«Рэцэпт добрага настрою» —

Актуальное

такі справаздачны канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці Гарадоцкага цэнтра дзяцей і моладзі стаў яскравым акордам у рамках праводзімай у раёне з 11 па 31 мая рэспубліканскай акцыі «Беларусь супраць тытуню». Шэраг мерапрыемстваў, праведзеных ЦДіМ сумесна з РЦГіЭ, 29 мая завяршыўся на сцэне Гарадоцкага ГДК сапраўдным шоу. Здольныя, энергічныя, няўрымслівыя дзеці, падлеткі, маладыя людзі яшчэ раз падкрэслілі: жыццё прыгожае, і замест шкодных звычак лепей знаходзіць творчыя справы сабе па душы.koncert

  На тэатралізаваным канцэрце юныя кухараты-вядучыя даводзілі, з чаго складаецца добры настрой, якой «прыправы» дадаць, каб упрыгожыць свае будні, як аздобіць жыццё яркімі фарбамі. Вывераны рэцэпт пацвярджалі шматлікія танцавальныя і вакальныя калектывы. Цяжка было паверыць, што за такім вынікам стаіць работа ўсяго двух іх кіраўнікоў — харэографа Ліліі Генадзьеўны Антоненкі і педагога па вакалу Ліліі Віктараўны Сцяпанавай. Гэта сапраўдныя прафесіяналы і энтузіясты, якія сваёй натхнёнасцю захопліваюць не толькі выхаванцаў, але і іх бацькоў: менавіта з дапамогай мам і тат майструюцца адмысловыя канцэртныя касцюмы юных артыстаў.
Нішто так не кранае душу, як добрая песня, а яны адна за адной ліліся ў выкананні салістаў, дуэтаў, вакальных груп «Домисолька», «Вясёлыя ноткі», «Вясна», «Шалунишки», «Мікс». koncert-1
Тэатр танца «Феерыя» здзіўляў кожным выхадам на сцэну. Розныя ўзроставыя групы танцавалі ў вобразах  цацак, любімых лялек, казачных персанажаў, маракоў. Старэйшыя стрункія танцоркі ў сваіх кампазіцыях прымяраліся, як стаць ваяўнічымі амазонкамі і палкімі іспанкамі, энергічнымі амерыканкамі і млявымі францужанкамі, вытанчанымі тургенеўскім дзяўчатамі і гарачымі бразільянкамі.
Падводзячы вынікі мінулага навучальнага года ў ЦДіМ, яго дырэктар Г.А. Сімурова падкрэсліла, што ён быў насычаным, плённым, падзякавала за сумесную працу і творчасць калегам, бацькам, выхаванцам. Тым семнаццаці з іх, што сёлета заканчваюць агульнаадукацыйную школу, а значыць, паедуць вучыцца далей, Галіна Аляксандраўна ўручыла граматы і параіла працягваць сябраваць з творчасцю ўсё жыццё.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: сумесны нумар вакальных груп;
  «Феерыя» танцуе джаз.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *