Дарожнікі чакаюць лепшых часоў

Актуальное

  З наступленнем спрыяльных умоў надвор’я, яшчэ ў красавіку, гарадоцкія дарожнікі пачалі прыводзіць у належны стан дарогі раёна. Да веснавога агляду (да 17 мая) быў завершаны ямачны рамонт практычна ўсіх дорожных пакрыццяў на дарогах, бягучы рамонт прыпыначных павільёнаў, бардзюраў, стоек дарожных знакаў, веснавое грэйдзіраванне на накірунках: Гарадок-Селішча, Гарадок-Палова, Пруднікі-Астраўляны-Байцарава, Віраўля-Обаль-Халамер’е, Гуркі-Рудня-Газьба, Быкі-Казьяны-Обаль; пад’езды да Кабішча і комплексу УП «Паўночны»…doroga

  Звычайна лета — перыяд актыўнага вядзення работ на дарогах, але па прычыне няўстойлівага фінансавага становішча філіяла Гарадоцкага ДРБУ-106 КУП «Віцебскаблдарбуд» сёлета гэтай актыўнасці не назіраецца. На гэты год не запланавана ні капітальных, ні бягучых рамонтаў дарожнага палатна — галаўное прадпрыемства не выдзяляе сродкі. Дарожнікі вымушаны абмяжоўвацца добраўпарадкаваннем дарог, напрыклад, зараз работы вядуцца на ўчастку дарогі Залучча-Пруднікі (адзіны аб’ект для бягучага рамонту). Тут будуць усталяваны два новыя прыпыначныя павільёны, уладкавана пасадачная пляцоўка.
На чэрвень было выдзелена 300 млн рублёў, якіх хапіла на пяць дзён ажыццяўлення рамонтнага прафіліравання ды восем дзён абкошвання прыдарожных тэрыторый. 50 млн з выдзеленай сумы за два дні было выдаткавана на правядзенне ямачнага рамонту. Хаця ў аўтамабілістаў-карыстальнікаў дарог ён не надта папулярны, усё ж ён дарагі па тэхналогіі выканання і дазваляе больш ці менш бесперашкодна рухацца на машынах.
— Канешне, мы ведаем усе нашыя слабыя месцы, — сцвярджае галоўны інжынер ДРБУ-106 Д.В. Зудаў. — Усе заяўкі-абгрунтаванні аб участках дарог, што патрабуюць рамонту, намі пададзены. Але грошы не выдзяляюцца. Скаргі ад насельніцтва ў сваёй большасці апраўданыя і заканамерныя, стараемся ўхіляць недахопы, але ўтрыманне дарог — справа нятанная. Да прыкладу, кошт 1 км новага асфальтавага пакрыцця складае каля 1 млрд рублёў.
Нярэдка, тэлефануючы на прадпрыемства, людзі пытаюцца, куды ідуць заплочаныя імі падаткі. Агульнавядома, што яны паступаюць у бюджэт. Дзяніс Вячаслававіч патлумачыў, што за бюджэтныя грошы фінансуюцца толькі асобныя віды дарожных работ — будаўніцтва новых дарог, ажыццяўленне капрамонту існуючых, рэканструкцыя вуліц. Летась, напрыклад, такая рэканструкцыя закранула вуліцы Камсамольскую і Чырвонаармейскую ў Гарадку. На бягучы рамонт і падтрыманне дарожнай сеткі дзяржпадтрымка не прадугледжана.
Адміністрацыя прадпрыемства шукае аб’екты, дзе можна было б заробіць гаспадарчым спосабам. Да прыкладу, сёлета гарадоцкія дарожнікі працавалі на ўладкаванні пешаходных дарожак у Талачыне (гэты райцэнтр увосень будзе сустракаць абласныя «Дажынкі»), выконвалі акошванне збочын на Полаччыне. Ёсць дамоўленасць аб уладкаванні тратуараў ў Віцебску. Тое-сёе зарабляюць, прадаючы пясок са свайго кар’ера ў Прывадзіне. Адзіным аб’ектам, для якога 100 тон асфальту выпусціў асфальтабетонны завод ДРБУ-106, стала тэрыторыя ля будынка раённага суда Гарадоцкага раёна. Заасфальтавалі яе таксама мясцовыя дарожнікі. Яны шукаюць іншыя аб’екты, дзе можна было б робіць і зарабляць.
— Ва ўмовах, якія склаліся, работнікі нашай арганізацыі атрымліваюць зусім невялікую зарплату, ідуць у вымушаныя водпускі, — расказвае Дзяніс Зудаў. — Але звальняцца не спяшаюцца, і гэта вельмі каштоўна: калі мы згубім кадры,то нават пры наступленні лепшых часоў (а мы спадзяёмся, што яны будуць), навічкі не адразу асвояць дарожную навуку. Трэба зрабіць усё магчымае, каб захаваць калектыў, прадпрыемства ў цалку. Інакш, хто паклапоціцца пра 923 кіламетры дарог, якія абслугоўвае наша ДРБУ?
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *