Падзяліліся карысным вопытам

Актуальное Культура

  Удзельнікі выязнога рэспубліканскага Савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці наведалі ўстановы культуры нашага райцэнтра ў панядзелак, 6 красавіка. Гасцей зацікавілі не толькі адноўленыя будынкі культурна-асветніцкага цэнтра «Гарадок», Дома культуры, якія яны наведалі і ўхвальна адгукнуліся аб іх эстытычным выглядзе, але і змест работы рэарганізаваных устаноў культуры.oblmeropr

  Сустракаючы візіцёраў на галоўнай плошчы райцэнтра, намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова давяла ім аб сённяшнім дні Гарадоччыны, асноўных аб’ектах яе эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферы. Удзельнікі семінара ўсклалі кветкі на мемарыяльным комплексе «Бессмяротнасць» (на здымку), аддаўшы даніну павагі памяці вызваліцелям нашага раёна. oblmeropr-1
Вітальнай песняй і караваем (на здымку) сустрэў гасцей фальклорны ансамбль «Глейна». Далей ім была прапанавана аглядная экскурсія па многафункцыянальным будынку КАЦ «Гарадок». У тутэйшай кіназале перад сабраўшыміся выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Гамзюк. Яна расказала, што ў цяперашні час у раёне завершана работа па рэарганізацыі ўстаноў культуры, пяць з іх маюць статус юрыдычных асоб (Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей; дзіцячая школа мастацтваў г. Гарадка, летась рэарганізаваная шляхам далучэння Езярышчанскай ДШМ; Гарадоцкі гарадскі Дом культуры, Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна; Гарадоцкі культурна-асветніцкі цэнтр і сетка публічных бібліятэк). oblmeropr-2
Вялікія перспектывы мае развіццё дзейнасці ўстановы, названай апошняй. У рэканструяваным, лічы, з нуля будынку былога кінатэатра «Радзіма» аб’яднаны цэнтральная бібліятэчная сістэма, выставачная зала Дома рамёстваў і фальклора, Гарадоцкая кінавідэасетка. Тутэйшая зала стала яшчэ адной запатрабаванай канцэртнай пляцоўкай горада. Зусім нядаўна тут адкрылася міні-кафэ. «Гарадок» пашырае магчымасці забеспячэння культурнага жыцця насельніцтва раёна, гэта выдатнае месца для арганізацыі вольнага часу сям’і.
На базе былога метадычнага цэнтра з 1 студзеня ўтвораны ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна», які аб’яднаў Езярышчанскі ГПДК, аўтаклуб, Дом рамёстваў і фальклору, 10 СДК, шэсць СК, чатыры клубы-бібліятэкі. Па рабоце за тры месяцы можна меркаваць аб плённым саюзе гэтых раней асобных структурных падраздзяленняў: вырасла колькасць культурна-масавых мерапрыемстваў, палепшылася канцэртнае абслугоўванне сельскага насельніцтва, праводзяцца сумесныя фальклорныя экспедыцыі, майстар-класы па традыцыйных рамёствах.
Уразіла гасцей наведванне Гарадоцкага ГДК, які, па іхніх водгуках, адпавядае ўзроўню палаца. Паколькі яго работа скіравана на задавальненне патрэбаў горада, а база дазваляе праводзіць асноўныя, самыя значныя, мерапрыемствы, мясцовым кіраўніцтвам было вырашана зрабіць яго самастойнай юрыдычнай асобай.
На падставе заключаных дагавораў усе установы культуры абслугоўвае цэнтралізаваная бухгалтэрыя і гаспадарчая група. Крыніцамі фінансавання застаюцца бюджэт і пазабюджэтная дзейнасць.
Наталля Леанідаўна падкрэсліла, што пры рэарганізацыі і стварэнні юрыдычных асоб не згублены спецыялісты, не дапушчана беспадстаўнага скарачэння штатаў. Начальнік аддзела устаноў культуры і мастацтва ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Г.Ф. Баркевіч зазначыла, што вопыт Гарадоцкага раёна ў святле выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 168 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў» можа аказацца карысным і для ўдзельнікаў рэспубліканскага Савета.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: удзельнікі рэспубліканскага Савета дырэктараў АМЦНТ падчас наведвання выставы «Моладзь — любімаму гораду» ў КАЦ «Гарадок».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *