Напярэдадні свята медыцынскіх работнікаў прыўзнятыя, прыгожыя ўрачы, медсёстры, санітары сабраліся ў Гарадоцкім ГДК, каб ушанаваць калег, якія дасягнулі пэўных поспехаў у працы. З рук галоўнага ўрача гарадоцкай ЦРБ В.В. Самсонава яны атрымалі Ганаровыя граматы (чытайце «Гарадоцкі веснік» за 20 чэрвеня). Тым, хто сёлета адзначае шматгадовы юбілейны стаж добрасумленнай працы ў раённай галіне аховы здароўя, грашовыя прэміі ўручыла галоўная медыцынская сястра ўстановы, старшыня прафсаюзнага камітэта А.У. Плашчанка. Галоўнай дзеяй мерапрыемства стаў конкурс, у якім узялі ўдзел маладыя спецыялісты-медыкі — у гонар прафесійнага свята і Года моладзі.
Дружна балелі гледачы за канкурсантак, якія бліскуча выконвалі жартоўна-прафесійныя заданні, скараючы залу сваімі творчымі здольнасцямі, абаяльнасцю і прыгажосцю. Дзяўчаты ўжо паспелі зрабіць першыя крокі ў прафесіі і заваяваць сімпатыі калег сваімі дзелавымі якасцямі. На сцэне ж яны хваляваліся ці не больш, чым пры выкананні службовых абавязкаў — прыкметна дрыжалі іхнія калені. Але конкурсныя выпрабаванні вытрымалі годна.
Найбольш відовішчным быў першы этап конкурсу, візітная картачка, падчас якога дзяўчаты прадстаўлялі сваю спецыяльнасць ці сваё аддзяленне. Другое заданне, «перадача дзяжурства», прадугледжвала апрананне на хуткасць калегі з залы ў медыцынскую форму. На трэцім этапе з падручнага матэрыялу трэба было выканаць павязку на галаву. Затым з завязанымі вачыма вызначыць па паху пэўны медыцынскі прэпарат і ўрэшце — паставіць дыягназ паводле сімптомаў, пададзеных песенным радком. Правалаў не было, балельшчыкі шчыра падтрымлівалі сваіх маладых калег, і іх твары ўпрыгожвалі ўсмешкі, калі на сцэне з’яўляліся ўдзельнікі калектываў Дома культуры.
Журы так і не змагло вызначыць лепшую з канкурсантак, таму кожная з іх была адзначана ў сваёй намінацыі. Медсястра аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі Анастасія Няфёдава — «Самая чароўная», медсястра дзіцячай кансультацыі Анастасія Захарэнка — «Самая таленавітая», медсястра аддзялення рэанімацыі Анастасія Ананьева — «Самая знаходлівая», фельчар хуткай медыцынскай дапамогі Езярышчанскай раённай бальніцы Вольга Сідарава — «Самая элегантная», фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Святлана Сцернічук — «Самая арыгінальная»,урач псіхіятр-нарколаг Вераніка Піскунова — «Самая артыстычная» (на здымку). Выдатна, што мы маем магчымасць звяртацца па дапамогу да добрых спецыялістаў і адначасова спагадлівых, абаяльных медыкаў, што лечаць не толькі лекамі, але і зараджаюць сваім аптымізмам.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: візітоўка А. Захарэнка.
Фота аўтара.