больш брутальным, напружаным было выступленне разведывальнага падраздзялення сіл спецыяльных аперацый. Сцягі Беларусі і ВДВ развяваліся над дэсантнікамі, што дэманстравалі групавыя сінхронныя практыкаванні са зброяй, прыёмы адзінаборстваў, акрабатычныя элементы, разбіванне аб торсы лістоў шыферу, шкляных бутэлек аб галовы, будаўнічых блокаў кувалдай на «кубікаваных» прэсах салдат і выклікалі адначасова страх і захапленне. Выступленне разведпадраздзялення было ўспрынята «на ўра».
— Дужая ў нас армія, — зрабіла выснову пяцігадовая глядачка Аліначка. — Такія мужчыны абароняць усіх дзетак.
Хіба магчыма не апраўдаць такі шчыры давер?
Адметна, што юбілей асобнага воінскага фарміравання не быў замкнуты ўнутры яго. Дзякуючы маштабнасці, ён стаў яшчэ адным патрыятычным урокам для жыхароў нашага райцэнтра, выклікаў давер і павагу да ўсёй беларускай арміі.
  Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: у шэсці ідуць афіцэры 2631 Авіяцыйнай базы ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў на чале з камандзірам Д.Ж. Антонавым;   
  выступае Аляксей Семянкоў;
  акрабатычная піраміда з удзельнікаў разведпадраздзялення 103-й мабільнай брыгады;
  на выставе ваеннай тэхнікі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *