Рэха вялікай падзеі. Як Гарадоччына сустрэла Дзень Перамогі

Актуальное

    Ля магілы невядомых герояў, 

якраз насупраць будынка тутэйшага сельвыканкама традыцыйна збіраюцца даўгапольцы ў дні вялікіх дзяржаўных святаў, каб ушанаваць памяць загінуўшых. Наогул жа тутэйшыя жыхары і школьнікі лічаць, што няважна, да якога менавіта брацкага пахавання ісці з паклонам за наш сённяшні мірны дзень — галоўнае, каб кветкі памяці клаліся да падножжаў абеліскаў, каб не зарасталі сцяжынкі да іх.

dolgop

Расказвае старшыня сельвыканкама В.Г. Няхаеў: «На тэрыторыі Даўгапольскай школы ўстаноўлены помнік загінуўшым землякам, чатыры воінскія пахаванні знаходзяцца ў Даўгаполлі, Селішчы, Маскалянятах, Кавалях. На іх пахавана больш за паўтары тысячы савецкіх салдат і афіцэраў. Сёлета на мемарыяльныя пліты занесены 84 прозвішчы, якія раней былі невядомыя. На выраб гэтых плітаў было затрачана 3 млн 236 тыс. рублёў, на рамонт помнікаў і добраўпарадкаванне тэрыторый пахаванняў было выдаткавана 7 млн 520 тыс. рублёў — бюджэтныя грошы. Неацэнную практычную дапамогу сельсавету аказалі шэфы — РВУ «Гарадокрайгаз» (начальнік В.А. Аўтухаў) і Даўгапольскі ўчастак КУВП «Гарадоцкае прадпрыемства цеплавых і кацельных сетак» (майстар Э.Э. Цараў).
…10 ліпеня 1941 года байцы 259-га стралковага палка на шляху да Гарадка размясціліся на прывал паблізу ад Даўгаполля, разведка данесла, што раённы цэнтр ужо заняты гітлераўцамі. Да Даўгаполля па полі, засеяным ільном, рушыў авангард — рота на чале з удзель-нікам баявых дзеянняў на Халхін-Голе, палітруком І.З. Пугіным. Але ў гэты час пачуліся вінтовачныя стрэлы і чэргі ручных кулямётаў: да вёскі набліжалася мотамеханізаваная калона немцаў. Адступаць было позна, і палітрук рашыў прымаць бой, каб уратаваць асноўныя сілы свайго вайсковага падраздзялення. Батальён адыходзіў да лесу, а ля будынка школы кіпеў няроўны бой. Узятыя ў кальцо, усе байцы з роты Івана Пугіна загінулі, сам жа ён, цяжка паранены, быў захоплены фашыстамі. Яго катавалі, выкалалі вочы, вырашылі растраляць ля школьнай сцяны, але ён не мог трымацца на нагах, і яго распялі на вяроўках, каб не ўпаў, і так растралялі. Мясцовыя жыхары пахавалі загінуўшых чырвонаармейцаў, у хаце аднаго з калгаснікаў схавалі іх дакументы, але ў час адной з карных экспедыцый хата была спалена, так згарэлі і ўсе паперы. Невядомымі засталіся тыя 74 героі…
На мітынгу, удзел у якім разам з землякамі — сталымі і юнымі жыхарамі Даўгаполля і навакольных вёсак — прыняў начальнік РВУ «Гарадокрайгаз» В.А. Аўтухаў, гучалі прачулыя словы пра абавязак, недарэмныя ахвяры, памяць і вернасць. Аб гэтым гаварыла вядучая жалобнага мерапрыемства, дырэктар школы А.А. Кузняцова, старшыня сельвыканкама В.Г. Няхаеў, школьнікі чыталі вершы-рэквіем, помнікі ўпрыгожылі вянкі і букеты. Падчас мінуты маўчання наўкола звінела цішыня, ды нязмоўчныя салаўі заліваліся трэлямі — шчаслівымі і адначасова, здавалася, журботнымі — як і належыць у Дзень Перамогі.
На здымку: даўгапольскія вучні малодшых класаў на святым месцы.

Найгалоўнейшая каштоўнасць — мір
Шырока святкавала Езярышча 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Езярышчанцы, урачыстыя, прыбраныя, з кветкамі ў руках, ішлі цэлымі сем’ямі і арганізаванай калонай з ліку прадстаўнікоў працоўных калектываў, школьнікаў да вайсковых могілак, дзе пахавана больш за 200 вызваліцеляў гэтага гарадскога пасёлка, да помніка танку Т-70, усталяванаму на месцы пахавання камандзіра 159-й танкавай брыгады, палкоўніка С.П. Хайдукова. На бацькаву магілу не першы раз з Рэспублікі Татарстан прыехала ягоная дачка, Лілія Сямёнаўна (на здымку — выступае).

sv2
Схема святочных мерапрыемстваў 9 мая ці 3 ліпеня, здавалася б, аднолькава звыклая: выступленні афіцыйных асоб, ганаровых гасцей, моладзі… Так, усё традыцыйна, але ці не ў гэтай традыцыйнасці, што склалася на працягу дзесяцігоддзяў, і заключаецца сіла, якая выхоўвае патрыётаў?
За лічбамі статыстыкі ахвяраў вайны, якія і на гэты раз агучвалі старшыня Езярышчанскага сельвыканкама У.І. Катаржэўскі, старшыня мясцовага савета ветэранаў Н.Я. Падмазава, хаваецца трагедыя і веліч духу.
Апошнім часам гаворка ідзе пра 30 мільёнаў ахвяр нацысцкай Германіі. Лічба і так уражвае, а калі ўдумацца, колькі асабістых драмаў, барацьбы на грані магчымасцяў, доўгіх фізічных і псіхалагічных пакут крыецца за кожнай чалавечай «адзінкай» з гэтых 30 мільёнаў?!
— А што я ведаю пра вайну? — публічна запыталася сама ў сябе настаўніца гісторыі Езярышчанскай СШ Л.І. Нікіфарава. І тут жа прызналася, што, колькі б не «акуналася» ў гэту тэму, не сустракалася са сведкамі ваеннага ліхалецця, не чытала літаратуры — мастацкай, публіцыстычнай, дакументальнай — яна не ведае пра вайну нічога, таму што не перажыла яе.
Так і ўсім народжаным пасля вайны не ўсведаміць тое галоўнае, што дадзена ведаць тым, хто яе перажыў, — нейкую вышэйшую праўду, вялікую таямніцу пра сапраўдныя каштоўнасці, галоўная з якіх — мір.
— Жывіце доўга, жывіце ў шчасці, любові, ласцы, працуйце ў задавальненне, мацнейце! — па-бацькоўску настаўляў у сваім выступленні маладых ветэран Васіль Ільіч Глазкоў.
Ветэранаў — А.В. Аляксеенку, Р.Д. Бацюлёва, А.Р. Башкову, В.І. Глазкова, М.М. Сцепаненку — удзячныя езярышчанцы літаральна засыпалі кветкамі (на здымку).

sv1

Кожны імкнуўся так выразіць павагу да сваіх герояў — тых, якія не дажылі да пераможнага мая 45-га, якія пайшлі з жыцця пасля вайны, але падчас яе ўнеслі сваю лепту ў справу Вялікай Перамогі — у асобах гэтых паважаных людзей.
Мінута маўчання, залацістыя ўзнагароды на грудзях у ветэранаў, слёзы, якія змяняліся на ўсмешкі, трохкратны ружэйны салют, чырвань у колерах дзяржаўных сімвалаў і майскіх кветак… Традыцыйна? Так і выхоўваецца патрыятызм, гонар за сваю Бацькаўшчыну.

Ператварыліся ў белых жураўлеў
Перад самым пачаткам мітынгу-рэквіема на воінскім пахаванні, што ля в. Малашанкі, над ім праляцелі жураўлі. Можа, і праўда, душы тых, хто насмерць стаяў на гэтых высотах, вяртаюцца ў выявах прыгожых птушак, каб паглядзець, як жывецца на зямлі, за якую салдаты аддалі свае жыцці, як выконваюцца іх запаветы, ці жывая памяць пра іх… Жывая! Нездарма беларусы даглядаюць брацкія магілы невядомых ім чырвонаармейцаў, як магілы сваіх родных. З года ў год ідуць да іх на паклон у Дзень Перамогі — кліча грамадзянскі абавязак і сэрцы, перапоўненыя жалем па вялізных ахвярах і гонарам за гераічнае мінулае свайго народа.
Сем дзесяцігоддзяў невядомым заставаўся лёс чырвонаармейца Васіля Пятровіча Шальнева, прызванага на службу з Ліпецкай вобласці. Толькі сёлета звесткі пра яго праз інтэрнэт-рэсурсы атрымала ягоная дачка, Раіса Васільеўна Дзяменцьева. Даведалася, што ён навечна спачывае тут, у Малашанках, і 9 мая разам з пляменніцамі Вольгай і Нінай (на здымку), праўнукам Раманам прыехала на магілу бацькі.

sv3

  Не павярнуўся язык запытаць, што адчувае асірацелая ў маленстве, а цяпер ужо немаладая жанчына. Ёй, скамянелай, не ўдавалася стрымліваць патокі слёз. Плакалі і іншыя родныя, якія прыехалі на магілу дарагіх ім людзей з Яраслаўля, Новасібірска, Масквы, Тамбова… Разам з імі шчыра журыліся мясцовыя жыхары. Нават крыніца, што б’е з беларускай зямлі паблізу ад пахавання, бясконца плача і ніяк не можа аплакаць безлічныя ахвяры, прынесеныя савецкім народам на алтар Перамогі.
— Саслужывец майго бацькі, Васіля Іванавіча Мішына з Арлоўшчыны, расказаў, што яго, параненага на полі боя, фашысты прыстрэлілі стрэлам у галаву, — паказваючы сямейныя рэліквіі — фота розных год і паштоўкі з фронта, — расказвае Зоя Васільеўна Мішына. — Наша маці-прыгажуня да канца жыцця засталася адзінокай салдацкай удавой і гаварыла: «Я венчаная з мужам, я сустрэнуся з ім на тым свеце». Спа-дзяюся, так яно і ёсць. А я кожныя пяць год прыяз-джаю ў Малашанкі, сябрую з іншымі роднымі тых, хто тут пахаваны. Дзякуй вам, беларусы, што не закідваеце іх магілу…
На халодныя пліты пахавання, дзе знайшлі апошні прытулак больш за 300 салдатаў, кладуцца вянкі і жывыя кветкі, слова бярэ старшыня Бычыхінскага сельвыканкама Н.Г. Ахадаў: «Зараз, калі нават у нашых суседзяў так неспакойна, асаблівая ўвага па-вінна быць нададзена ўрокам Вялікай Айчыннай вайны. Нікому не дазволена перапісваць яе гісторыю, страшную і гераічную адначасова, дапускаць, каб яе жахі паўтараліся. Наш святы абавязак — захоўваць вечную памяць пра загінуўшых на палях бітваў, закатаваных у фашысцкай няволі, клапаціцца пра жывых ветэранаў і быць уважлівымі да прадстаўнікоў гераічнага ваеннага пакалення, якое выжыла ў акупацыі, працавала дзеля перамогі ў тыле. Гэтыя перакананні мы павінны перадаць у спадчыну сваім дзецям і ўнукам…»
І вось пасля выступлення настаўніцы гісторыі Бычыхінскай СШ Л.А. Барысавай, якая засведчыла, што ўсё тутэйшае наваколле — месцы «танкавых рукапашных», ужо школьнікі, сур’ёзныя, засяроджаныя, бяруць слова. Яны рыхтаваліся да гэтага свята: назубок вывучылі біяграфіі знакамітых землякоў-франтавікоў, вершы патрыятычнага гучання, падрыхтавалі выдатную літаратурна-музычную кампазіцыю (на здымку).

sv4

  Зададзены імі тон падтрымалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Бычыхінскага СДК. Над пахаваннем па тутэйшай традыцыі луналі і рваліся ў мірную нябесную сінечу песні, кранаючы за жывое зместам, тэмай, праўдай.
Перамога, якую аднолькава трапятка святкавалі і вялікія гарады, і маленькія вёскі, усе сумленныя людзі, якой сёлета споўнілася 70, ніколькі не састарылася!

Святлана Якаўлева.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *