Пранізлівыя, светлыя, развітальныя

Актуальное

апошнія званкі празвінелі для 2086-ці вучняў школ Гарадоччыны 30 мая. Асабліва хвалявалі яны сэрцы 118-ці выпускнікоў адзінаццатых класаў, іх настаўнікаў і бацькоў. На іх адрас прагучалі пажаданні ўдачы на выпускных экзаменах і ўступнай кампаніі ад кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, адміністрацыі школ. На ўрачыстых лінейках былі падведзены вынікі гэтага навучальнага года, уручаны граматы і падзякі лепшым у вучобе і пазашкольнай дзейнасці рабятам.shkola

  Актавая зала СШ № 2 г. Гарадка ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых павіншаваць выпускнікоў 9-х і 11-х класаў з заканчэннем навучання на базавай і сярэдняй ступені школьнага звяна. Асабліва прыгожыя падчас урачыстасцяў настаўнікі (на здымку) не ўтойвалі, што іхнія сэрцы шчымяць перад блізкім расстаннем са сваімі вучнямі. Так, на іх месцы прыйдуць новыя, але менавіта такіх, аднолькавых з тымі, праз чые плечы сёння перавязаны стужкі «Выпускнік-2015», ужо не будзе. Таму і слязінкі — з вейкаў употай, і неўсвядомленыя ўсмешкі замілавання на вуснах.shkola-1
— Мы назіралі за вамі з самых першых крокаў у гэтай школе, — звяртаецца з наказам на дарогу першая настаўніца сённяшніх выпускнікоў А.С. Шчарбакова. — Азіраючыся зараз, мы ўспамінаем толькі добрае: радасць, калі вы атрымлівалі выдатныя адзнакі ці перамагалі ў самых разнастайных конкурсах і алімпіядах, поспехі ў самаўдасканальванні і ўсведамленні найгалоўнейшых каштоўнасцей… Ідзіце наперад смела, прыгожа, няхай ўсе здабыткі, што вы возьмеце са сваёй школы ў вялікае жыццё, вам спатрэбяцца! Кім бы вы не сталі, памятайце, што перш за ўсё трэба заставацца людзьмі. Знайдзіце сябе і будзьце шчаслівыя!shkola-2
Слова ў адказ выпускнікоў (на здымку) — раптам пасталелых, па-юнацку, а не па-дзіцячы прыгожых — прасякнута падзякай. Назубок вывучаныя вершаваныя радкі і перакладзеныя песні гучаць дружна, шчыра. Зала расквечваецца букетамі, якія дзяўчаты і хлопцы нясуць і нясуць настаўнікам, бацькам, гасцям. Да віншаванняў далучаюцца і дзевяцікласнікі, якім, як і іх старэйшым таварышам, належыць здаць экзамены, пацвердзіць узровень атрыманых ведаў.
Заключны акорд свята каляровы, радасны: у яснае майскае неба ўзмываюць паветраныя шары: адзінаццацікласнікі развіталіся з бесклапотным дзяцінствам і  ўласцівай яму летуценнасцю.
А ўсе 57 выпускнікоў першых класаў сельскіх школ традыцыйна атрымалі на апошнім званку футбольныя мячы. Сёлета рэспубліканская акцыя «Падары дзіцяці футбольны мяч!» ініцыіравана асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футболу» і падтрымана ААТ «Белінвестбанк». Мячы стануць выдатным атрыбутам для гульняў у летні час і для першаклашак Вархоўскай БШ (на здымку).
Апошні званок у гэтай невялікай сельскай школе быў падрыхтаваны па адмысловаму сцэнарыю: вучні «прыляталі» на яго на імправізаваных бартах самалётаў, самі і з дапамогай бацькоў і гасцей адказвалі на жартоўныя загадкі, выконвалі песні, чыталі вершы, танцавалі. Па-за ўвагай не засталося, бадай, ніводнае дзіця, на адрас кожнага ў дырэктара школы Н.М. Яфрэмавай знайшліся цёплае слова, сувенір, грамата, падзяка (ну вельмі выдатныя выраслі дзеці!), як і для самых актыўных бацькоў — дапамагатых школе. Пранікліся падзякай да сваіх настаўнікаў чацвёра вархоўскіх выпускнікоў 9-га класа. З надзеяй на тое, што лёс будзе ласкавы да іх, глядзела ў гэты дзень на іх родная вёска.
Няхай усім маладым, якія адыходзяць са школьных парогаў, шчасціць! Няхай іхнія  шляхі будуць прамымі і шырокімі, галовы — халоднымі, а сэрцы — гарачымі!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *