Гавораць музейныя экспанаты

Актуальное

  На пачатку гэтага года, года 70-годдзя Вялікай Перамогі, у Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі стартаваў музейны праект «Вогненная стужка памяці». У яго межах прадугледжана мноства цікавых мерапрыемстваў: выязная экскурсія «Памятаем пра вайну» з наведваннем былой в. Бярозаўка, урочышча Вераб’ёвы горы, мемарыяльнага комплекса «Бяссмерце» і памятных знакаў, якімі адзначаны падзеі ваенных часоў у г. Гарадку; гістарычныя гадзіны «Баявыя ўзнагароды Радзімы», «Ты выстаяў, мой край родны»; урокі мужнасці «Памятай героеў. Хай яны будуць прыкладам табе»; віктарыны і сустрэчы з ветэранамі. Мэта гэтай работы — расказаць праўду аб вялікім подзвігу юным, абудзіць памяць аб ім у старэйшых, каб адчулі гонар за свой народ, горыч за яго бязмерныя страты.musey

  Ці не галоўнай задачай «Вогненнай стужкі памяці» з’яўляецца стварэнне электроннай базы дадзеных аб загінуўшых на тэрыторыі нашага раёна. Як расказала газеце галоўны спецыяліст адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Мазжарава, у вобласці працягваецца пошукава-даследчая экспедыцыя «Не было безымянных салдат». Гарадоцкі раён ажыццяўляе два яе накірункі: «Дзе загінулі мае землякі?» і «Абеліск на карце раёна».
У першым накірунку складаецца электронная табліца-картатэка імёнаў загінуўшых воінаў, якія былі прызваны на службу ваенкаматамі Гарадоцкага, колішняга Мехаўскага і Езярышчанскага раёнаў. Праводзіцца зверка з усімі дакументамі, змешчанымі ў кнізе «Памяць. Гарадоцкі раён» і на сайце агульнай базы дадзеных «Мемарыял» (АБД-Мемарыял). Па стану на 1 красавіка гэтага года ў табліцу-картатэку ўнесены імёны 4128 нашых землякоў. Новыя імёны не выяўлены, але пэўныя нанова вынайдзеныя факты дазволяць унесці змяненні ва ўпамянутую вышэй кнігу пры яе наступным выданні. Актыўна працуюць над складаннем картатэкі Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей, СШ № 1 г. Гарадка, ГДАТК, ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, РКП «ЦУ АСП».
У другім накірунку, складання электроннай табліцы-картатэкі імёнаў воінаў, якія загінулі на Гарадоччыне, акрамя названых арганізацый, неацэнную дапамогу аказваюць краязнаўцы Ю.В. Дудараў і С.І. Садоўская, не застаюцца ў баку супрацоўнікі адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.  Пры складанні картатэкі зверка праводзіцца па тых жа крыніцах. Устаноўлены і ўдакладнены імёны 5935 воінаў. Імёны 2338 загінуўшых не былі ўстаноўлены раней і адпаведна не былі нанесены на мемарыяльныя пліты воінскіх пахаванняў, байцы не лічыліся пахаванымі ў нашым раёне. У шэрагу выпадкаў пры нанясенні прозвішчаў на мемарыяльныя пліты былі дапушчаны недакладнасці, таму цяпер памылкі будуць выпраўлены. Плануецца дапоўніць і аднавіць спісы загінуўшых на мемарыяльных плітах воінскіх пахаванняў, аб чым газета раскажа дадаткова.
У музеі да свята Перамогі будзе адноўлена экспазіцыя «Дарогамі вайны», экскурсія па якой акажацца прывабнай і для дзяцей, і для дарослых сваёй сур’ёзнай тэмай, выверанымі фактамі пра цяжкія выпрабаванні змагароў за свабоду Радзімы, іх гераічныя ўчынкі, звышчалавечыя намаганні на шляху да перамогі.
Карэспандэнту пашчасціла пабываць на ўроку мужнасці «Абаронцы Айчыны. Мінулае і сучаснае». Хаця ён быў падрыхтаваны для вучняў сярэдняга школьнага звяна, уразіў цікавай падачай матэрыялу — праз фотапрэзентацыю, змястоўны расказ навуковага супрацоўніка музея Надзеі Саўчанка пра годны ўклад ураджэнцаў Гарадоччыны ў Вялікую Перамогу. Кожнае салдацкае імя можна ўзгадаць з пачуццём бязмернай павагі, подзвігі многіх сталі легендамі. Так, імем нашага земляка Аляксея Вашчанкі названа вуліца ў Валгаградзе. Падчас баёў за тагачасны Сталінград Аляксею трэба было знішчыць кулямётнае гняздо, спроба зрабіць гэта гранатай не ўдалася, і баец закрыў амбразуру сваім целам… Такі ж подзвіг здзейсніў пад Брэслау лейтэнант Іосіф Бумагін, Герой Савецкага Саюза — пасмяротна… Дабраволец Мікалай Нікіцін — знакаміты снайпер, які знішчыў 220 ворагаў, пушку і нават збіў самалёт… Мікалай Аверчанка, камандзір артылерысцкай гарматы, вызначыўся ў баях за ўзяцце Берліна, адрэзаўшы шляхі адступлення па адной з гарадскіх вуліц і разам з таварышамі ў рукапашнай сутычцы знішчыўшы 10 і ўзяўшы ў палон 18 нямецкіх салдат і двух афіцэраў… Герой Савецкага Саюза, удзельнік парада Перамогі 1945 года Мікалай Гапяёнак здзейсніў больш за 190 баявых вылетаў на бамбардзіроўку ваенных аб’ектаў праціўніка…
У каляндар памятных дат Гарадоцкага раёна сёлета ўключаны юбілейныя дні нараджэнняў нашых землякоў, Герояў Савецкага Саюза: 100-годдзе П.М. Каралёва і І.А. Круміна, 105-годдзе Р.Б. Багданава, 115-годдзе М.А. Ананьева.
Капітан Павел Каралёў вызначыўся ў баях па ўтрыманню і пашырэнню плацдарма на р. Одэр. Калі назіральны пункт пад яго камандаваннем быў акружаны, камандзір арганізаваў яго кругавую абарону і выклікаў агонь сваёй жа артылерыі на сябе. У адзін дзень ягоныя разлікі адбілі 14 варожых атак і адстаялі заняты плацдарм.
Лейтэнант Іван Крумін у баях за пераправу на р. Днепр у р-не Лоева падчас пераправы для карэкціроўкі агню быў паранены, але працягваў выконваць баявую задачу, забяспечыўшы выдатныя дзеянні артылерыі, падаўленне агнявых кропак праціўніка і паспрыяўшы захопу плацдарма на правым беразе ракі.
Гвардыі старшы лейтэнант Рыгор Багданаў быў камандзірам батальёна. У верасні 43-га на падручных сродках яго батальён фарсіраваў Днепр, адбіў у ворага два населеныя пункты і ўтрымліваў іх да падыходу асноўных сіл, адбіўшы 10 атак ворагаў.
Кулямётчык старшы сяржант Мартын Ананьеў таксама вызначыўся падчас фарсіравання Дняпра. Рота, у якой ён служыў, першай пераправілася праз раку, з ходу заняла першую траншэю ворага і на працягу цэлай ночы вяла няроўны бой з батальёнам праціўніка. Камандзір кулямётнага разліку Ананьеў знішчыў каля 70 гітлераўцаў.
Праўду аб настроі чырвонаармейцаў у гады вайны, духу патрыятызму, якім была прасякнута армія, што перамагла фашызм, захоўваюць франтавыя лісты. Іх пажаўцелыя трохкутнікі складалі аснову выставы «Я пішу табе з вайны». Затойваючы дыханне, слухалі школьнікі вытрымкі з салдацкіх пісьмаў, якія зачытвала ім старшы навуковы супрацоўнік музея Ніна Буракова. Гэтыя крохкія паперы, здаецца, і цяпер пахнуць порахам і дымам, іх лёс — стаць гістарычнай каштоўнасцю. Нездарма такія ўважлівыя да іх гарадоцкія школьнікі і ўдзельнік адной з сустрэч з імі ў музеі ваенкам раёна Д.В. Багумірскі (на здымку).
— У нашай установе традыцыйна размаўляюць ціха, — гаворыць дырэктар музея Тамара Іванова. — Але голасна і сумленна гавораць, а то і крычаць за сябе сабраныя ў тутэйшай скарбніцы экспанаты. Усе сведчанні, што тычацца Вялікай Айчыннай, мы збіраем, захоўваем і прапагандуем асабліва беражліва. Надта вялікія ахвяры прынёс наш народ на алтар Перамогі, каб ігнараваць гістарычныя факты. У музеі б’ецца жывы пульс часоў, на якія мы не маем права забывацца.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *