Казкі свайго народа

Актуальное Культура

  Гастрольныя выступленні ва ўсіх гарадскіх дзіцячых садках з лялечным спектаклем «Цар Ірад» арганізавалі ўдзельнікі тэатра «Батлейка» Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору. Як расказала яго дырэктар Марына Гушча, за дзень артысты-аматары давалі да сямі прадстаўленняў для розных узроставых груп дзяцей.batleika

  Маленькія гледачы з захапленнем назіралі за дзеяннямі, што разварочваліся на «небе» і «зямлі», якія сімвалізуюць розныя ярусы батлейкі. Цікава ім было разгледзець выразы твараў і адмысловае адзенне лялек-герояў спектакля, якіх зрабіла майстар Ірына Шалаева. Так, праз казачнае прадстаўленне маленькія беларусы далучаюцца да традыцый свайго народа.
Беларуская батлейка — найярчэйшая старонка ў гісторыі народнага тэатральнага мастацтва. Традыцыю ўладкоўваць калядныя батлейкі завёў святы Францыск Асізскі ў ХIII стагоддзі ў Італіі. Але ў Беларусі, дзе акрамя кананічных сюжэтаў вандроўныя артысты на пачатку ХVI стагоддзя прадстаўлялі і сцэнкі з жыцця, гэта мастацтва атрымала народнае прызнанне і захавалася да цяперашніх дзён. Традыцыю народнага беларускага мастацтва падтрымліваюць і супрацоўнікі гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.
У планах батлеечнікаў — увасабленне новага спектакля-казкі, «Два браты», сцэнарый якой створаны па матывах запісанай больш як 15 год таму ў фальклорнай экспедыцыі ў в. Халамер’е ад тады 104-гадовай Ірыны Гаўрылаўны Сеўруковай.
Цікавая акалічнасць: у цяперашні час народны клуб майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі», пры якім і дзейнічае «Батлейка», працуе над аднаўленнем калекцыі традыцыйных касцюмаў нашага рэгіёна. Аматараў вышыўкі запрашаюць прыняць практычны ўдзел у гэтай рабоце. Чакаюць у Доме рамёстваў таксама майстроў, якія займаюцца іншымі відамі творчасці.
Саша СЯМЁНАВА.
На здымку: пасля выступлення «Батлейкі» ў дзіцячым садку № 3 г. Гарадка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *