Канстанцін Вераніцын, карэнны астраўлянін

Актуальное

  Маляўнічасць краявідаў Астраўлянаў, дзе ў 1834 годзе нарадзіўся чалавек, які сёння вядомы як Канстанцін Васільевіч Вераніцын, аўтар хрэстаматыйнай, любімай многімі беларусамі паэмы «Тарас на Парнасе», немагчыма аспрэчваць. Нездарма сюды — за натхненнем, за глытком прыгажосці і спакою — імкнуцца творчыя натуры. Ля памятнага знака, усталяванага ў вёсцы 1 студзеня 2001 года, які сведчыць, што знакамітая паэма напісана ў 1855 годзе яе ўраджэнцам, гарадоцкім мешчанінам Канстанцінам Вераніцыным, штогод падчас правядзення раённага свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас» ладзіліся народныя гулянні з удзелам экскурсантаў, якія рухаліся па маршруце «Гарадок — возера Лосвіда — Вялікія Стайкі — Астраўляны».Taras

  Па звестках з многіх крыніц, абагульненых навуковым супрацоўнікам Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея Нінай Бураковай, Канстанцін з’явіўся на свет у сям’і прыгонных сялян пана В.М. Бондырава і пры нараджэнні насіў прозвішча Васільеў. Толькі ў 1851-м годзе, прыпісаўшыся ў мяшчане, змяніў яго на прозвішча Вераніцын.
Вядома, што пан адносіўся да хлопчыка па-асабліваму. Магчыма, Канстанцін быў ягоным пазашлюбным сынам, або Бондыраў заўважаў у ім добрыя здольнасці і кемлівасць. Так ці інакш, пры падтрымцы Васіля Максімавіча ў 1844 годзе хлопец скончыў прыходскае вучылішча ў Гарадку, праз год атрымаў вольную і паступіў вучыцца ў Віцебскую губернскую гімназію. У 1852-м годзе, скончыўшы шэсць яе класаў, стаў студэнтам Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, але праз два гады адтуль па невядомых прычынах быў выключаны. У 1857 годзе К. Вераніцын паступіў адразу на трэці курс Горы-Горыцкага земляробчага інстытута, праз два гады скончыў яго са званнем агранома, абараніў дысертацыю «Аб беларускай гаспадарцы». Потым у ягонай біяграфіі была служба — дзяржаўная і прыватная: кіраваў маёнткам у Магілёўскай губерніі, працаваў у Галоўным таварыстве Расійскай чыгункі, настаўнікам геаграфіі і прыродазнаўства Маладзечненскай настаўніцкай семінарыі, чыноўнікам у Міністэрстве шляхоў зносінаў у Пецярбургу. На пенсію пайшоў у званні стацкага саветніка. Памёр Канстанцін Вераніцын да 1907 года, магчыма, у Полацку, дзе ў ягонай жонкі Лізаветы Поль быў дом. Дзяцей у іх не было.
Лагічна выказаць здагадку, што Канстанцін Вераніцын і ў сталым узросце наведваўся на сваю малую радзіму. Нездарма ў адным са сшыткаў А. Рыпінскага з рукапіснымі тэкстамі «Тараса на Парнасе», вынайдзеным гісторыкам, літаратуразнаўцам і пісьменнікам Г.В. Кісялёвым, утрымлівалася пазнака: «1855 год. 15 красавіка, Гарадок. К. Вераніцын».Taras-1
Землякі ганарацца, што менавіта Гарадоччына і Астраўляны далі Беларусі славутага сына, што ён хадзіў тутэйшымі сцяжынкамі, гуляў у закінутым цяпер парку, кранаў камяні пабудоў пазамінулага стагоддзя… Мабыць, ведаў і легенду пра дачку колішняга мясцовага пана, прыгажуню Ляну, якая закахалася ў сялянскага хлопца і была саслана бацькам на адзінокі востраў пасярод возера (на здымку). Востраў Ляны, па паданнях, і даў назву ўсёй вёсцы. У 2007-м і 2008-м гадах на гэтым рамантычным месцы па ініцыятыве вядомай віцебскай фалькларысткі Л.П. Кернажыцкай, якая бывала тут са сваімі студэнтамі ў фальклорных экспедыцыях, ладзілася абласное свята «Купалле Паазер’я». Навакольныя краявіды натхняюць на творчасць навучэнцаў мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава, якія прыязджаюць сюды на пленэры. Уражвала прыгожая прастора, што адкрываецца погляду з берага Астраўлянскага возера, і беларусаў, і замежных гасцей.
— «Тарас на Парнасе» і цяпер застаецца ўзорам невычарпальнай крыніцы дасціпнага народнага гумару, — зазначае загадчыца Астраўлянскага сельскага клуба-бібліятэкі Ірына Масюгіна (на здымку — ля памятнага знака). — Мабыць, такі гумар закладзены ў прыродзе беларусаў з самага нараджэння. Нездарма так весела, прыпраўляючы жартамі ды каларытнымі прымаўкамі свае традыцыйныя беларускія стравы, штогод частуюць імі гасцей «Гарадоцкага Парнаса» ўдзельніцы нашага жаночага клуба «Алеся». Хаця сёлета мерапрыемствы ў Астраўлянах не запланаваны, 14 чэрвеня мы аформім свой панадворак у Гарадку. Завітайце, па-сяброўску пагаварыце з жыхарамі вёскі, адкуль ідуць карані нашага Канстанціна Вераніцына!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *