«Лес» і «лёс» — словы сугучныя

Актуальное Штрихи к портрету

  Для большасці недасведчаных людзей лес — гэта прыгажосць, аздобленая ягадамі, грыбамі, лекавымі раслінамі. Для прафесіяналаў жа лес — гэта скарбніца, якая можа стаць невычарпальнай пры ўмове, калі яе правільна, ашчадна даглядаць і выкарыстоўваць. Да гэтага імкнуцца і 40 супрацоўнікаў Езярышчанскага лясніцтва Гарадоцкага лясгаса, сярод якіх — леснікі, майстры лесу, лесарубы, вальшчыкі, трактарысты і працуючыя па іншых спецыяльнасцях. Плошча ляснога фонду больш як у 20 тыс. га знаходзіцца пад іх пільным кантролем і клопатам.Petrov

  Разам з лесасечнымі работамі спецыялісты лясніцтва праводзяць і лесааднаўленчыя мерапрыемствы — пасадкі лясных культур, рубкі догляду, іншыя прыёмы догляду за насаджэннямі, асвятленне пасадак. У абавязкі сямі леснікоў, сярод якіх і Андрэй Пятроў (на здымку), уваходзіць папярэджанне незаконных парубак, ахова лясоў ад пажараў, назіранне за станам насаджэнняў і барацьба з іх шкоднікамі і захворваннямі.
— Работа ў нас такая, што пастаянна трэба рухацца ў прамым і пераносным сэнсе, — зазначае малады ляснік. — Акрамя таго, што абыход «валоданняў» — штодзённы абавязак, трэба расці ў плане сваёй адукаванасці. Лясніцтва сярод прадпрыемстваў і арганізацый, што дзейнічаюць у нашай акрузе, лічыцца стабільным месцам работы. А яна, хоць і не пазбаўленая цяжкасцей, носіць адценне рамантызму. Столькі прыгожых краявідаў, прыродных таямніц адкрываюцца звычайнаму воку. І вынік працы — спелы лес, вырашчаны тваімі намаганнямі з нясмелых саджанцаў, хіба не парадуе сваёй значнасцю?
Андрэй падчас вучобы ў ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі набыў спецыяльнасці лесніка, егера, вальшчыка, трактарыста. Працуе шосты год і, паспеўшы ацаніць важнасць абранай дарогі, завочна вучыцца на тэхніка лясной гаспадаркі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы.
Атрымаць адукацыю па групе «Лясная гаспадарка», акрамя названай установы адукацыі, можна ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (г. Мінск). ДЛГУ «Гарадоцкі лясгас» гатовы прадставіць абітурыентам магчымасць атрымаць мэтавае накіраванне на навучанне па дзённай форме ў гэтых навучальных установах, а пасля іх заканчэння — першае працоўнае месца з перспектывай далейшага кар’ернага росту.
Словы «лес» і «лёс» вельмі падобныя ў нашай мове. Беларускія лясы нездарма лічацца нацыянальным багаццем, не ссякнуць якому могуць дапамагчы кваліфікаваныя спецыялісты. Звязаць свой лёс з лесам — справа высакародная і ўдзячная, аб чым варта задумацца маладым, якія абіраюць прафесію.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *