На Дошцы гонару- новыя асобы

Актуальное

  Напярэдадні Свята працы, у чацвер, 30 красавіка ў райцэнтры прайшлі ўрачыстасці з нагоды абнаўлення раённай Дошкі гонару. Згодна з рашэннем райвыканкама, сёлета на яе занесены 16 прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый, якія дабіліся высокіх вытворчых паказчыкаў, штодня сумленна шчыруюць дзеля дабрабыту нашага краю. Ім і было прысвечана свята, што ладзілася ў Гарадоцкім ГДК.

ludi    Віншуючы перадавікоў, ветэранаў працы, іх маладую змену, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Надзея Бурунова найперш падзякавала ўсім, чыімі рукамі і розумам будуецца і ўзмацняецца народна-гаспадарчы комплекс раёна, дабрабыт кожнай сям’і. Яна ўзгадала лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны», пераможцаў раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў і індывідуальнага спаборніцтва на званне «Лепшы па прафесіі».
— Сёння мы жывём у раёне, які развіваецца, дзе стабільна працуюць працоўныя калектывы, удзяляецца ўвага мадэрнізацыі вытворчасці, укараненню сучасных тэхналогій, — сказала Н.А. Бурунова. — За 2014 год праведзена значнае ўзмацненне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, пабудавана першая чарга сучаснай лыжаролернай трасы, з’явіліся новыя добраўпарадкаваныя месцы для адпачынку, значна пашыраны магчымасці для арганізацыі вольнага часу моладзі, добраўпарадкаваны двары і дзіцячыя пляцоўкі. Вядзецца вялікая работа па рамонту, добраўпарадкаванню воінскіх пахаванняў і месцаў воінскай славы, на належным узроўні вядзецца работа па ўвекавечанню памяці загінуўшых, устанаўленню новых імёнаў салдатаў, што пахаваны на Гарадоччыне. На прыкладах гераізму нашых дзядоў і бацькоў нам належыць захаваць мір і спакой на нашай зямлі паўсядзённай стваральнай працай, рэальнымі справамі, апраўдваючы заваяванні Вялікай Перамогі.
З вітальным словам, віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі да прысутных звярнулася старшыня Гарадоцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў І.А. Дарошчанка, якая нагадала, што для большасці людзей Першамай — свята родам з дзяцінства, якое ўвасабляе павагу, што адчувае грамадства ў адносінах да людзей працы. Яго галоўны лозунг «Мір, праца, май!» блізкі і зразумелы кожнаму. Святкаванне 1 мая мае вялікае значэнне і для развіцця прафсаюзнага руху. Сёння ў раёне створана і працуе больш за 70 пярвічных прафсаюзных арганізацый і структур, у радах якіх аб’яднаны больш за 5 тысяч чалавек. Практычна ў кожным калектыве таксама ўшаноўваюць працаўнікоў, якія дасягнулі вялікіх паказчыкаў у працы, — сотні прафесіяналаў, якія адказна і якасна выконваюць свае службовыя абавязкі.
Цырымонія ўручэння дыпломаў і кветак была ўрачыстай і ўзрушанай. Зала, дзе сабраліся кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны, моладзь, дружна апладыравала кожнаму з удастоеных высокага гонару. Багатым і яскравым быў канцэрт-падарунак лепшым працаўнікам раёна, з любоўю прыпаднесены лепшымі самадзейнымі калектывамі і выканаўцамі райцэнтра.   Напрыканцы мерапрыемства віноўнікі ўрачыстасці сфатаграфаваліся ля абноўленай Дошкі гонару (на здымку).
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
  Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *