Кашмары вайны дагэтуль вяртаюцца ў снах

Актуальное Это интересно

  У гараджанкі Ніны Сяргееўны Сянчуры — цікавы лёс, багатая на падзеі і цікавыя сустрэчы біяграфія, выдатная кар’ера. Ад вясковай дзяўчынкі з в. Сянчуры, што на Гарадоччыне, яна прайшла шлях настаўніцы Езярышчанскай СШ, другога, а затым і першага сакратара Шумілінскага райкама партыі, старшыні Шумілінскага райвыканкама, сакратара абласнога Савета прафсаюзаў. Яна была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, узнагароджана яго Ганаровай граматай, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», двума медалямі.
  Характар гэтай дзіўнай, разумнай, прыгожай жанчыны гартаваўся ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі яна дзяўчом разам са сваёй сям’ёй і землякамі стойка пераносіла ўсе нягоды акупацыйнага рэжыму ў нашым райцэнтры. Аб гэтым — яе не сцёртыя часам успаміны, праўдзівыя сведчанні дзіцяці вайны.Senchura

  — Я памятаю, што 22 чэрвеня 1941 года быў цёплым, сонечным днём. Мы з маці ішлі з рынку ў Гарадку — маці збірала старэйшага брата Аляксея ў Ленінград, закупіла тое-сёе з прадуктаў, салодкае яму на дарогу. Мне было ўжо 12 год, і я таксама марыла запісацца ў фабрычна-заводскае вучылішча, але ведала: бацькі не адпусцяць, пакуль малая, — успамінае Н.С. Сянчура.
На вулічных слупах тады былі замацаваныя радыёрупары. Ніна з мамай убачылі ля аднаго з іх, што па вул. Чырвонаармейскай, каля старога будынка ваенкамата, натоўп людзей і пачулі голас Молатава, які даводзіў, што сёння ў чатыры гадзіны раніцы пачалася вайна… Жанчыны заплакалі, з крыкамі людзі пабеглі па сваіх хатах.
У сям’і Сянчураў было сямёра дзяцей, дзве дзяўчынкі і пяцёра хлопцаў. Ніна была чацвёртая. Старэйшы брат, Арсеній, служыў у Чырвонай арміі, сястра Марыя толькі ў красавіку выйшла замуж, Аляксей вучыўся ў Ленінградзе, Паўлу было 10 гадкоў, Сашу — пяць, Валіку — тры. Такім чынам, у сям’і сустрэлі вайну бацька, Сяргей Піліпавіч, маці, Кацярына Карпаўна, Ніна і трое яе малодшых братоў.
9 ліпеня фашысты акупіравалі Гарадок і пачалі ўсталёўваць тут свой рэжым, стварылі паліцыю і камендатуру, пачалі праводзіць перапіс насельніцтва. Многімі суседзямі Сянчураў да вайны былі яўрэі, некаторыя з іх уцяклі ў глыб Расіі, іншыя засталіся. У хату, кінутую Хаімам Зарэцкім, засяліўся паліцай па прозвішчы Шмань, у хаты Аскоцкіх, Кажэўнікавых — нямецкія афіцэры і бежанцы з Польшчы. Палову хаты Сянчураў, дзе і цяпер жыве сям’я Паўла, занялі тры афіцэры.
Фашысты стварылі армію паліцаеў, начальнікам паліцыі ў Гарадку стаў украінец Анатоль Мордзік, які перад самай вайной прыехаў з жонкай да яе родных. Па ўспамінах Ніны Сяргееўны гэта быў не чалавек, а звер з сатанінскім сэрцам. Мордзік ільсціва схіляўся перад фашыстамі, забіваў людзей, спальваў вёскі, часта разам з жанчынамі, старымі і дзецьмі.
Перад будынкам паліцыі ўсталявалі шыбеніцу. Першай яе ахвярай стаў малады мужчына з шыльдачкай на шыі, дзе было напісана: «Я партызан». Кожны раз назіраць за пакараннем зганялі жыхароў бліжэйшых вуліц. Гэта было настолькі жудасна, што халадзела, спынялася сэрца. Мордзік сам часта здзяйсняў павешанне: ставіў два табурэты — для сябе і няшчаснага, якога выводзілі і ставілі на табурэт пад пятлю са звязанымі на спіне рукамі, кат накідваў пятлю на шыю ахвяры, выбіваў табурэт з-пад ног шыбеніка, брыдка лаяўся і смяяўся. Людзі, асабліва жанчыны, моўчкі плакалі — што яшчэ яны маглі зрабіць?
— Мы бачылі, як па вул. Пралетарскай штодня на чыгуначны вакзал строем ганялі савецкіх ваеннапалонных, — працягвае Ніна Сяргееўна. — Там яны павінны былі займацца загрузкай-разгрузкай вагонаў. Толькі пад вечар яны вярталіся «дадому» — на пляцоўку пад адкрытым небам ля тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі.
Мясцовыя жыхары разумелі, што палонныя дужа галадаюць: не раз бачылі, як, заўважыўшы на бруднай дарозе хоць які ліст капусты ці бурака, хапалі яго і хутчэй цягнулі ў рот. Людзі  спачувалі ім, маці ўсё ўглядалася, ці не акажацца сярод іх Арсенія, плакала, што, можа, і ён такі ж бяспраўны гаротнік. Але перадаць ім хоць што-небудзь з ежы было немагчыма — немцы строга забаранялі гэта. Усё лета палонных ганялі на прымусовыя работы, іх станавілася ўсё менш, а затым іх кудысьці звялі…
Першыя месяцы са два акупанты выдавалі хлеб — па 200 грамаў на чалавека. Людзі атрымлівалі круглыя боханы са здзіўленнем  жахам: яны былі спечаны з цэлага зерня аўса, таму аўсяная лузга так і тырчала ва ўсе бакі. Кацярына Карпаўна сушыла гэты «хлеб» у печы да стану сухароў, потым таўкла ў ступцы і, дадаючы бульбу, пякла ляпёшкі. Потым перасталі даваць і такі «прадукт».
Ужо ў першыя дні акупацыі немцы пачалі прывозіць з вёсак тушы зарэзаных кароў, і ля будынка цяперашняй рэдакцыі газеты «Гарадоцкі веснік» выстройваліся даўжызныя чэргі. Людзі з посудам стараліся ўхапіць хоць якія вантробы, што раздавалі немцы, хоць капыты, калі-некалі тлушч. Насельніцтва страшна галадала: усе гароды былі стаптаны тэхнікай захопнікаў.
Ужо са жніўня 1941 года пачаліся масавыя растрэлы і павешанні людзей. Адной шыбеніцы не хапала, людзей — у асноўным маладых мужчын — вешалі на кожным слупе, на дрэвах па вуліцах Пралетарскай, Ленінскай, Карла Маркса. З вёсак прыганялі натоўпы народу, памяшчалі іх у турме, што была на вул. Леніна, у доме па вул. Валадарскага, у высокім храме на вул. Узгор’е.
На вул. Камсамольскай, за будынкам цяперашняй пажарнай часці, быў вялікі драўляны будынак, раней там быў дзіцячы дом. Туды сталі прывозіць дзяцей 5-12 гадоў з партызанскіх сем’яў, бацькі якіх загінулі. Аб гэтым сведчыла сястра Ніны Сянчуры Марыя Камлёва, якая пад прымусам працавала там поварам. Дзяцей вельмі добра кармілі, яны хутка папраўляліся, а затым іх забіралі, на іх месцы прывозілі новых.
Адзін нямецкі шафёр, які любіў паласавацца на кухні і трошкі ведаў рускую мову, прагаварыўся Марыі, што гэтыя дзеці становяцца донарамі крыві для нямецкіх салдат. Маўляў, у нейкім канцлагеры, робячы надрэзы на пятках, з іх за адзін раз выпампоўваюць усю кроў, пасля чаго дзеці паміраюць. Даведаўшыся аб гэтым, Марыя, нягледзячы на тое, што працаўнікам жудаснага «дзіцячага дома» штодня давалі па бохану хлеба, спасылаючыся на сваю цяжарнасць, папрасіла, каб яе вызвалілі ад гэтай работы — не змагла адкормліваць дзяцей для іх наступнага забойства фашысцкімі звярамі.
Асаблівыя адносіны былі ў акупантаў да яўрэяў. Маладых мужчын гэтай нацыянальнасці прыцягвалі да прымусовых работ на чыгуначным вакзале. Да бацькі Ніны заходзіў сусед Зуся, знакаміты да вайны бляхар, жонку ягоную звалі Ева, і ў іх былі дзве маленькія дочкі. Ён даводзіў Сяргею Піліпавічу, што немцы ўсё ж добрыя, бо выдаюць па невялічкаму бохану светлага хлеба напалову з апілкамі. Ён спадзяваўся, што навала міне іх, калі мужчыны будуць сумленна працаваць. Аднойчы да суседзяў забегла ўстрывожаная Ева — яна трэці дзень не дачакалася мужа.   Выпадковым сведкам таго, куды падзеліся няшчасныя, стаў будучы свёкар Ніны Сяргееўны, Іван Лукіч Логінаў.
Аднойчы ў асенніх прыцемках ён вяртаўся ад сябра з Пруднікаў, непадалёк ад Бярозаўкі мужчына заўважыў дзве тэнтаваныя машыны. Асцярожнасць прымусіла яго ўпасці ў траву, адпаўзці ў хмызняк. Ён бачыў, што з кузава павыскоквалі яўрэйскія мужчыны, іх акружылі немцы з сабакамі, прымусілі капаць траншэю, па-нямецку патароплівалі іх. Калі траншэя была гатовая, людзей паставілі на яе краі тварам да выкапанай яміны і пазабівалі іх выстраламі ў патыліцы. Ад машыны аддзяліліся яшчэ два мужскія сілуэты. Гэтыя людзі закапалі траншэю з мёртвымі, пасля чаго іх таксама застрэлілі і закапалі. Іван Лукіч быў ні жывы ні мёртвы ад убачанага і доўга яшчэ, нават калі забойцы паехалі, ціснуўся да зямлі, суцішаючы сэрца, гатовае выскачыць з грудзей.
У жніўні 41-га ўсіх яўрэяў з Гарадка і раёна  памясцілі ў гета. Калючым дротам быў абцягнуты ўчастак з канца вул. Чырвонаармейскай і Узгор’е, частка Гараджанкі. На тэрыторыі гета быў былы інтэрнат лётчыкаў, некалькі дамоў гарадакчан. Нікога блізка не падпускалі вартавыя — немцы і паліцаі — ніхто не мог перадаць пакутнікам ежы. Міма калючага дроту Сянчуры хадзілі па ваду, іншы раз спрабавалі кінуць за агароджу бульбіну ці які сухарык. Калі гэта заўважалі фашысты — адразу стралялі. Месяцы са два жанчыны, старыя і дзеці знаходзіліся ў ізаляцыі. Каты прапаноўвалі яўрэям за выкуп — залатыя рэчы, якія ў іх былі, — наведаць свае дамы. Вязні збіралі нешта каштоўнае, так працягвалася даволі доўга.
Аднойчы адну з жанчын-вязняў, якая заплаціла за такую магчымасць, павялі наведаць ейны дом па вул. Карла Маркса. Назіральнікі заўважылі, што яна часта падыходзіць да фікуса, што рос у вялікім драўляным вазоне. Яны адвялі гаспадыню ў гета, а самі расказалі Мордзіку, што яўрэйка нешта хацела ўзяць у сваім доме. У высыпанай з вазона зямлі рабаўнікі знайшлі залатыя манеты. Звярыны паслугач прыпаднёс іх немцу-каменданту, за што атрымаў фашысцкую ўзнагароду, крывавую ўзнагароду. Аб гэтым расказаў  бацьку Ніны Сяргееўны сябар Мордзіка, той самы Шмань — вечна п’яны, злосны  паліцай, які пастаянна на горкі яблык збіваў нават сваю жонку і дзяцей.
— 14 кастрычніка 1941 года, у вялікае царкоўнае свята Пакрова Божай Маці, на зямлю выпаў першы сняжок, усё стала ўрачыстым, бялюткім. Але гэта быў чорны дзень для ацалелых на той час вязняў гета, — расказвае Ніна Сяргееўна. — Я ў той дзень зазірнула да сваёй цёткі Полі, якая з дзвюма маленькімі дочкамі часова жыла ў хацінцы Сары Гаўберг, бо іх кватэра была разбурана выбухам снарада. Дарэчы будзе адзначыць, што сям’я Гаўбергаў паспела ўцячы. Пасля вайны дадому вянулася гаспадыня і трое дзяцей — Муля, Туба і Давід. Іхні бацька памёр, а старэйшы брат Азік загінуў. Маю ўвагу прыцягнуў шум з боку гета, а яно добра было відаць з малюсенькага акенца ў калідорчыку гэтай хаты. Я прыпала да шкельца і на свае вочы бачыла, як з будынка пачалі выганяць яўрэяў. Чамусьці запомнілася, што на ганку ўсе старыя надзявалі на галовы ярмолкі, трымалі ў далонях сідурымы (малітвеннікі) і голасна, манатонна маліліся. Дзеці плакалі, жанчыны стараліся не выпускаць са сваіх рук іхнія ручкі. Няшчасных ставілі тварам да сцяны, ніякія рэчы браць з сабой не дазвалялі. Лаяліся паліцаі і немцы, брахалі сабакі. У натоўпе я ўбачыла сясцёр Смаргонскіх, з якімі вучылася ў пятым класе. У гэты момант я зразумела, што ўсіх гэтых людзей заб’юць. Я затрэслася ўсім целам ад жаху і жалю, слёзы пакаціліся з вачэй. Іх пастроілі калонай па чатыры чалавекі і па вуліцах Камуністычнай, Валадарскага, Сабалеўскага пагналі ў Вераб’ёвы горы.
Гідка было, што сцярвятнікі адразу пачалі хапаць сабе рэчы, адзежу яўрэяў. Раптам на тэрыторыі гета зноў падняўся гвалт: паліцай выпадкова знайшоў тайнік у двары, дзе схаваліся пажылыя муж і жонка. Відаць, яны загадзя выкапалі невялікую ямінку і залеглі ў яе. Яна была замаскіравана насцілам з дошак, прысыпаных дзёранам. Адна з гэтых дошак зламалася пад цяжарам паліцая, і старых выцягнулі на свет. Толькі іх скруцілі і кінулі на зрэбныя калёсы, як з будынка раздаўся новы крык. Адтуль выштурхнулі падлетка гадоў 12-ці, мне падалося, што гэта быў прыёмны сын яўрэйкі Блюмы, у якой мы купілі дом. Ён схаваўся ў дымаходзе, аднак, шоргат і сажа, якая адтуль пасыпалася, выдалі хлопчыка. Яго таксама звязалі і кінулі да тых старых, конь пацягнуў калёсы за калонай. У Вераб’ёвых гарах вязняў гета растралялі.
…Аднойчы ноччу хтосьці падпаліў склады з зернем за рэчкай, ля цяперашняга ільнозавода. Драўляныя будынкі згарэлі дашчэнту. Гараджане даведаліся, што немцы не забараняюць браць гарэлае зерне, усе рынуліся па яго. Праз рэчку пераходзілі басанож, разграбалі верхні счарнелы пласт зерня, пад якім было светлае, не кранутае агнём, але вельмі пахнучае гарру. Ніна з братам Паўлам бегалі па гэтае зерне, якое ўратавала сям’ю ад галоднай смерці.
Пасля пажару немцы і Мордзік улютавалі яшчэ больш: палілі вёскі, забіралі ў Нямеччыну моладзь. Дзяўчаты 1925-26 гадоў нараджэння павінны былі явіцца ў камендатуру. Тых, хто хаваўся, шукалі па хатах, забівалі іхніх бацькоў, спальвалі жытло.
Ладкуючы аблавы па вёсках, фашысты шукалі партызан. Дзесьці ў Александроўскім сельсавеце схапілі маладога мужчыну. Ніна Сяргееўна запомніла, што быў ён сярэдняга росту, чарнявы, прыгожы. Ён сапраўды быў партызанам, звалі яго Макар Блінчыкаў — пра гэта жанчына даведалася ўжо пасля вайны з кнігі ці не У. Лабанка, аднаго з лідэраў партызанскага руху на Віцебшчыне. Яго катавалі, жадаючы даведацца пра месцазнаходжанне партызанскіх лагераў, але ён не выдаваў таварышаў. Тады, у студзені 1943 года, быў вялікі мароз. На вул. Савецкай, дзе цяпер аптэка, сабралі жыхароў навакольных вуліц. Перад імі, распранутага да бялізны, босага, збітага шомпаламі, аблітага вадой, тройчы правялі Макара, назіраючы, ці не пазнае хтосьці гэтага мужнага хлопца, ці не выдасць сябе. Але натоўп маўчаў, затаіўшы жаль, слёзы і жах. Партызана зноў павялі катаваць. Не дабіўшыся ад яго ніякіх звестак, героя павесілі.
— Наша сям’я жыла ў двухстах метрах ад камендатуры і шыбеніцы, на такой жа адлегласці ад гета, — зазначае Н.С. Сянчура. — Побач жылі паліцаі. Дагэтуль з нянавісцю ўспамінаю іхнюю цёмна-зялёную суконную форму, белыя павязкі на рукавах. Яны высветлілі, што мае браты ваююць, і ўвесь час папракалі, што мы — чырвонаармейская сям’я, прымушалі адпрацоўваць сваю «віну». У той час, як яны шкадавалі і аберагалі свае сем’і і сем’і сваіх родных, нас — 47-гадовую маці, мяне і брата Паўла, маладзейшага за мяне на два гады, увесь час выганялі то чысціць снег на дарогах, то капаць вузкія траншэі ў Верамееўцы, Смальках для дроту сувязі, на іншыя работы. Даводзілася пакідаць сам-насам тады зусім малых Сашу і Валіка.
У красавіку 43-га Ніне было ўсяго 14, а яе забралі на работы ў былы Суражскі раён. Там разам з дзяўчатамі, якіх высылалі ў Германію, пад прымусам яна цягала на сабе з лесу 4-метровыя бярвёны для будаўніцтва гаці па балоцістых мясцінах у лесе. Дзяўчаткі капалі глыбокі роў на месцы, якое пазней сталі называць «Суражскія вароты», — немцы з дапамогай гэтай перашкоды спадзяваліся спыніць там савецкія танкі. У наваколлі вёсак Шляхоткі, Кавалёва, Дразды Ніна працавала сем месяцаў. У кастрычніку да гэтых мясцін падступала Чырвоная армія, над шматлікімі групамі працуючых часта лёталі савецкія самалёты. Неўзабаве ўсіх дзяўчат перавезлі ў в. Вярэчча, дзе было сабрана вельмі многа моладзі для адпраўкі ў Германію. Ніну і яшчэ адну малалетку, Галіну Прастакову, аддзялілі ад людзей, якіх на крытых брызентам машынах адвозілі для адпраўкі на чужыну. Дзяўчынкам жа загадалі нанасіць вады і нацяпліць лазню. Але ўвечары Вярэчча пачалі бамбіць. Скарыстаўшыся магчымасцю, Ніна і Галя ўцяклі і ўздоўж вузкакалейкі рушылі на Гарадок. Ішлі, беглі ўсю ноч. Дадому вярнуліся змарнелыя, схудалыя, ледзьве жывыя, родныя нават не адразу пазналі іх.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымку: Аляксей, Марыя, Павел, Ніна, Кацярына Карпаўна, Сяргей Піліпавіч, Арсеній,  Шурык і Валік Сянчуры.

Фота з сямейнага архіва Н. Сянчуры 1940 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *