Натхненне чэрпае з жыцця

Актуальное

  З верасня мінулага года мастацкі кіраўнік Езярышчанскага гарпасялковага Дома культуры Дзмітрый Іваноў бярэ ўрокі ігры на скрыпцы (на здымку). Яго настаўнікам згадзілася быць выкладчык Гарадоцкай ДШМ Алена Санько, улічваючы неардынарнае жаданне хлопца асвоіць вытанчаны і складаны інструмент. Здавалася б, навошта яму гэта трэба? Проста прагне прыгожага і хоча ўдасканальвацца ва ўспрыманні прыгажосці і данясенні яе да тых, хто побач.skripach

  — У нас с жонкай Ларысай падрастаюць двое сынкоў, Яраслаў і Святаслаў. Хто навучыць іх музыцы, калі не бацька? — тлумачыць Дзмітрый. — Ларыса, культработнік па адукацыі і ўзроўню ўнутранай культуры, маю задумку адобрыла. Штотыдзень езжу на заняткі ў Гарадок, займаюся дома, спецыяльна набыў інструмент.
Пасля заканчэння Магілёўскага машынабудаўнічага ўніверсітэта (зараз Беларуска-Расійскі ўніверсітэт) і набыцця спецыяльнасці будаўніка аўтадарог Д. Іваноў некалькі год працаваў у Санкт-Пецярбургу. Жаніцьба і нараджэнне першынца вярнулі яго ў Езярышча, дзе ён вырас, скончыў агульнаадукацыйную школу. Дзе калісьці вучыўся іграць на самым што ні на ёсць беларускім інструменце — цымбалах. Дарэчы, яго прадзед Ф.Х. Грыгор’еў таксама быў цымбалістам. Вось і спрачайся, што пэўныя схільнасці не перадаюцца ў спадчыну.
Тут Дзмітрый аб’яднаўся з аднадумцамі, улюбёнымі ў музыку і жадаючымі самавыяўлення — Ягорам Лагуновым, Віктарам Скуратавым, Канстанцінам Юрзовым. Разам і з падтрымкай унікальнага, па водгуку героя артыкула, чалавека, Міхаіла Снапкова, хлопцы ўтварылі сваю групу «Северный страж» рокавага накірунку. Менавіта М. Снапкоў, удзельнік больш сталай езярышчанскай рок-групы «Водар мяты», разам з яе ўдзельнікамі Аляксеем Бараноўскім і Аляксандрам Скуратавым натхнілі маладзейшых езярышчанцаў на падобную творчасць.
— Калі нашы папярэднікі пераважна пішуць музыку на вершы беларускіх класікаў, то аўтарам песень, што выконвае «Северный страж» з’яўляюся я. Сам і салірую, — расказвае Дзмітрый. — Рэпертуар у нас пакуль небагаты, на «сольнік» не хапае, таму летась дзве нашы групы давалі адзіныя канцэрты. Памятаю, як у Вархах дзяўчынка здзіўлена пыталася ў мамы: «А што, яны будуць ужывую іграць і спяваць?»
Так, мы адвыклі ад жывога гука, ад жывых пачуццяў, ад права на памылку выканаўцаў. Заахвочваемся гладкімі, відовішчнымі шоу, а не бунтарскай пульсацыяй думак артыстаў. А яны вось замест звыклых «пірожных» падаюць «хлеб праўды», як самі яго разумеюць. Адкуль чэрпаюць энтузіазм, вершы, музыку? Дык з жыцця! Ад тых людзей, якіх ведаюць з дзяцінства, ад мясцовых краявідаў, з сем’яў, з будзённай працы, якой занятыя штодня.
— Я звычайны чалавек, — сцвярджае субяседнік. — Мне не чужыя побытавыя праблемы, напрыклад, зараз заканчваю рамонт у сваім прыватным доме. І ўсё ж цяперашняя пасада абавязвае. Культработа куды больш складаная, чым будаўніцтва. Таму што гэта эмацыянальная праца патрабуе самадысцыплінаванасці, дэманстрацыі толькі добрага настрою. Не за тваім жа злым выразам твару ідуць у Дом культуры гледачы! Ідуць за станоўчымі эмоцыямі, за тым, каб паслухаць «сваіх», палюбавацца імі, развіць свае здольнасці. Дзмітрый, дарэчы, бясплатна вучыць школьнікаў на гітары, сам іграе на басу ў народным фальклорным ансамблі «Азерыца», а скрыпку асвойвае для таго, каб далучыць яе гучанне ў рокавы ансамбль. Поспехаў  у новых эксперыментах!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *