Як прайшоў «Гарадоцкі Парнас»

Актуальное

  Стаўшае традыцыйным на гасціннай Гарадоцкай зямлі свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору ладзіцца ў сёмы раз. Але 2015 год апынуўся знакавым. Па-першае, адзначаецца 160 год з моманту стварэння паэмы, прызнанай жамчужынай беларускай, і не толькі, літаратуры. Па-другое, нарэшце спраўдзілася мара многіх жыхароў Гарадоччыны: у нас з’явіўся ўласны брэнд фэста і краю — помнік у гонар галоўнага героя «Тараса на Парнасе», што ўсталяваны ў скверы.Taras-4

  Менавіта тут, непадалёк ад скульптуры палясоўшчыка Тараса, разгарнулася цэнтральная пляцоўка свята, на якой адбылося яго адкрыццё. Тут жа размясціўся «Кірмаш ля Парнаса» з выставай-продажам вырабаў народных майстроў, майстар-класамі па рамёствах.
— Мы рады вітаць усіх на «Гарадоцкім Парнасе», свяце, якім мы ўшаноўваем памяць нашага знакамітага земляка Канстанціна Вераніцына і разам з гэтым узгадваем яго цудоўны твор, — сказала, адкрываючы фэст, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гамзюк. — Карыстаючыся магчымасцю, дзякую ўсім, хто аказвае падтрымку фэсту — паэтам і пісьменнікам Віцебшчыны, якія заўсёды  адгукаюцца на прапанову наведаць «Гарадоцкі Парнас», нашым вядомым землякам, якія знайшлі магчымасць папрысутнічаць на свяце і, канешне, асаблівыя словы ўдзячнасці — районным уладам і канцэрну «Дзецкасельскі-Гарадок», дзякуючы падтрымцы якога помнік Тарасу цяпер ёсць у Гарадку.Taras-2
Урачыстае права падняць эмблему свята было дадзена Тамары Красновай-Гусачэнка (старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі) і нашаму паважанаму земляку, знакамітаму паэту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Скарынкіну (на здымку).
Т. Краснова-Гусачэнка ўзгадала асноўныя моманты з жыцця і творчасці К. Вераніцына, падкрэсліла актуальнасць яго «Тараса на Парнасе». Шчырымі апладысментамі гледачы сустрэлі выступленне У. Скарынкіна, які прадставіў, калі можна так сказаць, свой «асучаснены варыянт» паэмы, створаны на мясцовым, гарадоцкім матэрыяле. Taras-3
Духмянымі караваямі віталі пачэсных гасцей свята (на здымку). Акрамя вышэйназваных Т. Красновай-Гусачэнка і У. Скарынкіна, да нас на «Парнас» завіталі А. Марчанка (вядомы ўрач, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук і педагог); члены Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь І. Хіцько і В. Шылко; паэт і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Б. Беляжэнка. Taras-5
Яркай і запамінальнай атрымалася акцыя «Чытаем паэму разам», калі радкі твора па чарзе чыталі  прадстаўнікі ўстаноў культуры горада (на здымку).
Весела, з юмарам і густам падышлі да афармлення сваіх пляцовак у скверы Дом рамёстваў і фальклору, Цэнтральная бібліятэчная сістэма, ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» ды іншыя. Не давялося сумаваць і на пляцоўцы краязнаўчага музея, дзе на выставе «Жар-птушка беларускай паэзіі» жадаючыя маглі ўбачыць усе выданні «Тараса на Парнасе», пачынаючы ад ксеракопіі выдання 1986 г. Тут жа, ля музея, разгарнулася «Тарасава сядзіба» — панадворак Вайханскага сельсавета, малой радзімы К. Вераніцына.
У прахалодзе сквера крыху пазней прайшло свята паэзіі «Маці Беларусь, твой сын жыве!» з удзелам мясцовых паэтаў і гасцей, творчых калектываў ГДК і Цэнтра дзяцей і моладзі.
«Гарадоцкі веснік» пазнаёміць вас, дарагія чытачы, з асобнымі момантамі фэста ў наступных нумарах «раёнкі».
Ганна НАВУМАВА.

  На здымку: кветкі да помніка Тарасу.
Фота аўтара.

**************

  Мнагалюдна, квяціста, весела было ў нядзелю ў дзіцячым парку райцэнтра, які стаў адной з пляцовак святкавання «Гарадоцкага Парнаса». Адна ля адной тут размясціліся тэматычныя пляцоўкі, дзе гасцей чакалі гульні, забавы, прэзентацыя страў нацыянальнай кухні «Свята панадворкаў». Ганак Дома культуры стаў сцэнай, дзе праходзіў канцэрт «Вечарынка на Парнасе» з удзелам лепшых самадзейных калектываў Гарадоччыны, пераможцаў раённага агляду-конкурсу «Гарадоцкая скарбонка», гасцей  з Лёзненшчыны, народнага ансамбля «Пушкоўскія спявачкі». Прыхільнікі дачакаліся выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Лель». Навучэнцы мастацкага аддзялення ДШМ г. Гарадка правялі плэнэр і арганізавалі выставу сваіх работ. Малыя вішчалі, падстаўляючы ліпкія ад салодкай ваты далонькі пад струменьчыкі фантана і скокаючы на батуце… Кожны мог знайсці для сябе занятак і, прайшоўшы па алеях, атрымаць новыя ўражанні.Taras-7

  Сонечная прастора поўнілася гукамі музыкі — сваёй, беларускай. Аж да блакіту нябёсаў ляцелі песні — свае, беларускія. Песціла сэрцы мова — свая, беларуская.
— Выдатна, што ў Гарадку ёсць такое свята, што мы павярнуліся да сваіх каранёў, — зазначыў шаноўны госць мерапрыемства мастак Віктар Шылко (на здымку 1 яго частуюць на панадворку Даўгапольскага сельсавета). — Усведамленне сваёй самабытнасці важна для любой нацыі, як і памяць пра славутых продкаў. Гарадакчане маюць падставы ганарыцца сваім зямляцтвам з Канстанцінам Вераніцыным. Варта было б выводзіць свята ў яго гонар на больш высокі ўзровень, пашыраць яго да абласнога ўзроўню.Taras-6
Ці памятаеце, як, чытаючы апісанне трапезы багоў на Парнасе, вы глыталі слінкі? Яшчэ б — капуста, кулеш са скваркамі, крупеня на малацэ, каша з салам, смажаная гусяціна, каўбасы, аўсяныя бліны… На кожным панадворку, прадстаўленым сельсаветамі раёна, увішныя гаспадыні прапаноўвалі не горшую смакату. Па адмысловых рэцэптах, што дасталіся ў спадчыну, — залацістая здоба з розным начыннем, традыцыйныя дранікі і незвычайныя аладкі з квашанай капусты, белае сала на чорным хлебе і блінчыкі з прыпёкам, морсы ды наліўкі так і вабілі паласавацца імі. Багатыя сталы спакваля пусцелі, ды гаспадыні зноў і зноў дадавалі на вышытыя абрусы сваё печыва, смажаніну, гародніну, шчодра частуючы стравамі нацыянальнай кухні гасцей. У беларусаў жа абавязковая частка свята — пачастунак. Добрая традыцыя. Смачная.Taras-10
Але і бяседа пры стале павінна быць прыемнай, цікавай. Таму кожны панадворак быў адмыслова аздоблены — вышыванкамі, кветкамі, дэкаратыўнымі вырабамі. Каб пазабавіцца, дарослым і дзецям прапаноўвалі атракцыёны, набыццё сувеніраў, выставы. Напрыклад, студэнты ГДАТК, што займаюцца ў тэатральным гуртку, паказвалі жартоўную сцэнку «Зязюлькі» (на здымку 2), побач ішоў бойкі гандаль булачкамі, што з рання напяклі ў сталовай каледжа, літаральна за гадзіну расхапалі іх тысячу. На пляцоўцы Першамайскага сельсавета ахвотна затрымліваліся дзеці: у надзіманым басейне пад лістамі гарлачыкаў яны з піскам лавілі рукамі карасёў (на здымку 3) — у азёрным краі, багатым рыбай, жывём, землякі! Маладзёжны панадворак ГДПТКСП імя І.В. Дарошчанкі, аформлены ў стылі беларускай хаты і ілюстрацыямі да твора К.Вераніцына «Тарас на Парнасе», вабіў у імправізаванае кафэ мачанкай, блінамі, дранікамі, прапаноўваў падсілкавацца не горш за парнасаўскіх багоў. Усе панадворкі адрозніваліся адзін ад аднаго, аб’ядноўвала іх хіба тое, што гаспадыні на іх красаваліся ў стылізаваных народных уборах. Кожную можна было б апісаць як вераніцынскую Венеру: «Як жар, гарыць яе спадніца, і стужкі ўплецены ў касе…»Taras-11
Усе творчыя калектывы, чыімі сіламі ладзілася «Вечарынка на Парнасе», былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы СФГ «Острыдж», ПГУП «Юна», «Прычындалы», «Вітагор», «Куруш», «Авангард», «Алмілагандаль» кожнаму з іх быў уручаны знак асобай пашаны — шчодры беларускі каравай — за адданасць народнаму мастацтву, любоў да беларускай творчасці. Аматараў жа яе багата сабралося парадаваць гледачоў. Ганаровае званне «народны» носяць ансамбль песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага ГДК, ансамбль гарманістаў і фальклорны гурт «Глейна» цэнтра народнай творчасці і традыцыйнай культуры, фальклорны ансамбль «Азерыца» Езярышчанскага ГПДК (на здымку 5), Taras-9ансамбль песні і музыкі «Суседзі» Даўгапольскага СДК, фальклорны калектыў «Спадарыня» Бычыхінскага СДК, ансамбль песні і музыкі «Дубравіца» Дуброўскага СДК. Высокі выканаўчы ўзровень паказалі хор ветэранаў «Кацюша» Гарадоцкага ГДК, вакальная група «Надзея» Пальмінскага СДК, фальклорны гурт Халамерскага СК. Захавальнікі бацькоўскіх традыцый не дазволяць ссякнуць жыватворным струменям народнай творчасці на гарадоцкай зямлі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку 4: народны ансамбль «Пушкоўскія спявачкі» з Лёзненшчыны ўзнагароджвае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.У. Каўрыга.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *