У Гарадоцкім ГДК прайшоў раённы конкурс «Салют, Перамога!»

Актуальное

Трохгадзінны канцэрт-падарунак, які складаўся з удзячных песень, пранікнёных вершаў, праўдзівых інсцэніровак, тэматычных танцаў адбыўся ў Гарадоцкім ГДК 24 красавіка — тут праходзіў раённы конкурс творчасці працоўных калектываў «Салют, Перамога!», прысвечаны 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.salut-1

  Выступленне студыі бальнага танца «Гармонія», што выканала знакамітае танга «Стомленае сонца», быццам перанесла гледачоў у час «яшчэ да вайны». Настрой падхапіў і перадаў канкурсантам народны ансамбль гарманістаў пад кіраўніцтвам А. Шандаеўскага, па-заліхвацку сыграўшы папуры на тэму ваенных песень, усім знаёмых, усімі любімых.
Ваенная тэматыка — сапраўды невычарпальная. Сучасных аўтараў кранае гэта тэма. Таму многа новых твораў гучала ў выкананні прадстаўнікоў пасляваенных пакаленняў. Прыемна ўражвала пранікнёнасць, шчырасць выступленняў канкурсантаў — не прафесійных, якія рэдка выходзяць на вялікую сцэну. Яны не маглі маўчаць, бо на генным узроўні адчуваюць боль за ахвяры вайны і гонар за пераможцаў фашызму. Пакуль гучаць такія песні і вершы, жывая наша памяць. salut
Журы, якое ўзначальвала намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова, прыняло рашэнне аддаць 1-е месца за лепшую канцэртную праграму творчаму калектыву ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», 2-е падзялілі ГДАТК і ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, 3-е заняў Цэнтр дзяцей і моладзі, які таксама атрымаў узнагароду за лепшы канцэртны нумар. У намінацыі «Чытальнікі» перамагла Ганна Даніленка, што прадстаўляла Гарадоцкую ЦРБ, на 2-м месцы — Таццяна Ульдрых (ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі), на 3-м — Ліяна Дзям’янава, што чытала вершы ўласнага сачынення, і Сяргей Лаўрэнаў (абодва з Езярышча). Сярод вакалістаў лепшай прызнана Віталіна Бражнік (Гарадоцкая ЦРБ), 2-е месца падзялілі Таццяна Раева (Гарадоцкі КАЦ і сетка публічных бібліятэк) і Аляксандр Лаўрэнаў (РВУ «Гарадокрайгаз»), на 3-м — Канстанцін Юрзоў (Віцебская дыстанція пуці, г.п. Езярышча). Спецыяльным прызам «Адкрыццё конкурсу» ўзнагароджана Вольга Пятрашка (ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі).
Конкурс «Салют, Перамога!» стаў ненавязлівым урокам патрыятычнага выхавання для моладзі і дзяцей, якіх нямала было ў глядзельнай зале. І яны, як і старэйшыя гледачы, часам адчувалі, што да горла падкатвае пякучы камяк. Кожны павінен ведаць і памятаць пра вайну, кожны мае права даносіць да аўдыторыі святую праўду пра яе. Тыя, хто нарадзіліся далёка пасля пераможнага мая 45-га, цвёрда вымаўлялі: «Мы выстаялі! Мы перамаглі!» Так, не яны самі — іх дзяды і прадзеды, але ім хочацца быць далучанымі да подзвігу тых, з кым звязаны кроўна, на каго яны раўняюцца ў сваіх думках, памкненнях, справах.
На здымках: спявае Яўген Анісенка (ААТ «Птушкафабрыка Гарадок»);
  фрагмент інсцэніроўкі паводле аповесці Б. Васільева «У спісах не значыўся» ў выкананні навучэнцаў ГДАТК.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *