Тут адпачывалі «Песняры»

Актуальное

  На месцы колішняга гарадзішча, на беразе возера Вышадскае ў 2000 годзе па ініцыятыве першага ляснічага мясцовага лясніцтва В.В. Хлябоўскага шчырай працай леснікоў Г.К. Балькова, А.М. Крупянькова і А.М. Архірэева быў створаны казачны гарадок. У гэтым прыгожым месцы адпачынку знайшліся ўтульныя куточкі для таямнічага церамка, хацінцы на курыных ножках, ветрака і альтанак разнастайных формаў.

  Адкуль толькі не прыязджалі людзі, каб падзівіцца на гэты цуд! У казачным гарадку можна было размясціцца сем’ямі, паслухаць цішыню, палашчыць вуха спевамі птушак, адчуць асалоду ад узыходу сонца, закінуць у возера вуды і адчуць прыемны цяжар злоўленай рыбіны. Менавіта тут адчувалася еднасць з прыродай, якая жыве сваім жыццём, адначасова даючы нам радасць і натхненне.pesnyru
У цэнтры месца адпачынку размясцілася асфальтаваная пляцоўка, якая гасцінна сустракала не толькі мясцовых самадзейных артыстаў, але і праслаўлены калектыў «Песняры». Над нашай зямлёй гучалі іх «Алеся», «Завушніцы», «Каляда»… Гэты калектыў не аднойчы прыязджаў сюды на адпачынак, каб наталіцца прыгажосцю нашых мясцін.
Надзвычай цікава работнікі Дубраўскага СДК Н.Я. Архірэева і В.М. Лапаценка арганізоўвалі тут святкаванне Купалля. У ім актыўна ўдзельнічалі дарослыя і дзеці, прыязджалі людзі з суседніх вёсак, прыходзілі гараджане, якія гасцявалі ў сваякоў з вёскі. Захаплялі мудрасць і таямнічасць народных традыцый: купальская варажба на вянках, ачышчальная сіла агню, вера ў папараць-кветку.pesnyru-1
З таго часу прайшло пятнаццаць год, але шмат чаго змянілася на гарадзішчы. Яно стала месцам дзікунскага адпачынку. «Людзі» разбурылі альтанкі, каб спаліць іх у агні, які, напэўна, так і не здолеў сагрэць іх счарсцвелыя душы.
У гэтым годзе Вышадскаму лясніцтву выдзелены сродкі на рэканструяванне месца адпачынку. З натхненнем успрынялі вучні нашай дзіцячы сад-сярэдняй школы ідэю ляснічага А.Д. Жабілы наконт аднаўлення работы школьнага лясніцтва. Стаміліся душы людзей ад абыякавасці да таго, што дзеецца вакол. Сёння дзеці з нашай школы з задавальненнем удзельнічаюць у акцыях  «Дзень Зямлі», «Дапаможам птушкам», «Тыдзень лесу». Гэта садзейнічае выхаванню іх самых лепшых маральных якасцяў. Я веру: зноў  прыгожай стане экалагічная сцяжынка, што вядзе ад школы да гарадзішча, а колішні казачны гарадок будзе зноў аздоблены вучнёўскімі рукамі. Кіраваць жа гэтымі рукамі будуць добры розум і чулыя сэрцы нераўнадушных дарослых.
Кацярына МАКСІМЕНКА,
вучаніца 10 класа Вышадскай дзіцячы сад-сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *